Не спяшайцеся панікаваць

Doctor and patient

У 1993 годзе Сусветная арганізацыя аховы здароўя абвясціла кастрычнік месяцам барацьбы супраць рака малочнай залозы. Пра тое, якія віды абследаванняў сёння даступны жыхаркам нашага рэгіёна, як часта варта наведваць мамолага і хто ўваходзіць у групу рызыкі анкалагічных захворванняў, расказвае ўрач-анколаг УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” Людміла КУЛЬША.

– Што рабіць жанчыне, калі ў яе выявілі нейкае ўшчыльненне? Ведаю, што многія адразу пачынаюць панікаваць.

– Ні ў якім разе не трэба гэтага рабіць! Неабходна з вынікам абследавання і здымкам ісці на прыём да спецыяліста. Як правіла, большасць утварэнняў бываюць дабраякаснымі. Аднак вырашаць, якое лячэнне неабходна, будзе толькі ўрач.

– Што ўяўляе сабой абследаванне ў анколага?

– Спачатку выслухоўваем скаргі, збіраем анамнез: ці былі праблемы раней, якога характару. Далей аглядваем. Калі пацыентка прыходзіць ужо з вынікам папярэдніх абследаванняў, супастаўляем яго з цяперашнім станам. Калі пацыентцы больш за 40 гадоў, назначаем дадатковае абследаванне і паўторную кансультацыю.

– Наколькі ў раёне рушыла наперад медыцына ў плане дыягностыкі анкалагічных захворванняў у жанчын?

– На сённяшні дзень існуе вялікая колькасць метадаў выяўлення злаякаснай пухліны малочнай залозы: біяпсія, мамаграфія, анкамаркеры і іншыя. Дыягнастычны рэнтгенаўскі комплекс «Скрынэкспрэс», у склад якога ўваходзяць пульмаскан і лічбавы мамограф, дазваляе праводзіць скрынінг з мэтай прафілактыкі і ранняй анкапаталогіі. Запісацца на такое абследаванне можна ва ўчастковага ўрача-тэрапеўта.

Жыхаркі Лунінеччыны таксама маюць магчымасць здаць аналіз крыві на выяўленне спецыфічных бялкоў, якія выпрацоўваюцца клеткамі злаякасных пухлін. Гэтую працэдуру прызначае анколаг.

– Колькі разоў у год пажадана наведваць мамолага?

– Раней для жанчын пасля 40 былі рэкамендацыі аб праходжанні абследавання раз у год. Зараз робім акцэнт на больш малады ўзрост – пасля 30-ці пачынаем аглядваць пацыентак. На жаль, анкалогія «маладзее». Хацелася б заўважыць, што мамам пасля заканчэння кармлення нованароджаных таксама неабходна наведаць спецыяліста. Цяжарнасць, роды, лактацыя вядуць за сабой сур’ёзныя змены гарманальнага фону, а пухліны, як правіла, гармоназалежныя.

– Назавіце групы рызыкі для онказахворванняў?

– На першым месцы – спадчыннасць. Хвароба можа перадавацца па матчынай лініі. Па-другое, змяніліся рэпрадуктыўныя паводзіны прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. Нарадзіўшы адно дзіця, яны спяшаюцца выйсці на работу, а прыродай прызначана выкарміць малыша груддзю. Правільнае рэпрадуктыўнае жыццё складаецца яшчэ і з рэгулярных палавых кантактаў. Іх адсутнасць – трэці фактар рызыкі. Правакуюць развіццё рака і аборты. Асабліва небяспечна спыненне цяжарнасці для непаўналетніх.

– Стартавала агульнарэспубліканская акцыя “Кастрычнік – сусветны месяц барацьбы супраць рака малочнай залозы”. Якія мерапрыемствы праходзяць на Лунінеччыне?

– Галоўнае – нагадаць жанчынам аб неабходнасці рэгулярных абследаванняў. Урач-анколаг, акушэр-гінеколаг, валеолаг наведаюць СШ №2 у Лунінцы, вузел паштовай сувязі, ПВУП “Вікторыя”, дзе дэманструюць відэаролікі, распаўсюдзяць інфармацыйна-метадычны матэрыял, правядуць кансультацыі. Забяспечаны пастаянны агляд на базе: раённай паліклінікі – у кабінеце №23, а таксама філіяле №1 «Мікашэвіцкая бальніца» – у кабінеце №10.

Гутарыла Марына АРЭШКА

Add Comment

Войти с помощью: