Дабрабыт умацуе сямейны капітал

малой

З пачатку года ў Беларусі былі ўведзены дадатковыя меры дзяржаўнай падтрымкі маладых сем’яў з мэтай палепшыць дэмаграфічную сітуацыю ў краіне шляхам фінансавага стымулявання нараджальнасці. Галоўнымі навацыямі адпаведнага Указа сталі сямейны капітал і новы від дзіцячай дапамогі. Функцыі назначэння першага ўскладзены на супрацоўнікаў Лунінецкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Гутарым з загадчыцай аддзялення першаснага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназавання Вольгай БОГДАН:

– Што такое “сямейны капітал”?

– Гэта безнаяўныя грашовыя сродкі памерам 10 тысяч долараў ЗША, якія прадастаўляюцца сем’ям для выкарыстання ў Беларусі ў поўным аб’ёме ці па частках у безнаяўным парадку. Размяшчаюцца на дэпазітных рахунках грамадзян у ААТ “АСБ “Беларусбанк”. Яго назначэнне і выплата рэгулююцца наступнымі нарматыўнымі прававымі актамі: Указ Прэзідэнта №572 ад 09.12.2014 г. “Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей”; Палажэнне аб адзінаразовым прадастаўленні сем’ям безнаяўных грашовых сродкаў пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга ці наступных дзяцей; Пастанова Савета Міністраў №128 ад 24.02.2015 г. “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку і ўмовах назначэння, фінансавання (пералічэння), распараджэння сродкамі сямейнага капіталу”.

– Хто і як можа скарыстацца гэтымі грашамі?

– Права на іх распара-джэнне ўзнікае праз 18 год з даты нараджэння дзіцяці, у сувязі з нараджэннем, усынаўленнем (удачарэннем) якога сям’я набыла права на назначэнне сямейнага капіталу. Звярнуцца за імі трэба ў 3-гадовы тэрмін пасля паўналецця (у тых, хто не паспее, капітал падлягае вяртанню ў даход рэспубліканскага бюджэту). Больш таго, патраціць грошы неабходна на працягу 5 год з моманту падачы заявы аб распараджэнні (у выпадку невыкарыстання сродкаў у поўным аб’ёме яны зноў-такі падлягаюць вяртанню).

Зрасходаваць суму дазваляецца выключна безнаяўным шляхам, цалкам ці часткамі на пэўныя мэты: палепшыць жыллёвыя ўмовы, атрымаць адукацыю і паслугі сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя, фарміраваць накапляльную (дадатковую) пенсію маці (мачахі) у поўнай сям’і, аднаго з бацькоў – у няпоўнай. Адзінае выключэнне, па якому можна атрымаць грошы датэрмінова (цалкам ці часткова), незалежна ад перыяду часу, прайшоўшага з даты назначэння капіталу, – атрыманне членам (членамі) сям’і платных медыцынскіх паслуг. Толькі яно павінна праходзіць у Беларусі і па заключэнню ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі, якая будзе кіравацца пералікам дыягназаў, зацверджаных Міністэрствам аховы здароўя.

– Ці можна аднаму распарадзіцца сямейным капіталам?

– Так, але патрабуецца натарыяльна завераная згода ўсіх членаў сям’і. І перш, чым звярнуцца ў органы сацыяльнай абароны, трэба вызначыць распарадчыка. Калі члены сям’і будуць спрачацца за гэтае права, сямейны капітал размяркуюць паміж імі ў роўных долях.

У выпадку нямэтавага выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу (з прычыны прадастаўлення дакументаў з загадзя ілжывымі звесткамі, непрадастаўлення звестак і (ці) дакументаў аб абставінах, якія ўплываюць на размеркаванне грошай, у іншых выпадках) яны падлягаюць вяртанню. Калі ж сям’я адмовіцца добраахвотна гэта зрабіць, грошы будуць спагнаны ў судовым парадку.

– У якой валюце прадастаўляецца сямейны капітал і хто мае на яго права?

– Фінансаванне расходаў на яго выплату робіцца ў доларах ЗША. Права на назначэнне маюць грамадзяне, пастаянна пражываючыя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь: маці (мачаха) у поўнай сям’і, адзін з бацькоў – у няпоўнай, усынавіцель (удачарыцель), пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга ці наступных дзяцей у перыяд з 1 студзеня 2015 года па 31 снежня 2019 года, калі з улі-кам нованароджанага, усыноўленага (удачаронага) у сям’і выхоўваецца не менш як тры дзіцяці ва ўзросце да 18 год. Рэалізаваць права на назначэнне сямейнага капіталу можна толькі адзін раз.

– Ці зменіцца яго памер у сувязі з колькаснымі пераменамі ў складзе сям’і?

– Не зменіцца.

– З яго трэба плаціць падаходны падатак? Можна перадаць у спадчыну?

– Сродкі сямейнага капі-талу вызваляюцца ад падаткаў і не перадаюцца спадчыннікам.

– Куды і з якімі дакументамі звяртацца за назначэннем сямейнага капіталу?

– На працягу 6 месяцаў з даты нараджэння, усынаўлення (удачарэння) трэцяга і наступных дзяцей неабходна прыйсці ў кабінет №100 райвыканкама (г. Лунінец, вул. Чырвоная, 1). Пры сабе мець пашпарт, заяву, пасведчанні: аб нараджэнні ўсіх непаўналетніх дзяцей, улічваемых у складзе сям’і, аб рэгістрацыі шлюбу і дакумент, які засведчвае асобу мужа/жонкі – у поўнай сям’і; аб смерці мужа/жонкі, копію рашэння суда аб скасаванні шлюбу ці іншыя дакументы, якія пацвярджаюць катэгорыю няпоўнай сям’і; копію рашэння суда аб усынаўленні – для усынавіцеляў; пагадненне аб дзецях, копіі рашэнняў суда – аб вызначэнні аднаго з бацькоў, з якім пражывае дзіця (дзеці), пазбаўленні бацькоўскіх правоў, вышуквання аліментаў і г.д. Рашэнне аб назначэнні (адмове) сямейнага капіталу прымаецца ў месячны тэрмін з дня падачы адпаведнай заявы. Плата за ажыццяўленне адміністрацыйнай працэдуры не бярэцца.

Па стану на 07.09.2015 года на Лунінеччыне разгледжаны 97 заяў, адкрыта 68 дэпазітных рахункаў.

Add Comment

Войти с помощью: