Абласныя “Дажынкі” адсвяткавалі ў Іванава

дажынкі

“НЯХАЙ НАС РАДУЕ ХЛЕБНАЯ НІВА!” —
гэта пажаданне старшыні аблвыканкама Анатоля Ліса прагучала падчас адкрыцця абласнога свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2015”, якое ў мінулую суботу адзвінела ў старажытным Іванава.
А ніва і насамрэч сёлета была шчодрай. Больш як 1 мільён 400 тысяч тон збожжа атрымалі сёлета хлебаробы Брэстчыны. Кожны гектар даў па 41,5 цэнтнера адборнага зерня. “Жніво паказала нашы сілы і магчымасці, дало пэўныя ўрокі. Абапіраючыся на гэты вопыт, будзем імкнуцца да новых вынікаў, тым больш, што рэзервы для гэтага ёсць”, — сказаў Анатоль Васільевіч. Адначасова кіраўнік вобласці адзначыў, што будучы год будзе годам тэхналагічнай дысцыпліны і культуры земляробства, а таму асноўны ўпор неабходна зрабіць на строгае захаванне тэхналогіі вытворчасці, навядзенне парадку на зямлі, дысцыпліну і кваліфікаваныя кадры. Ён шчыра падзякаваў земляробаў за нялёгкую і высакародную працу і лепшым з лепшых уручыў заслужаныя ўзнагароды. Разам з іншымі прымаў яе з рук губернатара і наш зямляк – вадзіцель з СВК “Гарадоцкі” Мікалай Кіндрук, які заняў першае месца ў вобласці на адвозцы зерня ад камбайнаў.
Цёплыя словы працаўнікам вёскі адрасаваў першы намеснік Міністра сельскай гаспадаркі Леанід Марыніч, які назваў Брэстчыну флагманам у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў краіне. Узнагароды пераможцам уручалі першы намеснік старшыні аблвыканкама Мікалай Токар, упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці, старшыня Белкаапсаюза Валерый Іваноў, старшыня дзяржаўнага камітэта па маёмасці Андрэй Гаеў, кіраўнік абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Басалай, старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Міхаіл Юхімук, старшыня абласнога аграпрамысловага саюза Міхаіл Страбко і іншыя.
А пасля лепшыя мастацкія калектывы дарылі сваю творчасць гасцям свята. Разам з іншымі віншаванні прымала і дэлегацыя Лунінеччыны на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Пачко.
Непазнавальна змяніўся да свята палескі гарадок Іванава.Другое дыханне атрымалі шматлікія аб’екты сацыяльнай сферы, сярод якіх дыхтоўныя школы, новы Цэнтр культуры і народных традыцый, дзіцячая кансультацыя, сучасныя магазіны, капітальна адрамантаваныя дамы, новыя інжынерныя сеткі. На добраўпарадкаваных вуліцах, якія, здавалася, яшчэ неслі пах свежага асфальту, размясціліся гандлёвыя рады. Выгадна вызначалася сярод іх наша раённае спажывецкае таварыства. Давялося пачуць нямала станоўчых водгукаў і пра густ у афармленні гандлёвых палатак, і пра шырокі асартымент прапаноўваемых ласункаў.
Даспадобы гасцям свята прышліся і таленты лунінецкай зямлі. Цёпла прымалі гледачы вядомах далёка за межамі нашага раёна “Шляхцічаў”, “Весніцу”, “Прымакоў”, спевакоў Максіма Перапёлкіна, Генадзя Шэўчыка, Івана Бушылу і многіх іншых, хто захоплена дарыў свае песні “Дажынкам-2015”.
Бліжэй да вечара неспадзявана пайшоў дождж. Аднак тых, хто прыйшоў на свята, ён не спалохаў. Як не спалохала непагадзь і выпрабаванні мужных хлебаробаў, якія выпрабаванням прыроды здолелі супрацьпаставіць сваё ўменне працаваць на зямлі. Яны заслужылі гэтае свята, што даўно стала сімвалам адзінства беларусаў.

Add Comment

Войти с помощью: