“Дзякуй, што вы забралі дзяцей…”

соп

Ніякай памылкі ў загалоўку няма. Так сказала жанчына, якой у нейкі момант гарэлка і амаральны лад жыцця сталі даражэй за шчаслівыя ўсмешкі сыноў і дачок. Толькі калі малых адправілі ў сацыяльны прытулак, эйфарыя бесклапотнасці гора-маці закончылася. Усвядоміўшы ўсю бездань, куды трапіла сям’я, бацькі зрабілі рамонт у доме, уладкаваліся працаваць, перасталі зазіраць у чарку. І неўзабаве з-за шчарбатай драўлянай агароджы суседзі зноў чулі вясёлы гоман дзетвары…
Шмат падобных гісторый ведаюць супрацоўнікі РАУС і пракуратуры, а таксама камісіі па справах непаўналетніх пры райвыканкаме, якія строга сочаць за выкананнем Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24.11.2006 г. №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. Па стану на 01.09.2015 года, сацыяльна небяспечным прызнана становішча 122 дзяцей з 59 сямей. Такія лічбы прывяла сацыяльны педагог з сацыяльна-педагагічнага цэнтра Лунінецкага раёна Святлана Сыціна падчас чарговага рэйду, арганізаванага пракуратурай. Акрамя яе, па трывожных адрасах накіраваліся памочнік пракурора Марына Грабовіч, старшыня камісіі па справах непаўналетніх Вольга Калугіна, начальнік ІСН Вадзім Каржаневіч і журналіст “ЛН”.
Спачатку завіталі ў адну са шматпавярховак у Заводскім раёне райцэнтра. Сям’я не прызнана нядобранадзейнай, хаця смуродны пах, раскіданыя па пакоях рэчы былі красамоўней за тлумачэнні бацькоў аб належным выкананні сваіх абавязкаў. Госці яшчэ раз удакладнілі звесткі пра семярых дзяцей, спыталі пра сацыяльную дапамогу да навучальнага года, якую сям’і аказалі напярэдадні 1 верасня.
У Кажан-Гарадку каля патрэбнага нам дома сустрэлі толькі хлопчыка, астатнія чацвёра дзяцей былі ў школе. Падлетак расказаў, што бацькі паехалі ў Лунінец, па якіх патрэбах – не ведае. На свае заняткі пойдзе на другую змену. Нават прадэманстраваў прыгожы рукзак і новыя падручнікі. Урокі вучыць тут жа ў пакоі, дзе акрамя стала размешчаны 2 ложкі і 2 канапы. Драўляная падлога даўно не бачыла ўборкі, ад шпалераў засталася хіба што назва, халадзільніка няма… Мы прыехалі апоўдні, а юны вясковец еў толькі “ролтан”… Радаваўся, што хоць у школе пакормяць яшчэ раз.
Дагледжаныя сядзіба і двор у Лахве ніяк не сведчылі, што тут жыве нядобранадзейная сям’я. Прыгожыя кветкі, белыя фіранкі на вокнах, спадарожнікавая антэна, градкі з агароднінай… Здаецца, жыві, радуйся, гадуй чацвярых нашчадкаў. Але схільны да сварак бацька так не думае… На жаль, замок на ўваходных дзвярах спыніў далейшы шлях удзельнікаў рэйду.
Па прычыне адсутнасці
гаспадароў не сустрэліся з сям’ёй у Лахаўцы, двое дзяцей якіх знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Тата – інвалід-калясачнік, маці… Суседкі, што сядзелі на лавачцы перад хатай, нават называць жанчыну такім словам адмовіліся: “Ходзіць, невядома дзе, кідае мужа, дзяцей на некалькі дзён… Халодныя, галодныя… Яны бегаюць да нас, просяць паесці. Вядома ж, не адмаўляем. Яшчэ як свякроў была жывая, бульбу ім пасадзіла. А цяпер не стала, дык усё зарасло бур’яном па пояс… Ні цыбулі, ні агурка. Хай Бог не дае!”.
Да адной са шматпавярховак прыехалі ў Мікашэвічах. У жанчыны – трое дзяцей. Старэйшая – паўналетняя, выйшла замуж і асталявалася ў адным з курортных гарадоў Расійскай Федэрацыі. Сын жыве з ёй, другі – з бацькам у Лунінцы. Не перадаць словамі адчуванне, калі маці з цяжкасцю прыгадвала, у якіх класе і школе вучыцца той “другі”. Сувязь з ім патрымлівае толькі тэлефонную. Пытанне, ці дастаткова званка для выхавання, засталося без адказу…
Мы наведалі яшчэ некалькі адрасоў у Мікашэвічах і Лунінцы. Сітуацыя ў іх застаецца на кантролі. Па выніках рэйду вырашана падрыхтаваць дакументы на прызнанне дзяцей у адной сям’і знаходзячыміся ў сацыяльна небяспечным становішчы, у другой – маючых патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Работа ў дадзеным напрамку будзе працягвацца.

Add Comment

Войти с помощью: