Без скідак на праблемы

Юрый Калянковіч
Юрый Калянковіч

Праязджаючы міма поля з рапсам, старшыня СВК “Дварэцкі” Віталь Карчэўскі задумліва прамовіў: “Пара праводзіць апрацоўку ад хвароб, а сродкаў аховы маем толькі на 50 працэнтаў плошчаў”.

Яго невясёлы настрой зразумела пазней, калі даведалася, што ў гаспадарцы на дзень наведвання, азімых культур пасеяна толькі 57 працэнтаў ад задання. I справа не ў недахопе паліва і насення. Яны тут ёсць, а вось агрэгатаў для падрыхтоўкі глебы не хапае. Адзіны наяўны не ў стане выканаць патрэбны аб’ём работ. “Нам бы да яго яшчэ адзін, сучасны. Шкада ўпушчанага часу, аб набыцці трэба было думаць яшчэ ўчора”, — заўважае кіраўнік, які амаль месяц таму ўзначаліў гаспадарку. Ён нікога не вінаваціць у сітуацыі, што склалася, рэаліі ўспрымае з разуменнем і думае толькі пра адно: як добра правесці сяўбу і выплаціць заробкі… “Упэўнены, нешта прыдумаем. СВК “Дварэцкі” проста не мае права “блытацца ў хвасце” раённай зводкі”, — з такой думкай Віталь Віктаравіч не развітваўся ўвесь час, пакуль ездзілі па палетках, дзе вяліся палявыя работы.

У брыгадзе №2 з ранку заставалася незасеянай 33-гектарная плошча. Перад тым як прыступіць да абеду, які на поле даставіла раздатчыца Марына КОВАЛЬ, механізатар Юрый КАЛЯНКОВІЧ ужо засеяў значную плошчу азімым трыцікале:

— Працую пад кантролем брыгадзіра Тамары Каховіч. Участак вельмі складаны: поле кароткае, шмат слупоў і розных кутоў, даводзіцца быць асабліва ўважлівым, шмат манеўраваць. А гэта не садзейнічае хуткасці. Думаю, за дзень гектараў 25 засею. Калі ж поле роўнае, то “Джон-Дзірам” да 60 гектараў магу за такі ж час выдаць”.

Крыху праехаўшы, апынуліся на ўчастку, які дыскаваў малады механізатар Уладзімір ГРЫЦКЕВІЧ. Нягледзячы на тое, што працуе ў гаспадарцы толькі другі месяц, старшыня адзначыў яго старанне і ўменне. Маўляў, не памыліліся, калі энерганасычаны трактар даверылі.

Уладзімір Грыцкевіч
Уладзімір Грыцкевіч

На пытанне, чаму такі маленькі стаж, Уладзімір адказаў, што дагэтуль знаходзіўся ў водпуску па догляду за дачушкай. Яе мама сёлета заканчвае вучобу на дзённым аддзяленні ў Віцебскім ветэрынарным інстытуце. Дзяўчынку, якой споўнілася 2 гады, аддалі ў дзіцячы сад, а тата выйшаў на работу. Тэхнік-механік па спецыяльнасці рады, што можа зноў забяспечваць сям’ю.

Акрамя сяўбы, у той дзень меркавалі пачаць уборку цыбулі, але не паспелі падрыхтаваць тэхніку да работы. Сутыкнуліся і яшчэ з адной не вельмі прыемнай сітуацыяй. Праязджаючы міма палёў з морквай і сталовымі буракамі, сустрэлі аўтамабіль, гаспадары якога сярод белага дня збіраліся “проста так нарваць агародніны”. Маўляў, яна ў зеллі прападае…

На дзень выхаду “ЛН” азімыя культуры ў “Дварэцкім” былі пасеяны амаль на ўсёй запланаванай плошчы,  рапс апрацаваны на 100 гектарах, убрана 16 гектараў цыбулі, 3 — капусты і 2 гектары морквы.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.