Падзяліся сваёй дабрынёй

акция

Хворыя дзеткі маюць патрэбу ў радасці не менш, а, магчыма, і больш, чым здаровыя. Дрэннае самаадчуванне адступае, калі чалавека перапаўняюць станоўчыя эмоцыі. Дабрачынная акцыя БРСМ «У школу – з добрым сэрцам» праводзіцца ў раёне не першы год. Яна накіравана на аказанне адраснай сацыяльнай падтрымкі дзецям з мнагадзетных, няпоўных сем’яў, інтэрнатных устаноў, а таксама тых, што трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю.

Актывісты з Вялікачучавіцкай СШ падарылі шчасце дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Разам з дырэктарам ЦКРНіР Ірынай Яцукевіч прайшлі па ўтульных, прыбраных пакоях цэнтра і ўбачылі, як педагогі і медыцынскія работнікі клапоцяцца аб выхаванцах. 23 хлопчыкі і дзяўчынкі праходзяць тут пастаянную рэабілітацыю, усяго ж наведваюць установу каля 40. Усе яны вельмі любяць святы, таму шчыра радаваліся гасцям, якія ўручылі шмат падарункаў, закупленых на сабраныя сродкі.

– Дзеці павінны атрым-ліваць увагу, клопат. Спа-дзяемся, і мы падарылі кропельку радасці, – расказаў в.а. першага сакратара райкама БРСМ Ігар Гаргун. – Мы будзем і далей наведваць ЦКРНіР, уручаць падарункі і прыносіць з сабой добры настрой.

Яркае сонейка на вуліцы, шчырыя ўсмешкі на тварах дзяцей, моманты чакання, што ж знаходзіцца ў пакетах, і словы падзякі ў адрас валанцёраў – усё гэта напоўніла сэрцы пазітывам і добрым настроем. Няхай і не надоўга, але тут забыліся пра хваробы і праблемы.

Акцыя пакінула ў школьнікаў адчуванне бясконцай цеплыні і дапамагла зразумець, што зрабілі нешта важнае і патрэбнае – падарылі сваю дабрыню тым, каму гэта так неабходна!

Add Comment

Войти с помощью: