Даўжнік Радзімы

суд

На мінулым тыдні юнака, які вырашыў “адкасіць” ад арміі, судзілі прама на сцэне сельскагаспадарчага каледжа перад натоўпам гледачоў, якія сюды прыйшлі як у тэатр. Такія выязныя пасяджэнні суда і пракуратуры з нагоды прыцягнення «ўкланістаў» да адказнасці сталі ўжо традыцыяй.

Калі ў суправаджэнні канвоя паявіўся падсудны, усталявалася цішыня, а ў матулі 20-гадовага прызыўніка паявіліся слёзы.

“Устаць, суд ідзе!” – абвясціла сакратар. Здаецца, толькі цяпер некаторыя зразумелі, што гэта – не інсцэніроўка, а рэальная падзея з сапраўднымі дзеючымі асобамі.

Суддзя Міхаіл Дзенісовіч растлумачыў правы і абавязкі падсуднага. Абвінавачванне падтрымлівала Марына Грабовіч. Як высветлілася, Раман Мікалаеў (імя і прозвішча зменены – А.Д.) пасля заканчэння мікашэвіцкай СШ №2 паступіў у адзін са ста-лічных каледжаў, каб атрымаць прафесію повара. Аднак, “заваліўшы” сесію, быў выключаны з навучальнай установы. У красавіку гэтага года яго запрасілі ў Мікашэвіцкі гарвыканкам і ўручылі павестку, каб ён з’явіўся ў ваенкамат на медыцынскі агляд. Аднак, малады чалавек праігнараваў “запрашэнне” і наўмысна паехаў у Расію на заробкі.

Начальнік аддзялення прызыву райваенкамата Аляксандр Цялушка паведаміў, што юнак быў прыняты на воінскі ўлік у лютым 2011 года. У сувязі з навучаннем меў адтэрміноўку. Калі Раман не з’явіўся па павестцы, звязаліся з маці, якая адказала, што не ведае, дзе яе сын. Да заканчэння прызыўной кампаніі ён так і не паявіўся ў ваенкамаце. У сувязі з гэтым матэрыялы былі перада-дзены ў пракуратуру, і ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 435 Крымінальнага кодэкса.

У ліпені Раман вярнуўся з заробкаў і дабравольна прыйшоў у аддзяленне міліцыі. Улічваючы, што малады чалавек меў адмоўную характарыстыку з месца вучобы, неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства і паяўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане, знаходзіўся на ўліку ў нарколага, яго ўзялі пад варту, даўшы час на роздум. Цяпер ён шкадуе аб тым, што так здарылася. “Я вінаваты, але хачу на свабоду”, – менавіта гэта просьба ўтрымлівалася ў апошнім слове абвінавачванага.

У сувязі з тым, што юнак сваю віну прызнаў цалкам, суд прыгаварыў яго да двух месяцаў арышту. Дарэчы, артыкул 435 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу”, па якой была ўзбу-джана крымінальная справа, прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, або арышту на тэрмін да шасці месяцаў, або абмежаванне волі на тэрмін да двух год, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.

Калі суддзя агучыў пакаранне, хтосьці прашаптаў таварышу: “Ну, два месяцы – не два гады”. Так, толькі гэта ў любым выпадку крымінальная справа, якая ляжа грузам на будучыню. Служыць ці адбываць тэрмін зняволення – кожны павінен вырашыць сам.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: