Непісьменнасць

Мінаюць гады, а з памяці не выходзіць адна гісторыя з дзяцінства. Мы з равеснікамі вучыліся ў пачатковых класах. Упарта спасцігалі веды, і кожную літару выводзілі на паперы занадта старанна, з усіх сіл прыціскаючы тонкі аловак. Чыталі няспешна, з націскам вымаўляючы кожнае слова.

Суседка баба Ганна была зусім непісьменнай і прасіла нас пісаць пісьмы, якія пасылала дзецям у Свярдлоўскую вобласць. Радзей, чым ад маці, але таксама рэгулярна, адтуль прыходзілі адказы, і зноў наша знаёмая спяшалася, каб хутчэй прачыталі, бо ёй не цярпелася даведацца пра навіны з далёкага краю.

Не ведаю, каму першаму з хлопчыкаў аднойчы прыйшла ў галаву ідэя пажартаваць над бабуляй. Ніхто не надаў увагі, якім будзе жарт, таму ў наступны раз усё адбылося нечакана. Атрыманае пісьмо чытаў Сашка, як ненамнога старэйшы сярод нас, а мы гуртам даверліва слухалі разам з адрасатам, лавілі кожнае слова, якое пераляцела тысячы кіламетраў з далёкага Урала. Бабуля дазваляла кожнаму чытаць і трымаць у руках яе пісьмы. Нават пах у іх быў нейкім далёкім, асаблівым.

“Хутка прыедзем усёй сям’ёй, чакайце ў госці”, – радкі прагучалі, і вочы бабы Ганны засвяціліся такой радасцю, што яна некалькі разоў пацалавала кожнага з нас. То даставала канверт з кішэні, прыціскала да грудзей, то зноў хавала яго туды.

– Ну вось, нарэшце, прыедуць! Ну, дзеткі, радасць цяпер у мяне, – жанчына хуценька вярнулася ў хату і прынесла нам вялікія прыгаршчы цукерак і сухіх груш. Частавала і ўсё прыгаворвала, як сустрэне гасцей, падрыхтуе спецыяльныя ложкі кожнаму з унукаў на свежым сене.

Ва ўсеагульнай радасці сумным заставаўся толькі Сашка, але на яго не звярталі ўвагі. Усё стала зразумелым намнога пазней, калі баба Ганна пайшла дзяліцца сваёй радасцю да іншых суседак і хлопец ціха прызнаўся, што гэта ён так няўдала пажартаваў, і гасцей не будзе наогул.

– У пісьме было толькі, што яны хочуць прыехаць, ды не атрымаецца, можа толькі на наступны год. І то пакуль канкрэтна невядома…

Мы ўсе доўга маўчалі, з дакорам пазіраючы на Сашку, які ад гэтага гатовы быў расплакацца. Але трэба было нешта рабіць, выпраўляць сітуацыю. Разам думалі, як цяпер сказаць праўду. А вестка пра прыезд далёкіх свярдлоўцаў ужо разнеслася па вёсцы, іх з нецярпеннем чакала ўсё наваколле, і нам не даравала б такі жарт не толькі баба Ганна.

Было ніякавата ад адной думкі, як знікне радасць з вачэй беднай жанчыны, калі мы скажам пра свой недарэчны ўчынак. Вырашылі трымаць усё ў вялікім сакрэце да наступнай раніцы. Не дадумаліся ні да чаго лепшага, як напісаць дзіцячым почыркам у далёкі Свярдлоўск невялікае пасланне, у якім расказалі, як сумуе баба Ганна, часта хварэе, з якім нецярпеннем іх чакае. Папрасілі не расказваць бабулі пра наша пісьмо і вельмі клікалі прыехаць.

Наша стараннасць дала плён. У госці наведалася дачка Вера. Няхай не ўсёй сям’ёй, але і ад гэтага радасці ў бабулі не было межаў. Нас жанчына з далёкага краю нават пахваліла за спачуванне да пажылой жанчыны. Пачаставала гасцінцамі і падзякавала, што вельмі клапоцімся пра яе матулю. Так нам пашанцавала не атрымаць пакарання за сваю недарэчнасць.

Мінула многа год, даўно няма бабы Ганны, няма і Свярдлоўска (яго перайменавалі ў Екацярынбург), адтуль больш ніхто не прысылае пісьмы на знаёмы адрас. Але засталася ў сэрцы нейкая балючая шчымлівасць ад успамінаў пра дзяцінства, пра нашу бесклапотнасць.

Зразумела, тады быў няпросты час, навука давалася з цяжкасцямі. Цяпер жа дзяржава прадастаўляе хлопчыкам і дзяўчынкам усе магчымасці для навучання, клапоціцца пра іх. Застаецца толькі самім школьнікам шчыра да гэтага імкнуцца. А гэтую гісторыю заўсёды расказваю дзецям, якія не маюць жадання авалодаць ведамі. Калі б баба Ганна была пісьменнай, над ёю ніхто не змог бы так няўдала пажартаваць.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.