“Я согласен на медаль…”

Жартаўлівыя радкі Васіля Цёркіна прыгадаліся, калі, удакладняючы інфармацыю па загінуўшых воінах, на сайце “Подвиг народа” знайшла звесткі аб узнагароджаннях людзей, маючых дачыненне да нашага краю.

У ліку чырвонаармейцаў-вызваліцеляў, якія навечна засталіся ў брацкіх магілах, ёсць і малодшы сяржант Іосіф Ігнатавіч Разанцаў. Ураджэнец Арлоўскай вобласці служыў сапёрам. 20 жніўня 1943 года быў адзначаны медалём “За баявыя заслугі”. У прадстаўленні да ўзнагароды ўказана: “Асабіста сам размініраваў і абяс-шкодзіў 11 асколачных процітанкавых мін праціўніка ў раёне прасоўвання палка, чым забяспечыў бесперашкоднае прасоўванне палка для выканання баявой задачы без страт”.

Яшчэ амаль год наканавана было служыць байцу з вельмі небяспечнай воінскай спецыяльнасцю. 8 ліпеня 1944 года пры вызваленні нашага раёна 36-гадовы Іосіф Разанцаў загінуў. Пахаваны ў брацкай магіле ў Лахве…

Прыкладна ў гэты ж час у Чырвоную Армію прызвалі ўраджэнца гэтай вёскі. Іван Андрэевіч Лусевіч, годна выконваў ратны абавязак, аб чым сведчыць прадстаўленне да ўзнагароды, згодна з якім “у баі 2 лютага 1945 года ў раёне в. Руты, будучы сувязным ад каманднага пункта да агнявых пазіцый, своечасова дастаўляў загады і адначасова ліквідаваў 9 парываў ліній сувязі”. Загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага салдат адзначаны медалём “За адвагу”. Цікава, ці атрымаў узнагароду? Ці паспеў панасіць на гімнасцёрцы? 18 сакавіка Іван Лусевіч загінуў. Пахаваны ў Латвіі.

Жыхары Лахвы па праву могуць ганарыцца сваім земляком. Хочацца спадзявацца, што вучні мясцовай школы зоймуцца пошукам звестак пра загінуўшых і пайшоўшых з жыцця ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай, каб памяць аб іх перадаць наступным пакаленням.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Add Comment

Войти с помощью: