Сакрэты «Чароўнага пэндзліка»

ольга тельпук

Імі валодае кіраўнік аднайменнага аб’яднання па інтарэсах Цэнтра дзіцячай творчасці Вольга ЦЯЛЬПУК, чые выхаванцы паспяхова выступаюць на конкурсах як раённага, так і рэспубліканскага ўзроўняў.

Ідзе трэці год, як Вольга Віктараўна займаецца маляваннем з таленавітымі дзеткамі. Будучую прафесію выпускніца СШ №2 г. Лунінца атрымала ў Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы на факультэце мастацтваў і дызайну. Дагэтуль у памяці хавае цікавыя заняткі сваёй настаўніцы Аксаны Сцяпанаўны Куліковіч. Ад яе пераняла цудоўную рысу сапраўднага педагога — знайсці запаветны ключык ад маленькіх сэрцайкаў, каб раскрыць усе здольнасці хлопчыкаў і дзяўчынак.

Іх сёння хапае: у 7 групах, з якіх адна сфарміравана на платнай аснове, займаюцца да 15 чалавек. Дзеткі — самага рознага ўзросту, але, як прызналася Вольга Віктараўна, найцікавей працаваць з 5-6-годкамі. Для іх усё здаецца ў навінку: парты, прыналежнасці, тэхніка выканання. Трэба бачыць, з якім запалам і энтузіязмам яны двойчы на тыдзень спяшаюцца на заняткі! Каб малышы не стаміліся на 1,5-гадзінных сустрэчах, іх чаргуюць перапынкамі і фізкультхвілінкамі. Зусім невялікім падаецца адведзены час для старэйшых выхаванцаў. Але ўсё роўна кожны імкнецца запомніць тэмы як мага лепш. Зрэшты, як і асвоіць разнастайныя тэхнікі: малююць тут акварэллю, каляровымі алоўкамі, гуашшу, пастэллю, гелевымі ручкамі. З ахвотай вывучаюць нетрадыцыйныя спосабы творчасці. Напрыклад, клякса- і воскаграфіі, гратаж (васковыя крэйды + чорныя фарбы + драпіны), монатыпію (адбіткамі). Але, вядома, любыя ўрокі пачынаюцца з азоў. Вось і Вольга Віктараўна абавязкова тлумачыць дзеткам, як правільна сядзець, адкуль павінна падаць святло. Увогуле, трымацца галоўнага прынцыпу ў любой справе — ісці ад простага да складанага.

Вынік дзейнасці педагога крыецца ў дасягненнях выхаванцаў. Радуе, што імёны юных жыхароў Лунінеччыны вядомы ў Беларусі. Так, Маргарыта Жук яшчэ ў 2013-ым атрымала Дыплом I ступені ў XVII рэспубліканскай выставе-конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная Зорка” ў намінацыі “Лялька”. Летась парадавалі Юлія Бусько і Карына Чарнавокая. Абедзве дзяўчынкі адзначаны ў рэспубліканскім конкурсе дзіцячага малюнка “Арх-Навацыя-2014”: першая — Дыпломам III ступені, другая — Граматай Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі ў намінацыі “Жывапіс”. Дарэчы, Юля вярнулася дамоў яшчэ з адной узнагародай — Падзякай аргкамітэта конкурсу “Адпачынак у вёсцы”, праведзенага ў рамках інфармацыйна-адукацыйнай кампаніі “Простыя рэчы”. Шматлікімі раённымі дасягненнямі можа ганарыцца Уладзіслаў Сайко. Таленавіты юнак заахвочаны ў аглядзе-конкурсе мастацкага плаката “Небяспека — СНІД” (другое месца), “Выратавальнікі вачамі дзяцей” (лідар у намінацыі “Малая архітэктурная форма), а таксама ў вышэй названай “Каляднай Зорцы” (першае — на раённым этапе, за ўдзел — на рэспубліканскім).

Сама Вольга Цяльпук можа ганарыцца Дыпломам Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, які атрымала за прафесійную дзейнасць па развіццю творчых здольнасцей навучэнцаў і высокія вынікі. Мяркуючы па захопленасці выбранай справай, упэўнена, што наперадзе яе чакаюць новыя перамогі!

НА ЗДЫМКУ: прыгожыя асеннія галінкі неўзабаве атрымаюцца ў Васіліны ВАНЮК, Ксеніі СОЦ, Юліі ЖУКОЎСКАЙ, Ульяны КЭЛКЭЙ, Юліі КАЗАЧОК, Кацярыны АКІШАВАЙ, Анастасы ВАРОНІЧ, Эвеліны ЛАСЕВІЧ і Аляксандра ГЕЦМАНА пад пільным кіраўніцтвам Вольгі ЦЯЛЬПУК

Дадаць каментарый

Войти с помощью: