Персаніфікаваны ўлік: дакументы запаўняем правільна

бумаги

Як паказвае практыка, у плацельшчыкаў страхавых узносаў узнікае шмат пытанняў пры запаўненні дакументаў персаніфікаванага ўліку, якія павінны адпавядаць патрабаванням Інструкцыі, зацверджанай пастановай праўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 19.06.2014 г. №7. Разгледзім самыя распаўсюджаныя выпадкі.
– Спецыяліст у арганізацыі выконвае работу па грамадзянска-прававому дагавору. Раней нідзе афіцыйна не працаваў і не мае пасведчання сацыяльнага страхавання. Якія дакументы і калі арганізацыя павінна прадаставіць у Фонд?
– Работніку аддзела кадраў неабходна падаць форму ПУ-1 “Рэгістрацыя” на працягу 5 рабочых дзён з даты заключэння дагавора. Форма ПУ-2 на фізічных асоб, якія працуюць па грамадзянска-прававому дагавору, не прадастаўляецца. Акрамя таго, у першым квартале трэба здаць форму ПУ-3 “Індывідуальныя звесткі”, якая ўтрымлівае інфармацыю аб заработнай плаце, налічаных страхавых узносаў, сумах дапамог па часовай непрацаздольнасці за справаздачны год.
– Жанчына выйшла замуж, памяняла пашпарт у сувязі з заменай прозвішча; або імя, імя па бацьку ці дата нараджэння ў пашпарце заменены ў адпаведнасці з дадзенымі пасведчання аб нараджэнні.
– У такіх выпадках запаўняецца форма ПУ-1 (тып – змяненне анкетных дадзеных) на працягу 5 рабочых дзён з даты звароту работніка ў аддзел кадраў і прадастаўлення новага пашпарта. У форме запаўняюцца толькі тыя радкі, якія змяніліся ў дакуменце, што пацвярджае асобу. Абавязкова запаўняюцца рэквізіт “грамадзянства” і раздзел “Звесткі, указаныя ў раней выдадзеным пасведчанні сацыяльнага страхавання”. Калі жанчына нідзе не працуе, ёй неабходна звярнуцца ў раённы аддзел ФСАН.
– Што рабіць у выпадку страты пасведчання сацыяльнага страхавання?
– Работніку неабходна звярнуцца з заявай да работадаўцы, які прадастаўляе ў орган Фонду дадзеныя для аднаўлення пасведчання. У форме запаўняюцца абавязкова рэквізіт “грамадзянства” і раздзел “Звесткі, указаныя ў раней выдадзеным пасведчанні сацыяльнага страхавання”. Калі застрахаваная асоба не працуе, варта звярнуцца ў раённы аддзел ФСАН з пашпартам.
– Іншаземец і асоба без грамадзянства, адпрацаваўшы на прадпрыемстве пэўны час, пажадалі быць сацыяльна застрахаванымі. Якую дату прыёму на работу адлюстроўваць у форме ПУ-2?
– Указаную ў заяве (але не раней даты падачы заявы) аб жаданні карыстацца сістэмай дзяржаўнага сацыяльнага страхавання Рэспублікі Беларусь (сацыяльнае ці сацыяльнае і пенсійнае страхаванне). З 1 студзеня 2015 года ў адпаведнасці з артыкулам 98 Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, уплата абавязковых страхавых узносаў на сацыяльнае страхаванне (6 працэнтаў) за грамадзян Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Казахстан і Рэспублікі Арменія, дзеючых у Беларусі па працоўных і грамадзянска-прававых дагаворах па цяперашні час, робіцца плацельшчыкам узносаў у абавязковым парадку (выяўленне жадання работнікаў аб удзеле ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання Рэспублікі Беларусь не патрабуецца). Па ўказаных асобах страхавацелям неабходна падаць у раённы аддзел ФСАН форму ПУ-2, дата прыёму на работу – 01.01.2015 г.
– Якія дакументы і калі трэба рабіць справаздачу па прынятых і (ці) звольненых работніках, якія падлягаюць прафесійнаму пенсійнаму страхаванню?
– Форма ПУ-2 “зыходная” прадастаўляецца адзін раз у квартал на працягу месяца, які ідзе за справаздачным кварталам. Па застрахаваных асобах, якія падлягаюць прафесійнаму пенсійнаму страхаванню, прынятых і (ці) звольненых з работы, указаны тып формы прадастаўляецца не пазней як 10 чысла месяца, які ідзе за справаздачным кварталам, і форма ПУ-6 “зыходная” – не пазней як 20 чысла месяца, які ідзе за справаздачным кварталам.
Па ўзнікаючых пытаннях персаніфікаванага ўліку можна звяртацца ў раённы аддзел ФСАН: г. Лунінец, вул. Я. Коласа, 50. Кантактныя тэлефоны: 3-10-07, 6-13-54.
Валянціна СМІРНОВА, намеснік начальніка раённага аддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: