Адшукаць у тонах ведаў крупінку золата

день учителя

Адшукаць у тонах ведаў крупінку золата падуладна сапраўдным настаўнікам. Такое прыгожае параўнанне працы педагогаў са старацелямі прагучала на ўрачыстасці, прысвечанай іх прафесійнаму святу.

Павіншаваць настаўнікаў, ветэранаў працы, вучняў і бацькоў завіталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Рафаловіч, начальна аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іван Раковіч, старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі Нэлі Рафаловіч. Пад дружныя апладысменты яны ўручылі Ганаровыя граматы, Падзячныя пісьмы, каштоўныя падарункі, букеты кветак лепшым прадстаўнікам галіны, а таксама юбілярам. Ад іх імя выступіла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Мікашэвіцкай гімназіі імя У. Нядзведскага Лідзія Кіслюк.

Вельмі прыемна, што скарбонка прафесійных дасягненняў педагогаў папоўнілася ўзнагародамі высокай вартасці. Так, нагруднага знака “Выдатнік адукацыі” ўдастоены настаўнік інфарматыкі СШ №2 г. Лунінца Іван Трэгубаў. Граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь атрымалі: намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Макарэвіч і настаўніца матэматыкі Раіса Сінькевіч (абедзве — Мікашэвіцкая гімназія імя У. Нядзведскага), а таксама выкладчык музыкі Уладзімір Калянковіч з Вулькаўскай 1 СШ (дарэчы, таленавіты скрыпач падрыхтаваў незабыўны музычны нумар). Увогуле, на сцэну падняліся больш за 50 педагогаў. Кожны з нас разумеў, што не толькі яны, але і ўсе, хто прысутнічаў у той дзень у зале, безумоўна, валодаюць бязмежнай здольнасцю цалкам аддаваць сябе дзецям.

Упэўніцца, чаму ж навучыліся хлопчыкі і дзяўчынкі, дапамаглі паэтычна-музычныя нумары мастацкай самадзейнасці. Сваю творчасць дарылі гледачам удзельнікі танцавальнага калектыву “Мірыданс” пад кіраўніцтвам Святланы Галка, узорнага ансамбля “Залатое птушаня” на чале з Галінай Гімбатавай, вучні СШ №4 г. Лунінца (педагог-арганізатар Юлія Богуш), выхаванцы яслі-сада №8 “Крынічанька” (музычны кіраўнік Наталля Хоміч), а таксама Ангеліна Паўлюк з Вулькаўскай 1 СШ. Вялікае ўражанне пакінулі прэзентацыя настаўніка геаграфіі Эдуарда Антановіча з Палескай СШ і “Гімн педагога” ў выкананні Ірыны Еўтух з Лунінскай СШ.

Наталля Грудзько

Add Comment

Войти с помощью: