Жывыя “агеньчыкі”

женсовет

Бываюць людзі, якія ў душы хаваюць такую дабрыню, што варта толькі намякнуць – і яны ўсё зразумеюць. Забыўшы пра сябе, цалкам аддадуць клопат, пяшчоту, спагаду, калі трэба – дапамогуць матэрыяльна і ніколі не пакінуць сам-насам з праблемамі  ці бядой. Так званыя, жывыя “агеньчыкі”, якія дораць цеплыню душы і сэрца.

Менавіта такое ўражанне засталося ад удзельніц выязнога пасяджэння праўлення Брэсцкай абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, якое гасцінна прынялі на Лунінеччыне. Гасцей вітаў  старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко. З прыязнасцю Аляксандр Мікалаевіч расказаў пра наш край і людзей, якія тут жывуць. Прыгожы сувенір у выглядзе сімвала Белавежскай пушчы – магутнага зубра – яму ўручыла старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі “БСЖ” Ірына Арабей. Пазнаёміўшы прысутных з парадкам дня, заўважыла, што сёлетняя сустрэча прымеркавана да рэспубліканскай акцыі “У Беларусі – ні аднаго кінутага дзіцяці”.

Па стану на 01.07.2015 г., у вобласці пражываюць амаль 3 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак, якія засталіся сіротамі ці без папячэння бацькоў. Прычым, сацыяльнае сіроцтва, на жаль, перавалодвае. Яны выхоўваюцца ў 1058 апякунскіх сем’ях, 473 прыёмных і 38 дамах сямейнага тыпу. Ёсць апошнія і на Лунінеччыне, на што звярнула ўвагу ў сваім выступленні старшыня раённай арганізацыі “БСЖ” Таццяна Вайцяхоўская. Нагадаўшы пра шматлікія акцыі, праведзеныя з нагоды адметных дат для дзетак-інвалідаў, сірот, мнагадзетных і маламаёмных землякоў, Таццяна Пятроўна запрасіла гасцей на справе ўпэўніцца, як працуюць пярвічкі ГА “Беларускі саюз жанчын” на прадпрыемствах.

У філіяле “Лунінецкі хлебазавод” ААТ “Берасцейскі пекар” нас сустракалі інжынер па ахове працы, старшыня прафкама Людміла Галоўніч і спецыяліст па маркетынгу Віктар Зубік. Падчас дэгустацыі прадукцыі Людміла Іванаўна адзначыла, што амаль 70 працэнтаў працуючых на хлебазаводзе – жанчыны. І ўсе, як адна, перажываюць за канчатковы вынік: ці атрымаюць станоўчыя водгукі хлебабулачныя і кандытарскія вырабы. “Няхай дарэмна не хвалююцца, – уступіла ў шчыры дыялог Ніна Кахновіч з Пінска. – У нашым горадзе таксама можна купіць вашу прадукцыю. Мне, напрыклад, вельмі падабаецца каўрыжка. Вось толькі дзяўчатам-прадаўцам раю быць больш камунікабельнымі і актыўней прапаноўваць свой тавар”.

Л.І. Галоўніч таксама звярнула ўвагу на сацыяльную абарону сваіх калег-жанчын. Так сталася, што на прадпрыемстве ёсць толькі адна мнагадзетная сям’я, але клопат з боку адміністрацыі і прафкама адчуваюць усе бацькі, якія выхоўваюць сыноў і дачок. Для іх арганізоўваюцца шматлікія экскурсіі і акцыі, аказваецца матэрыяльная дапамога з нагоды адметных дат і падзей.

Цікавую праграму пася-джэння прапанавалі гасцям у Мікашэвічах. Незабыўнае ўражанне пакінуў від кар’ера РУВП “Граніт”, на агляднай пляцоўцы якога пабывалі разам з інжынерам-тэхнолагам Тамарай Ігнаценка. Жанчыны фатаграфаваліся на фота- і камеры мабільных тэлефонаў, цікавіліся асаблівасцямі ўмоў працы і яе аплаты.

На ААТ “Спецжалезабетон” гасцей віталі намеснік дырэктара Тамара Меляшкевіч і старшыня Мікашэвіцкага гарвыканкама Галіна Сыцэвіч. Даведаўшыся пра сацыяльны пакет для работнікаў калектыву, многія па-добраму ім пазайздросцілі. Зрэшты, як і пажадалі маладому кіраўніку пярвічнай арганізацыі “БСЖ” Вользе Бурык плённа працягваць слаўныя традыцыі сваёй папярэдніцы.

Ірына Арабей заклікала ўсіх прыняць актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі-2015, цікавымі акцыямі адзначыць Дзень пажылых людзей, з 8 па 15 кастрычніка правесці Тыдзень маці. Завяршылася мерапрыемства візітам у дзіцячы дом сямейнага тыпу Вольгі і Вячаслава Манойленкаў, якія ў цяперашні час выхоўваюць 5 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі. Яшчэ трое выйшлі з пад апекі бацькоў – вучацца і жывуць у іншых гарадах, але перыядычна прыязджаюць дамоў.

Add Comment

Войти с помощью: