Адкрыццё праз 165 год

Менавіта такі ўзрост налічвае  СШ №1 у Лунінцы. Аб гэтым расказаў  яе дырэктар Уладзімір Філіновіч:

– У энцыклапедычных даведніках, якія ўважліва вывучылі, было пазначана толькі, што школа дзейнічае з 1860-ых. З мэтай удакладніць дату звярнуліся ў Нацыянальны гістарычны архіў Рэспублікі Беларусь. Адтуль хутка прыслалі ўражваючы дакумент: “Лулінецкае народнае вучылішча Лулінецкай воласці адкрыта ў 1850 годзе”.

Вядома, што такая назва паселішча пераважала ў ХІХ стагоддзі. Больш таго – нават у пачатку ХХ слова “Лунінец” было замацавана толькі за станцыяй. Атрыманы і іншыя звесткі, якія даюць падставу для далейшага даследавання гісторыі асветы ў нашым раёне. Безумоўна, у пісьменнасці дзяцей былі зацікаўлены жыхары, якія часткова аплачвалі выдаткі: на ўтрыманне народнага вучылішча “штогод адпускаецца 178 р. 70 к. з дзяржаўнай казны і 45 р. 30 к. са збору з былых дзяржаўных сялян”. Указваецца, што першая школа размяшчалася ў “грамадскім доме”. Месца яго знаходжання яшчэ трэба высветліць, як і імёны першых педагогаў. Згодна з архіўнымі дадзенымі, з 12 лістапада 1864 года настаўнікам быў Іван Іванавіч Палхоўскі “з жалаваннем 150 р. і кватэрай”. З 1 сту-дзеня 1868 года выкладчыкам Закона Божага стаў свяшчэннік Андрэй Якаўлевіч Бярнадскі – “жалаванне 25 р.”.

Уладзімір Лук’янавіч таксама паведаміў, што  знайшлі звесткі аб пяці з васьмі дзяцей вышэй названага педагога:

– Па слядах бацькі чатыры дачкі закончылі настаўніцкія вучылішчы. Сын, акрамя педагагічнай, набыў і юрыдычную адукацыю.

Магчыма, дочкі І.І. Палхоўскага і выкладалі ў луні-нецкай першай школе да замужжа, пасля чаго, верагодна, аддалі перавагу дамашняй гаспадарцы. Іх мужы з цягам часу былі рукапаложаны ў свяшчэннікі. У Лядах паблізу сталіцы служыў а. Уладзімір Былінскі – там пахавана Людміла. На пагосце нашай Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы знайшлі вечны спачын а. Аляксандр Падольскі (служыў у Язвінках) і Алімпіяда. Тут жа пахаваны а. Кіпрыян Дылеўскі (настаяцель храма ў Лахве, з 1944-га – у Лунінцы), а матушка Таісія – на старых могілках, як і а. Іаан Абаленскі (служыў у Лунінцы), яго ж жонка Лідзія – каля храма ў цэнтры нашага горада. Імя Аляксандра Іванавіча Палхоўскага і яго жонкі Зоі Іванаўны звязана з Лунінецкай рускай рэальнай гімназіяй, дзе яны выкладалі. Зямны шлях мужа спыніўся ў 1945-ым, а жонка потым працавала яшчэ ў цяперашняй СШ №2.

Уладзімір Лук’янавіч адзначыў, што дастаткова падрабязна вывучана пасляваенная гісторыя школы. Справа гонару педагогаў і вучняў – даследаваць пачатковы 100-гадовы перыяд, каб годна адзначыць юбілей.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: