Наперад. Ні кроку назад!

лис

Прыезд у рэгіён кіраўніка вобласці наўрад ці можна лічыць нечым незвычайным: такіх паездак  у старшыні аблвыканкама Анатоля Ліса шмат. Аднак сустрэча з працаўнікамі СВК “Лунінскі” мела свае асаблівасці. Да размовы Анатоль Васільевіч запрасіў мясцовых жыхароў не проста як губернатар, а яшчэ і як давераная асоба кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

Звяртаючыся да сабраўшыхся ў зале, а яна была паўнюткай, Анатоль Ліс расказаў пра асноўныя палажэнні перадвыбарнай праграмы кандыдата, асаблівы акцэнт зра-біўшы на тое, што ў нашай краіны ёсць сёння два шляхі: наперад – да захавання стабільнасці, парадку і свабоды; і назад – да смуты, хаоса, бандыцкага капіталізма, дзеляжу ўласнасці  і страты незалежнасці.

Зыходзячы з гэтага, былі акрэслены важнейшыя задачы – захаваць свабоду і незалежнасць краіны і зберагчы ў ёй мір і парадак. А.В. Ліс прыгадаў выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі на пленарным пасяджэнні Саміта ААН па ўстойліваму развіццю, дзе беларускі лідар яскрава прадэманстраваў свае якасці міратворцы і дальнабачнага палітыка. Яго глыбока хвалюе глабальная пагроза, якую нясуць чалавецтву шматлікія ўзброеныя канфлікты і тэрарыстычныя акты. Яшчэ і таму спакойная і працалюбівая Беларусь нагадвае сабой астравок міру і ўпэўненасці, якія трэба не проста цаніць, а берагчы, як зрэнку вока.

Прыкладам паступальнага развіцця можна лічыць і нашу Брэсцкую вобласць. А.В. Ліс расказаў, што сёлета валавы рэгіянальны прадукт у параўнанні з леташнім склаў 96,5 працэнта. Прычынай невялікага зніжэння стаў сусветны крызіс, дэвальвацыя валют краін-партнёраў. Аднак, нягледзячы на гэта, паменшала колькасць стратных прадпрыемстваў: зараз іх на 149 менш, чым летась. Зніжаюцца запасы гатовай прадукцыі на складах.

Разумеючы, што ў зале – большасць прадстаўнікоў аграрнага сектара, кіраўнік вобласці акрэсліў сітуацыю ў сельскай гаспадарцы. Нягледзячы на складанасці сёлетняга года, атрыманы нядрэнны ўраджай збожжавых – 1 мільён 400 тысяч тон пры ўраджайнасці больш як 41 цэнтнер зерня з гектара. Да канца года мяркуецца атрымаць у разліку на карову не менш як 6500 кілаграмаў малака. Яго таварнасць сёння складае 90,6 працэнта. Класам “экстра” і “вышэйшы” паступае на перапрацоўку больш як 86 працэнтаў прадукту. Павялічваюцца сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы на дарошчванні і адкорме. Усё гэта дазваляе вобласці заставацца ў ліку лідараў па вытворчасці сельгаспрадукцыі і пастаўках яе за мяжу. Сёлета сярод новых партнёраў – Японія, Іран, Лаос, Філіпіны, Егіпет, Кітай і іншыя краіны.

Закрануў кіраўнік вобласці праблему беспрацоўя. Зараз яе ўзровень складае 1,2 працэнта ад агульнай колькасці занятых у народнай гаспадарцы, што менш, чым у сярэднім па рэспубліцы. Адзначыў і той факт, што сёлета з амаль 27 тысяч звярнуўшыхся ў службу занятасці ўдалося працаўладкаваць больш як 15 тысяч чалавек.

Якім бы ўплывовым ні быў сусветны крызіс, Беларусь жыве па сваіх сацыяльных законах: будуюцца новыя школы і дзіцячыя сады, мадэрнізуецца вытворчасць, удасканальваецца сістэма аховы здароўя. Вось і ў нашай вобласці сёлета адкрыта новая школа ў Пінску, дзіцячы сад у в. Рубель на Століншчыне. На іх узвядзенне затрачана каля 180 мільярдаў рублёў. Першых пацыентаў прыняў хірургічны корпус абласнога анкалагічнага дыспансера, аснашчаны самым сучасным медыцынскім абсталяваннем.  Прывёўшы гэтыя пераканаўчыя довады, А.В. Ліс прапанаваў задаваць пытанні.

Яны былі рознымі. Напрыклад, праблема працягу газіфікацыі старажытнага Луніна хвалюе кожнага з яго жыхароў.  Менавіта таму Анатоль Васільевіч паабяцаў разабрацца, з якіх крыніц фінансуюцца работы і, адпаведна, вызначыцца з перспектывай іх актывізацыі. Гаварылі людзі пра неабходнасць добраўпарадкавання мясцовага вадаёма, замены вокнаў у дзіцячым садзе, на што А.В. Ліс адказаў: “Я сёння тут не для таго, каб наабяцаць вам залатыя горы і нічога не зрабіць. У любой праблеме трэба разабрацца і правільна вызначыць прыярытэты: што сёння важней для людзей – падвесці прыродны газ ці пачысціць возера?”.

Цікавіліся вяскоўцы перспектывай павышэння пен-сійнага ўзросту, на што быў атрыманы адказ, што ў бліжэйшы час такія меры прымаць не плануецца. Разам з тым, Анатоль Ліс прывёў лічбы, якія тлумачылі, чаму ў нас пенсіі не такія высокія, як хацелася б. Справа ў тым, што сёння ў Беларусі 2,5 мільёна атрымаль-нікаў пенсій і дапамог. На 1000 працуючых прыходзіц-ца 640 пенсіянераў у гарадах і 980 – у вёсках. Нагрузка адчувальная.

У гэтым кантэксце назваў кіраўнік вобласці лічбы, якія характарызуюць дэмагра-фічную сітуацыю. Сёння Брэстчына з’яўляецца рэгіёнам, дзе адзначана самая высокая ў краіне нара-джальнасць і самая нізкая смяротнасць. У нас ёсць хоць і невялікі, але натуральны прырост насельніцтва: летась пайшлі з жыцця 17531, а нарадзіліся – 18556 чалавек.

Адказваючы на пытанне, ці будуць павышацца заробкі самым нізкааплачваемым катэгорыям працуючых, у ліку якіх санітаркі  і прыбі-ральшчыцы, было зазначана, што любая заработная плата залежыць ад экана-мічнага становішча краіны ў цэлым, і, урэшце, ад таго, як мы працуем. Вядома, хацелася б, каб сёння і зараз усе атрымлівалі шмат грошай, але варта памятаць і тое, што, нягледзячы на імклівы рост кошту замежнай валюты, у Беларусі не дапушчана абвальнага росту цэн. З 1 верасня заробкі ў бюджэтнай сферы павя-лічаны на 5 працэнтаў, прыкладна на столькі ж выраслі сёлета ў сярэднім цэны на прадукты харчавання.

З усмешкай сустрэў Анатоль Ліс пытанне пра тое, дзе на наступны год будуць праводзіцца абласныя “Дажынкі”. Горад дакладна названы не быў, аднак Анатоль Васільевіч сказаў пэўна, што не ў нашым райцэнтры. “Лунінец – прыгожы і дагледжаны горад. У вобласці нямала яшчэ населеных пунктаў, якія трэба падцягваць да яго ўзроўню”.

Развітваючыся, Анатоль Ліс заклікаў не заставацца абыякавымі да лёсу Беларусі і 11 кастрычніка абавязкова прыйсці на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць за ўпэўненае заўтра нашай краіны.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: