Дзякуючы таленту і цеплыні сэрца

войтеховские

Не толькі расказаць аб працэсе стварэння прыгожага, але і паказаць шматлікія вышыванкі згадзілася Ганна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ з Кажан-Гарадка. Запрасіла ў хату, адчыніла шафу, і раптам пакой ператварыўся ў вялікі кветнік. Здалося, што нават запахла васількамі і ружамі, якія так дапасоўвалі да асноўнага адлюстравання…

Фіранкі на вокнах здзівілі адмысловым малюнкам, навалачкі на падушачках палыхаюць цэлай гамай колераў. Карціны, ручнікі, абрусы і даматканыя коўдры — далёка не поўны пералік створанага. Кожны выраб аздоблены прыгожай рамкай, што дадае асаблівасці і непаўторнасці.

Вельмі хацелася ўпэўніцца, што і жыццё Ганны Мікалаеўны такое ж светлае, як яе работы. У адказ жанчына паціснула плячамі і ледзь заўважна ўсміхнулася, прытуліўшы адну з вышыванак да грудзей. У позірку замільгалі іскаркі радасці і лёгкага смутку, бо менавіта такім, багатым на светлае і не вельмі, быў яе лёс…

Нарадзілася ў перадваенны час, паспела паспытаць і голаду, і холаду разам з роднымі. Дзіцячым сэрцам успрымала трывогу дарослых у час акупацыі, хаця ўсяго яшчэ не магла зразумець. Расла ў лапцях ды палатнянай сарочцы, каля старэйшых навучалася прасці і ткаць, шыць і вышываць. Тады такія здольнасці дапамагалі выжываць сярод беднасці і галечы.

Нягледзячы на нішчымніцу ды штодзённыя абавязкі, юнацтва было вясёлае. Спявалі, жартавалі, пастаянна хадзілі дружнай кампаніяй на вячоркі. Тады Ганна пасябравала з аднавяскоўцам Міхаілам, і неўзабаве яны вырашылі быць разам. Аднойчы зроблены выбар прывёў іх шлюб да залатога вяселля некалькі год таму, да пастаяннага ўзаемаразумення і шчырасці ў адносінах.

Працоўны шлях маладая сям’я пачынала з работы ў калгасе. Ганна 6 год была даяркай, а калі ў вёсцы адкрылі птушкаферму, уладкавалася туды. Куры і качкі сустракалі гучным крыкам, ад якога спачатку шумела ў вушах. Паступова прывыкла, і пры адсутнасці знаёмых гукаў ужо здавалася, што нечага не хапае. 3 інкубатара прывозілі маладняк, які патрабавалася выгадаваць з найменшымі стратамі. Пералічыць усіх было цяжка, але птушкі быццам ведалі і пазнавалі сваю гаспадыню. Так і адпрацавала на адным месцы да выхаду на заслужаны адпачынак.

Рамантычную прафесію выбраў для сябе Міхаіл. Пасля службы ў Германіі ён у якасці вадзіцеля сеў за руль грузавіка. Тэхніка патрабавала дакладнасці і рамонту. Але найчасцей насустрач машыне роўнай стужкай неслася дарога, на працягу многіх кіламетраў пакалыхвала на няроўнасцях. Толькі пад старасць змяніў работу на больш спакойную, стаж складае 46 з паловай год.

Ганна паспявала яшчэ і на сваім падворку вырошчваць качак і курэй. Акрамя іх клапаціліся з мужам і пра іншую жыўнасць, бо ніколі тады не разлічвалі на пакупныя прадукты — усё было сваё. Управіўшыся на рабоце і падворку, хацелася больш часу прысвяціць дачушкам — Валі і Тані. Малыя з нецярпеннем чакалі бацькоў дадому, дзяліліся першымі дзіцячымі праблемамі, імкнуліся расказаць аб дасягненнях у школе. Калі падраслі, самі пасільна дапамагалі дарослым у паўсядзённых справах.

Цяпер у мінулым клапатлівыя ранкі і надвячоркі на калгаснай птушкаферме. Яе закрылі наогул; пакінуўшы прадстаўнікам старэйшага пакалення такія блізкія сэрцу ўспаміны. Часта згадваюць аб гэтым і ў сям’і Вайцяхоўскіх, бо нельга забыць пра тое, чым жылі ў маладосці на працягу доўгіх дзесяцігоддзяў. Даўно не трэба спяшацца па штодзённых справах і гаспадару — грузавік яго даўно разабраны на запчасткі, на хаду больш новая і сучасная тэхніка… Дарослыя дзеці асталяваліся ў іншых мясцінах. Валянціна — у Фаніпалі пад Мінскам, працуе ў гандлёвай сферы. Таццяна жыве яшчэ далей, у Маскоўскай вобласці, па спецыяльнасці — тэхнік-картограф. Радуюцца старыя прыезду траіх унукаў. Есць двое прадстаўнікоў яшчэ малодшага пакалення: праўнукі — сямігадовая Эвеліна і Арсеній, якому 8 месяцаў.

Прыгожы дом на ўскрайку вёскі сустракае іх цяплом і ў зімовы час. Цяпер гэта даецца прасцей — падведзены прыродны газ, які пазбавіў вяскоўцаў многіх лішніх клопатаў. Вельмі дарэчы выгоды для Міхаіла Рыгоравіча, які даўно скардзіцца на праблемы са здароўем і не можа хадзіць. Але падрабязней расказваць аб сабе не стаў, маўляў, што цікавага ў старэчым жыцці.

А Ганне Мікалаеўне вольны час дае магчымасць прысвяціць сябе мастацкай самадзейнасці. Яна — удзельніца фальклорнага калектыву “Надзея” мясцовага СДК. Разам з жанчынамі такога ж паважанага ўзросту скалясілі ўвесь раён, выконваючы народныя песні і байкі. Зацікаўленасць, частыя зборы на рэпетыцыі і паездкі з канцэртамі не даюць артысткам сумаваць і заставацца ў адзіноце.

Шчырыя адносіны Ганны і Міхаіла Вайцяхоўскіх вытрымалі ўсе выпрабаванні часу і ўзросту. Заўсёды прыемна на сэрцы, калі дома чакае блізкі чалавек. Радасна, калі ведаеш, што нехта спяшаецца, хвалюецца, ці ўсё з табой добра. Хочацца расказаць свежыя навіны і падзяліцца набалелым, калі нешта складваецца не так.

Дзеля гэтага кожны з нас у маладосці імкнецца знайсці сваю палавінку, стварыць сям’ю. Але не заўсёды атрымліваецца дайсці разам у каханні і ўзаемаразуменні да жыццёвай восені. I з якой павагай мы глядзім на людзей, якія вытрымалі выпрабаванні, збераглі давер і пачуцці.

Дзякуючы цеплыні сэрцаў кветкі, створаныя рукамі таленавітай жанчыны, разгараюцца, нібы жывыя. Шкада, што пагоршыўся зрок, і новыя вышыванкі даюцца ёй усё цяжэй. Але тонкая іголачка ў напрацаваных пальцах яшчэ снуе па бялюткай тканіне, шукаючы куды прымайстраваць яркі гваздзік або сціплы дзьмухавец. Таксама як і песня. Яна жыве ў душы, толькі чакаючы святочна-га моманту, каб выліцца з вуснаў дзіўнымі гукамі на радасць слухачам.

Марыя Яраховіч

Add Comment

Войти с помощью: