Чаму хварэюць «пятачкі»?

поросята

Насцярожвае падзеж свіней у некаторых вёсках раёна. Ці не выклікана гэта якой-небудзь інфекцыяй, накшталт афрыканскай чумы?

Вольга КАНАНОВІЧ. в. Лахва.

Адказвае загадчыца раённай ветэрынарнай лабараторыі Лідзія ДЭЙЛІД:

– Выпадкі падзяжу свіней назіраліся ў вёсках Красная Воля, Барсукова, Манасеева і Перунова. Аднак гаспадары прыватных падворкаў своечасова не паведамілі аб іх у дзяржаўную ветэрынарную службу раёна, таму ніякіх лабараторных даследаванняў не праводзілася. Хачу сказаць, што высокую смяротнасць жывёлін можа выклі-каць не толькі АЧС, але і іншыя інфекцыі. Небяспечны такія захворванні як рожа, пасцералёз і многія іншыя.

Спецыялісты раённай ветэрынарнай службы выязджалі ў названыя вёскі, высвятлялі сітуацыю на месцы, праводзілі растлумачальную работу з насельніцтвам.

Загадчык участковай ветэрынарнай

лячэбніцы г. Лунінца Міхаіл НЕСЦЯРОВІЧ:

– Наведалі некаторыя падворкі, дзе яшчэ застаюцца хворыя жывёліны. Так, у аднаго з жыхароў  Краснай Волі свіней лечыць мясцовы вет-урач. Праверылі назначэнні лекаў, дабавілі новыя прэпараты, і сітуацыя нармалізавалася. Свінні ў названых вёсках дагэтуль застаюцца пад нпільным кантролем. Праўда, не ўсе жыхары ідуць на кантакт з ветслужбай і па-ранейшаму займаюцца самалячэннем, што недаравальна. Дыягназ “афрыканская чума свіней” можа паставіць толькі рэспубліканскі “Белдзяржветцэнтр”. Туды мы рэгулярна дастаўляем пробы, адабраныя з туш, як дзікоў так і свіней з прыватнага і грамадскага сектара. Ні ў адной з іх не было выяўлена інфекцыі АЧС.

У той жа час лішняя перасцярога ніколі не пашкодзіць. Калі вы трымаеце свіней на прыватным падворку, строга захоўвайце існуючыя ветэрынарныя правілы. У выпадках захворвання жывёлін ці іх падзяжу звяртайцеся ва ўчастковыя ветлячэбніцы, якія ёсць у Лунінцы, Мікашэвічах, Лахве і Дзятлавічах, паведамляйце таксама і ў райветстанцыю на нумары тэлефонаў: 6-26-80, 2-13-06.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: