Пахнуць далоні кропам зялёным

 

бабцяКалі ўзнікае жаданне прыгатаваць свежы боршч, а для гэтага не хапае неабходных прадуктаў, кожны з нас, у першую чаргу, накіроўваецца на рынак. Там ад ранняй вясны і да позняй восені гандляры прапаноўваюць зяленіва, цыбулю, бульбу. За невялікімі столікамі, разлажыўшы немудрагелістыя запасы, яны штодзённа сядзяць у чаканні свайго пакупніка. Часам тавар прадаецца хутка, іншы раз наадварот, даводзіцца ўсё забіраць дадому. Непрадказальны закон рынку, хай сабе і ў такой сціплай форме…

Марыя ГАРГУН прапісана ў Вульцы 2, але апошнія 10 год больш знаходзіцца ў райцэнтры, чым дома. Некалі дачка папрасіла маму дапамагчы з доглядам за дзецьмі, ды так яны і засталіся жыць разам. Малыя хутка падраслі, вольнага часу пабольшала, таму Марыя Апанасаўна занялася дачай і вялікім агародам. У старанных руках атрымаўся нядрэнны ўраджай, рэалізаваць які знаёмыя параілі на рынку, дзе свежая прадукцыя заўсёды карыстаецца попытам.

Спачатку было нязвыкла і ніякавата сядзець у людным месцы з пучкамі кропу, салаты і радыскі. Калі праходзіў міма хто са знаёмых, станавілася нават крыху сорамна за свой новы занятак. Але паступова асвоілася з суседкамі па “бізнесу” і стала весялей. Агародніны пабольшала, прывозіла раннія агуркі і маладую бульбу. Прадукцыя ў некалькі кілаграмаў прадавалася хутка, за выручаныя, хай невялікія  грошы, тут жа можна было купіць неабходныя прадукты для ўсёй сям’і.

Цікавасць да любімай справы і жаданне быць сярод людзей дапамагалі жанчыне не адчуваць свой пенсійны ўзрост, які надышоў, як заўсёды, неспа-дзявана. А да гэтага давялося паспрабаваць не толькі лёгкага хлеба…

Родам Марыя Апанасаўна з Іванава. Пасля заканчэння школы вучылася ў Баранавічах у тэхнікуме лёгкай прамысловасці, на работу накіравалі швачкай-матарысткай у Пінск. Зусім выпадкова, прыехаўшы да брата ў Лунінец, сустрэла будучага мужа Івана, разам з якім апынуліся ў Гомелі. Два гады працавала там на фабрыцы “8 Сакавіка”, дзе таксама займалася пашывам адзення.

Думка пераехаць у Вульку 2, на малую радзіму мужа, узнікла на падставе таго, што ў абласным горадзе не было перспектывы атрымаць жыллё. У вёсцы на той час жылося нядрэнна, тут маладым спадабалася, таму адразу пачалі ўзводзіць свой дом. Нарадзіліся сын і дзве дачушкі, догляд за якімі маладая мама сумяшчала з работай у якасці палявода ў мясцовым калгасе. Уладкавацца па спецыяльнасці швачкі тут не было магчымасці. Але і шкадаваць аб гэтым не хапала часу сярод паўсядзённых клопатаў, бо трымалі вялікую дапаможную гаспадарку, выро-шчвалі клубніцы і бульбу.

Не ўсё было светла на жыццёвым небасхіле, але цяпер Марыя Апанасаўна не хоча вяртацца ў набалелае. 10 год таму яна пахавала мужа і засталася ў родным доме ў поўнай адзіноце, бо дзеці ўжо выраслі і стварылі свае сем’і. Людміла і Анатоль пасяліліся ў Лунінцы, Таццяна жыве ў Бродніцы. Тут і прыйшла своечасовая прапанова дачкі паглядзець малых, бо ёй не выпадала заставацца ў дэкрэтным водпуску, прасілі хутчэй вярнуцца на работу.

Будучы сама з мнагадзетнай сям’і, дзе гадавалася сямёра дзяцей, жанчына рада, што мае 10 унукаў. Калі старэйшыя сын і дачка падарылі пяцёра на дваіх, то ў Таццяны столькі ж – у адной. Самай маленькай Дашцы ідзе толькі дзявяты месяц.

Для Марыі Апанасаўны адпачынак наступае зімой, калі зямля ўкрываецца снегам, і няма больш ніякай справы па гаспадарцы. Раней не сумавала і змрочнымі вечарамі, бо вельмі любіла вышываць. Нават раніцай, пакуль дровы дагаралі ў печы, дзе рыхтавалася снеданне, паспявала пасядзець некалькі хвілін над любімым узорам. А пасля адкладвала захапленне і спяшалася на калгасную машыну, якая везла рабочых у поле.

Цяпер больш спакойна, можна з самага ранку заняцца справамі на агародзе, без якога ўжо немагчыма ўявіць распарадак дня. Гэтае трэба паліць, тое – прапалоць, трэцяе – перасадзіць… “Маё хобі!” – жартуе жанчына, з любасцю папраўляючы схіленую галінку ці вырываючы надакучлівае пустазелле. А калі ўсё зроблена, можна з вя-дзерцам накіравацца ў лес за чарніцамі, збіраць якія – таксама адно задавальненне. Каб у двары не адчувалася пустаты, а тым больш прывыкшы ў маладосці да вясковага ладу жыцця, кожнае лета гадуе вялікую колькасць бройлераў. І карыснае мяса на стале, і занятак каля птушкі – у радасць.

Не менш клопатаў і любові аддае клумбам, якія стракацяць сапраўднай вясёлкай. Тут размясціліся розныя сарты кветак, здзіўляючы прыемным водарам і радуючы сваёй непаўторнасцю. Далікатныя духмяныя расліны нібы адчуваюць шчырыя адносіны гаспадыні і цвітуць да самых замаразкаў.

Сядзець у спякотныя дні на рынку, калі сонца гадзінамі пячэ прама ў галаву і няма магчымасці схавацца ў цень, не надта прыемна. Марыя Апанасаўна вырашае праблему з дапамогай парасона, пад якім выглядае даволі рамантычна. Нібы з вокладкі кнігі сышла гераіня старадаўняга рамана. Блакітны колер вачэй, светлыя валасы, прыязная ўсмешка якраз дапасоўваюць да такога незвычайнага вобраза.

А калі вечарэе і справы даўно скончаны, часам адольвае лёгкі сум. Магчыма, ад нечага няспраўджанага, ці даўно адбалелага. Але гэта толькі на імгненне. Любоў дзяцей дадае жыццёвых сіл, смех унукаў сагравае цяплом, кветкі супакойваюць мяккім водарам. І зноў у жаночай душы спакайнее. З’яўляецца жаданне займацца прывычнымі клопатамі, якія зусім не прыкметныя на фоне сусвету, але важныя і патрэбныя для канкрэтнага чалавека.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: