Канікулы — для заробкаў

Падчас летніх канікул многія школьнікі і студэнты працаўладкоўваюцца ў розныя арганізацыі і на прадпрыемствы, каб зарабіць уласныя грошы.

У адпаведнасці з заканадаўствам, па дасягненні 16 год падлеткі маюць права на самастойную працоўную дзейнасць.

Згодна з артыкулам 21 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, заключэнне працоўнага дагавора дапускаецца з асобамі, якія дасягнулі менавіта гэтага ўзросту. З пісьмовай згоды аднаго з бацькоў (усынавіцеля, папячыцеля) дапускаецца заключэнне працоўнага дагавора і з 14-гадовымі дзецьмі для выканання лёгкай працы, якая не прычыняе шкоды здароўю і не перашкаджае наведванню агульнаадукацыйнай установы ці той, дзе атрымлівае прафесійна-тэхнічную адукацыію. Непаўналетнія ў працоўных праваадносінах прыраўноўваюцца ў правах да паўналетніх, а ў галіне аховы працы, працоўнага часу і адпачынку карыстаюцца дадатковымі гарантыямі. Наймальнікі, якія бяруць на працу асоб маладзей 18 год, абавязаны няўхільна выконваць патрабаванні заканадаўства ў дачыненні да такіх асоб.

Праведзенымі пракуратурай праверкамі ўстаноўлена, што не ўсе работадаўцы прытрымліваюцца адпаведнага заканадаўства. У прыватнасці, у многіх сельскагаспадарчых арганізацыях раёна маюць месца факты прыцягнення непаўналетніх да работы ў выхадныя дні, у той час, як артыкулам 276 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь гэта недапушчальна.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: