Вёска — для моладзі, моладзь — для вёскі

14 верасня адбылася дзевятая сесія раённага Савета дэпутатаў ХХVIІ склікання. Правёў яе старшыня Віктар Рафаловіч. Удзел у рабоце сесіі бралі старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко, старшыня пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльнаму развіццю Мікалай Казаравец, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна Удавенка і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Верас.

Першым пытаннем парадку дня было абмеркаванне рэалізацыі ў раёне дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Як паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч, сёння на Лунінеччыне – 12435 чалавек ва ўзросце ад 14 да 30 год, а гэта – амаль 18 працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва. Пераважная большасць прадстаўнікоў маладога пакалення – амаль 60 працэнтаў – асталяваліся ў гарадах.

Расказаў дакладчык пра тое, як наладжана патрыятычнае выхаванне юных лунінчан, успомніўшы шматлікія акцыі і праекты да юбілею Вялікай Перамогі. Не абышоў увагай і тое, як ідзе сацыяльная падтрымка талена-вітай моладзі. А гэта – папулярны на Лунінеччыне алімпіядны рух, удзел у інтэлектуальных і творчых конкурсах, навукова-даследчая дзейнасць і многія іншыя накірункі. Сведчаннем плёну работы з падрастаючым пакаленнем сталі 116 дыпломаў рознай вартасці на прадметных алімпіядах. На заахвочванне іх уладальнікаў і настаўнікаў, якія падрыхтавалі пераможцаў, з раённага бю-джэту выдаткавана 102 мільёны рублёў. Акрамя гэтага, за апошнія пяць год 26 нашых землякоў сталі лаўрэатамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай пад-трымцы адораных вучняў.

Чырвоным радком у выступленні прагучала прафарыентацыйная і работа з маладымі спецыялістамі. Сёлета ў наш раён іх прыбыло 231 чалавек. Ці затрымаюцца яны ў палескай глыбінцы, пакажа час. Але ўжо сёння, па словах А.М. Захаркевіча, яскрава бачна праблема з замацаваннем моладзі на сяле. Выступаючы звярнуўся да кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, ад якіх у пэўнай ступені залежаць бытавая ўладкаванасць учарашніх студэнтаў, арганізацыя іх рабочага працэсу, правядзенне вольнага часу і, што вельмі важна, узровень заработнай платы. Магчыма, тады ў вёсках будуць заставацца не 40 працэнтаў, як цяпер, а значна больш маладых спецыялістаў.

Расказаў кіраўнік, які курыруе сацыяльную сферу, пра аднаўленне студэнцкіх атрадаў. Іх на Лунінеччыне сёлета было 23. Гэта нямала. Магчыма, таму ў Лунінцы і Мікашэвічах паўставала праблема прадастаўлення для іх паўнавартаснай работы, якая магла б забяспечыць годныя заробкі. Акрэсліў дакладчык і некаторыя іншыя праблемы, звязаныя з другаснай занятасцю моладзі.

Гаворачы пра маладзёжную палітыку, нельга было абысці ўвагай  падтрымку, якую аказвае дзяржава маладым сем’ям. Галоўная для іх праблема – жыллё. Сёння на Лунінеччыне ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў знаходзяцца 2376 чалавек ва ўзросце да 30 год. На працягу мінулага і бягучага гадоў ільготнымі крэдытамі на будаўніцтва ці рэканструкцыю дамоў і кватэр скарысталіся 129 сем’яў, у тым ліку 94 з падтрымкай дзяржавы здолелі набыць дах над галавой.

Расказаў Анатоль Захаркевіч пра тое, што робіцца ў раёне для арганізацыі вольнага часу моладзі, развіцця яе самасвядомасці, змяншэнню цягі да правапарушэнняў.

На гэтых праблемах акцэнтавала ўвагу дэпутат раённага Савета, старшыня пастаяннай камісіі па пытаннях сацыяльна-культурнай сферы і сацыяльнай абароне насель-ніцтва Таццяна Вайцяхоўская, якая выступіла з садакладам.  Прагучала прапанова вывучыць магчымасць адкрыцця на базе адной ці некалькіх лунінецкіх школ класаў прававога накірунку. Добрым прыкладам у справе можа служыць вопыт работы педагогаў СШ №2 г. Мікашэвічы, дзе з адкрыццём класаў падобнага кшталту да нуля зведзена падлеткавая злачыннасць.

Заклапочанасць гэтай праблемай, асабліва пагрозай распаўсюджвання ў мала-дзёжным асяродку наркатычнай атруты, выказалі і Мікалай Казаравец, і Аляксандр Пачко, і Валянціна Верас.

У прынятым рашэнні вызначаны канкрэтныя задачы структурным падраздзяленням органаў улады, раённаму аддзелу адукацыі, упраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, а таксама кіраўнікам шматлікіх прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый. Дарэчы, старшыня пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Казаравец заўважыў, што важна не толькі своечасова прымаць патрэбныя рашэнні, але і абавязкова кантраляваць ход іх выканання, а таму варта праз некаторы час вярнуцца да ўзнятых праблем.

Зацікаўленым было абмеркаванне ўзаемадзеяння органаў мясцовага кіравання і самакіравання па рэалізацыі на практыцы ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2007 г. “Аб забранні і прадастаўленні зямельных участкаў” і ад 4 ліпеня 2012 г. №294 “Аб парадку распараджэння дзяржаўнай маёмасцю”. Нягледзячы на звесткі, якія ўтрымлівала інфармацыя кіраўніка землеўпарадкавальнай службы Сяргея Чарненкі і начальніка аддзела эканомікі Андрэя Гулека, старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко выказаў незадаволенасць тым, як распараджаюцца зямлёй і маёмасцю ў раёне. На сесіі прагучала патрабаванне навесці парадак у гэтай важнай дзяржаўнай справе. Напрамую датычыла яно і старшыняў гарсельвыканкамаў, якім належыць трымаць пад увагай не толькі выдзяленне ўчасткаў пад будаўніцтва ці забранне тых, што не выкарыстоўваюцца, але і сачыць за лёсам будынкаў, выведзеных з дзяржаўнага карыстання. Пакуль у многіх населеных пунктах ёсць такія, што “дажываюць” свой век, так і не набыўшы новага гаспадара.

Дэпутаты разгледзелі іншыя пытанні. У прыватнасці, было зацверджана Палажэнне аб узнагародах раённага Савета дэпутатаў, якое рэгламентуе парадак узнагароджвання Ганаровай граматай Савета, Падзячным пісьмом, а таксама Падзякай старшыні раённага Савета. Аднадушна падтрымана ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у рашэнне райсавета “Аб раённым бю-джэце”, а таксама “Аб закупцы тавараў (работ, паслуг) за кошт уласных сродкаў”.

Рашэннем сесіі  ў межы горада Лунінца ўключаны 80 гектараў земляў з запасу для размяшчэння на іх раёна індывідуальнай забудовы па вуліцы Баханова.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.