Палымнеюць вышыванкі ў пакоях лутавянкі

Елена Каплич

Галоўная каштоўнасць любога населенага пункта — гэта яго жыхары. Алена КАПЛІЧ — таленавітая рукадзельніца з вёскі Лутавень, самабытныя вышыванкі якой вядомыя далёка за межамі Лунінеччыны. Усе раённыя святы абавязкова упрыгожваюцца работамі яе творчасці, каля іх заўсёды спыняюцца цэлым натоўпам захопленыя наведвальнікі.

Заходзячы ў хату да Алены Васільеўны, з’яўляецца адчуванне, што трапляеш у сапраўдны музей. На сценах вышыўкі развешаны ў прыгожых рамках і з густам падабраныя па стылю. Абрус на стале самаробны і незвычайны. Ручнікі ёсць такой тонкай работы, што хочацца дакрануцца да іх, каб упэўніцца, што зроблены толькі з дапамогай карпатлівасці і фантазіі, без мудрагелістых фабрычных прыстасаванняў. Сурвэткі размясціліся па ўсяму пакою, дапаўняючы карціну кветак і фарбаў.

Але гэта толькі невялікая частка зробленага і бачная з першага позірку. Калі гаспадыня адчыніла шафу, дастала саматканыя посцілкі, і яны зазіхацелі рознакаляровай вясёлкай, здзіўленню не было межаў. Далей з глыбіні скруткаў на свет вынырнулі ручнікі, вытканыя з дабаўленнем ільняных нітак. Іх створана 90 штук — лічба, за якой хаваецца руплівасць не аднаго дня, і нават месяца.

А жыццё майстрыхі не заўсёды было такім яркім і светлым, як яе работы. Алена Васільеўна — равесніца вызвалення, таму маленькай пазнавала свет, яшчэ поўны горычы ад перажытага. Але разам з яе сталеннем узнімалася з руін і разбураная краіна. Людзі адольвалі нягоды цяжкай непасільнай працай. Уклад у агульную справу ўносіла і дзяўчынка.

Гадавалася разам з 5-цю братамі і сёстрамі, дапамагала маме, якая ў вайну страціла ўсіх родных. Шчыравала ў калгасе, дзе ўсё рабілася ўручную і патрабавала фізічнай сілы. А якая яна ў кволага падлетка? Дома яшчэ даводзілася ўпарадкоўваць агарод, даглядаць жывёлу, прасці і ткаць, клапоцячыся пра вопратку сабе, братам і сёстрам.

Пасля заканчэння сямі класаў дзяўчына ўладкавалася на пошту. Праз два гады папрасілася на работу на агароднінасушыльны завод. Закон не дазваляў прыняць непаўналетнюю, але яе ведалі як адказнага паштальёна, таму зрабілі выключэнне.

Яшчэ праз пяцігодку Алена скончыла курсы прадаўцоў і змяніла род дзейнасці. Той 18-гадовы перыяд адзначаны медалём “За працоўную доблесць”. Мае адзнакі, як “Пераможца спаборніцтва”, “Заслужаны настаўнік моладзі” і “Выдатнік гандлю”. Некаторы час жанчына была бухгалтарам на “Палімеры”, а на заслужаны адпачынак выйшла, перадаўшы маладзейшым абавязкі загадчыцы склада.

І тады, калі раніцай не патрэбна было спяшацца на працу, сэрца стала прагнуць іншага. Пачалася новая хваля ў жыцці. Ткацтва, якое ў дзяцінстве было цяжкім абавязкам, цяпер стала жаданым захапленнем. Аддаючы сябе новай справе, атрымаўся цудоўны вынік. Паспрабавала вышыўку. Першыя ўзоры атрымаліся не надта акуратнымі, ды паспрыялі імкненню дасканала авалодаць майстэрствам.

Яшчэ больш на стараннасць натхняла падтрымка блізкіх. Муж Аляксей Фаміч стаў крытыкам і дарадчыкам. Сам ён родам з Мокрава, працаваў у будаўніцтве. Спадабаліся цудоўныя вырабы і дзецям. Дачка Галіна атрымала адукацыю педагога, выйшла замуж за аднакласніка, разам з якім асталяваліся ў Маскве. Прыязджаючы ў госці на малую радзіму, абавязкова вязе з сабой у расійскую сталіцу крупіначку беларускіх узораў, створаных таленавітымі рукамі матулі. Рада бабуліным падарункам унучка Даша, якая вучыцца ў 9 класе ў адным з маскоўскіх ліцэяў і ўжо дасканала асвоіла англійскі. У апошні час яна моцна захапілася культурай Японіі, вывучае мову ўсходняй суседкі і марыць там пабываць.

Сын Аляксандр таксама вучыўся на настаўніка, некаторы час жыў у Баранавічах. Зараз пераехаў у Мікашэвічы, працуе слесарам на “Граніце”. Разам з жонкай і дзецьмі яны захапляюцца пляценнем з паперы. Вялікая ваза, атрыманая Аленай Васільеўнай ад іх у падарунак, заняла ганаровае месца ў пакоі. Як і мядзведзік, якога сын вырабіў з дрэва, асвойваючы асновы разьбы.

Унук Андрэй атрымлівае радыётэхнічную спецыяльнасць, унучка Насця вучыцца ў 4 класе гімназіі імя У. Нядзведскага. Наведвае гурток народнай творчасці, і на святы дорыць бабулі часцінку свайго сэрца ў самастойных вырабах. Ды іначай і быць не можа — бачачы самабытны музей у хаце, дзіцячыя рукі цягнуцца да стварэння прыгожага.

На пытанне, колькі часу патрабуе тая ці іншая работа, майстрыха на хвіліначку змаўкае і называе зусім розныя тэрміны. Усё залежыць ад таго, што менавіта патрабуецца зрабіць. Ці адпавядае тканіна, і з якім настроем бярэцца за справу. Часам хапае пару дзён, карпенне над іншай зацягваецца на некалькі тыдняў.

Акрамя ткацтва і вышыўкі Алена Васільеўна добра валодае вязаннем спіцамі і кручком. Амаль усе ручнікі абабраны разнастайнымі ўзорамі. І хаця пальцы ад стомы часам становяцца не зусім паслухмянымі, нельга перадаць словамі тое задавальненне, асаблівы стан душы, калі задуманае вылілася ў цудоўна выкананую работу, ператварылася ў жаданае.

Жанчына даўно атрымала прызнанне за сваё захапленне. Атрымлівала Ганаровыя граматы за захаванне і развіццё народнай творчасці. Мае Дыплом ад райвыканкама ў намінацыі “Лепшы майстар” за актыўны ўдзел у выставах на кірмашах 2013 года. Годна прадстаўляла свае работы на фестывалях абласнога маштабу.

На свята вёскі атрымала каштоўны падарунак з рук старшыні сельвыканкама. Падарыла работы для праваслаўных храмаў у Сінкевічах, Лахве і Рэдзігерава. Калі ўнукі ехалі на аздараўленне ў Ірландыю, Канаду і Іспанію, то абавязкова везлі з сабой у далёкія краіны бабуліны вышыванкі і тканыя вырабы. А колькі падзякі неслася жанчыне ў зваротным напрамку ад здзіўленых іншаземцаў!

Ствараючы штучную прыгажосць, у сям’і Капліч не забываюцца шанаваць і жывыя кветкі. Падворак зіхаціць разнастайнымі колерамі, водар узнімаецца да аблокаў. Магчыма, менавіта ад жывой прыроды з яе непаўторнасцю ў ваколіцах маляўнічай вёсачкі Лутавень і чэрпае сілы для творчасці вясковая майстрыха.

Марыя Яраховіч

Дадаць каментарый

Войти с помощью: