Жыццёвыя калізіі — праз прызму закона

прокурор

Дапамагчы людзям разабрацца і з годнасцю выйсці з няпростых сітуацый імкнуўся пракурор вобласці Іван Наскевіч. Да яго на прыём, праведзены ў райвыканкаме, запісаліся 5 чалавек.

Першая наведвальніца скардзілася на неправамерныя дзеянні супрацоўнікаў РАУС, якія не вывучылі абставіны, што перашкаджаюць вызваліць яе сына ад пакарання са зняццем судзімасці, прасцей кажучы – прымяніць амністыю. Па асноўнаму пакаранню малады чалавек, які ўчыніў ДТЗ, а да гэтага меў каля двух дзясяткаў адміністрацыйных пакаранняў за парушэнне Правілаў дарожнага руху, вызвалены датэрмінова. Аднак, акрамя ўсяго іншага, ён пазбаўлены права кіраваць транспартнымі сродкамі на 3 гады. Пра тое, каб хутчэй вярнуць сыну пасведчанне вадзіцеля, і клапацілася маці. Справа накіравана на дадатковы разгляд.
З крыўдай на падчарыцу прыйшоў да пракурора жыхар адной з лунінецкіх вёсак. У свой час ён пакінуў першую сям’ю і сышоўся з іншай жанчынай. Не так даўно яна памерла. Яе дачка цырымоніцца з айчымам не стала і паказала таму на дзверы. Зрэшты, прэтэндаваць на якую б то ні было маёмасць вясковец не спрабуе: з першай жонкай развесціся і зарэгістраваць шлюб з другой так і не паспеў. “Ваюе” толькі за каня. Даказаць яго права на жывёліну можа суд, куды наведвальніку параілі звярнуцца.
Пра тое, што ў справах жыццёвых трэба своечасова наводзіць парадак, сведчыць наступная гісторыя. Змена ў прозвішчы адной толькі літары перашкодзіла сыну ўступіць у правы спадчынніка пасля смерці бацькі. Пра памылку ведалі даўно, аднак выправіць яе часу не ставала. Цяпер жа, каб аднавіць справядлівасць, трэба звяртацца ў суд. А гэта запатрабуе куды больш часу, сіл і сродкаў.
Можна толькі паспачуваць маладой жанчыне, якая звярнулася ў той дзень за матэрыяльнай дапамогай. Шэсць год таму інвалідам І групы ў выніку захворвання стаў муж. Сёння ён з цяжкасцю перасоўваецца па дому. Выхаванне дваіх дзяцей ды і ўвогуле ўтрыманне сям’і лягло на плечы гаспадыні. Прадугледжанымі законам спосабамі дзяржава падтрымлівае сям’ю. Вось і зноў ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ад гараджанкі ў чарговы раз прымуць заяву.
Разам з тым, І.Д. Наскевіч пацікавіўся, у выніку якога захворвання аказаўся інвалідам муж. Даведаўшыся, што, вобразна кажучы, і рукі, і галава ў чалавека на месцы, параіў не сядзець днямі ля камп’ютара, а паспрабаваць заняцца справай, якая дапамагла б утрымліваць сям’ю.
Быць абачлівымі пры заключэнні ўсемагчымых дагавораў, звязаных з фінансамі, вучыць гісторыя, якая адбылася ў маладой сям’і. Зараз жанчына знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзіцём, таму прыехала на малую радзіму. Але хутка мяркуе вярнуцца ў Пінск, дзе працуе і дзе з мужам узводзяць дом. За дапамогай у гэтай адказнай справе звярнуліся да адной з прыватных будаўнічых арганізацый. Яе “спецыялісты” так пабудавалі жыллё, што ў адзін з дзён другі паверх проста абрынуўся. Шматлікія судовыя інстанцыі не толькі вырашылі задаволіць іск жанчыны да гора-будаўнікоў, але і выявілі істотнае завышэнне кошту работ. Цяпер паўстала новая задача – спагнаць незаконна выплачаныя грошы з даўжнікоў. Зразумела, што на рахунках у такіх арганізацый, як правіла, сродкі не водзяц-ца. Пракурор вобласці паабяцаў даць даручэнне адпаведным пінскім структурам больш пільна вывучыць маёмасны стан заснавальнікаў таварыства з тым, каб справядлівасць усё-такі ўзяла верх, і грошы, так неабачліва выплачаныя нядобранадзейным людзям, вярнуліся да гаспадароў.
Прыём закончыўся. Хутчэй за ўсё, праблемы, з якімі лунінчане ішлі ў гэты дзень у райвыканкам, мала чым адрозніваліся ад тых, што прапаноўваюць скаржнікі ў іншых рэгіёнах. Так ці інакш, яны знойдуць сваё лагічнае вырашэнне, у тым ліку – і з дапамогай пракурора вобласці І.Д. Наскевіча.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: