«…і кожны дзень новыя сустрэчы»

гмир

Бадай, у любога з нас здараліся сітуацыі, калі ўбачыш чалавека, а праз некалькі хвілін ужо здаецца, што знаёмы даўно — настолькі прыязнымі і добразычлівымі атрымліваюцца першыя стасункі. Менавіта такое ўражанне пакінуў урач-хірург УАЗ “Лунінецкая цэнтральная раённая бальніца» Раман ГМІР.

Мы сустрэліся на прыступках інтэрната сельгаскаледжа, дзе маладому спецыялісту, які ў жніўні прыехаў на работу ў наш райцэнтр, прадаставілі жыллё. Звычайны пакой ніякім чынам не выдаваў халасцяка-гаспадара, хаця некаторыя рэчы надавалі ўтульнасці і камфорту. Куды красамоўней былі кніжныя паліцы, на якіх заўважыла бессмяротныя творы Міхаіла Булгакава і Васіля Быкава ды шмат медыцынскіх даведнікаў па хірургіі. У кутку стаяла зачахлёная гітара, з ноутбука нягучна чуліся джазавыя песні, а духмяны пах свежазваранай кавы настройваў на шчырую размову.

— Тваё прозвішча не характэрнае для Лунінеччыны. Адкуль родам?

— Яно вельмі папулярнае на Століншчыне, а вось мая малая радзіма — горад Пінск. Адтуль мае бацькі, там нарадзіўся я і малодшая сястрычка. Хіміка-біялагічны профіль, на якім добра вучыўся ў школе, прадвызначыў будучую прафесію. Выбраў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Студэнцкі час праляцеў непрыкметна, зрэшты, як і інтэрнатура ў Пінску. Размеркаванне атрымаў у Лунінец.

—    І як уражанні?

—    Вядома, горад — не мегаполіс, але ён спадабаўся сваёй кампактнасцю, утульнасцю і шчырымі людзьмі. Добра прынялі ў дружным калектыве бальніцы. Заўсёды гатова выслухаць і дапамагчы адміністрацыя. Асвоіцца на рабочым месцы, уладкаваць бытавыя пытанні ўдалося з калегамі на чале з загадчыкам хірургічнага аддзялення Генадзем Хлебусам. Хутка знайшоў агульную мову з медсёстрамі, якія старанна выконваюць усе назначэнні ўрачоў. Больш таго, маючы багаты вопыт, з ахвотай дзеляцца прафесійнымі парадамі.

—    Калі ласка, раскажы аб першым дзяжурстве.

—    Ух, яно не забываецца! Увогуле, у мяне начныя змены, і тады прывезлі дзіця з траўмай галавы. А я з маленькімі пацыентамі, як і з чэрапна-мазгавымі траўмамі, увогуле яшчэ не сустракаўся. Тым не менш, як кажуць, вочы баяцца, а рукі робяць. Дзякуй Богу, усё завяршылася добра. Ведаеце, у многім любое лячэнне залежыць ад самога хворага і яго жадання паправіцца. Мы ўсе розныя, са сваімі звычкамі і характарам. Напрыклад, каб агледзець дзетак, спачатку з імі гавару на абстрактныя тэмы, паступова высвятляючы, што іх турбуе. З дарослымі, вядома, прасцей, але зноў жа не кожны адкрыецца адразу. Трэба валодаць вялікім цярпеннем, быць вельмі ўважлівым. Радуе сучаснае аснашчэнне бальніцы, тым больш, што ёсць з чым параўноўваць. Ужо неаднаразова задавалі пытанні наконт будучыні. Так далёка не заглядваю, але на сённяшні дзень мяне ўсё задавольвае. I як банальна ні гучала б, іду на работу з жаданнем, бо ведаю, што чарговая змена будзе непадобнай на папярэднюю, і прынясе новыя сустрэчы.

—    Чым займаешся ў Вольны час?

—    Ну, яго не так і шмат… Вяду актыўны лад жыцця. У Лунінцы ёсць Лядовая арэна, плавальны басейн. Люблю рассякаць водныя хвалі. Разам з калегамі гуляю ў валейбол, хаджу ў трэнажорную залу. Чытаю, іграю на гітары, слухаю джаз і стары рок-н-рол. У Пінску часта наведваў кінатэатр, у “Кастрычніку” пакуль не бываў. Выхадны якраз прыпадзе на 11 кастрычніка, таму абавязкова зазірну на свой выбарчы ўчастак. Выканаць грамадзянскі абавязак заклікаю ўсіх маладых людзей, каму неабыякавы лёс Беларусі. Нам жыць далей, а значыць, і вырашаць, якой дарогай будзем крочыць у заўтрашні дзень.

Гутарыла Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.