Шанцы на жыццё

курсевич

Як звычайна, мы пагаварылі з бабуляй па тэлефоне. Дзяжурныя фразы: “Маўляў, усё добра, унучка, не хвалюйся. Да заўтра!». Раптам праз гадзіну званок. Ледзь пачула ў трубцы: “Дрэнна…”. Паралельна выклікаючы “Хуткую», разам з мужам тэрмінова накіраваліся ў вёску. Машыны — наша і медыкаў пад’ехалі практычна адначасова. “Інсульт» — дыягназ проста “выбіў » зямлю з-пад ног…

Гэты выпадак здарыўся даўно. Разам з загадчыкам неўралагічнага аддзялення раённай бальніцы Тадэвушам КУРСЕВІЧАМ мы паставілі бабулю на ногі, і пасля страшнай хваробы яна пражыла да глыбокай старасці.

—    Сапраўды, шанцы ў пацыентаў ёсць. Вельмі важна звярнуцца за кваліфікаванай дапамогай у першыя 4-6 гадзін пасля так званага “ўдару”, — пачаў гутарку доктар. — Уявіце сабе: у Лунінецкім раёне амаль кожны дзень у кагосьці здараюцца інсульты. Мінулыя выхадныя таксама не сталі выключэннем. Усяго ж за 9 месяцаў 2015 года з вострымі парушэннямі мазгавых кровазваротаў да нас звярнуліся 242 чалавекі. На жаль, 43 з іх выратаваць не ўдалося.

—    Што такое інсульт і з-за чаго ён узнікае?

—    Гэта агульная назва захворванняў, якія падраздзяляюцца на інфаркты (трамбоз сасудаў) і кровазліцці. Прасцей кажучы, уявіце звычайнае дрэва: яго ствол — галаўны мозг, а галінкі — сасуды. Па іх праходзіць кроў да ўсіх органаў чалавека. Сэрца атрымлівае кісларод і пажыўныя рэчывы праз каранарныя артэрыі. Калі крываток у іх раптоўна спыняецца, адбываецца інфаркт. Аналагічным чынам здараюцца інсульты — толькі ў галаўным мозгу. У нармальнага чалавека ён функцыянуе, калі праз яго праходзіць кроў і адпаведна дастаўляюцца кісларод і пажыўныя рэчывы. У выпадку іх адсутнасці, тканкі мозгу пашкоджваюцца.

На жаль, нашы людзі не прывучаны сачыць за сваім здароўем. Ну, “зашумела” нешта ў галаве — авось, пройдзе. “Падскочыў” ціск — таблеткай яго знізім. “Схапіла” галава — паляжым крыху. Пра тытунёвую і алкагольную залежнасці і казаць шмат не трэба… I кожны патэнцыяльны пацыент забывае пра свае назначэнні. Урачы ж скрупулёзна падбіраюць лячэнне! Калі прызначылі прэпарат, яго важна прымаць пастаянна! I датычыць гэта як высокага артэрыяльнага ціску, так і цукровага дыябету.

Таксама неабходна сачыць за ўзроўнем халестэрыну. Менавіта ад яго залежыць, наколькі эластычнымі будуць нашы сасуды. Усе, напэўна, чулі пра атэрасклератычныя бляшкі. На жаль, пазбавіцца ад іх немагчыма, а вось кантраляваць — пад сілу.

—    Ці можна самастойна дыягнаставаць інсульт і як дапамагчы чалавеку?

—    Перш за ўсё, шукайце асіметрыю. У хворага могуць анямець канечнасці, ці яго турбуюць аднабаковы галаўны боль. Кружыцца галава, млоснасць, ірвота — усё гэта паказанні для тэрміновага выкліку ўрача. Да прыезду брыгады медыкаў можна даць чацвёртую частку таблеткі аспірыну і 5 таблетак гліцыну пад язык. У нашай бальніцы ёсць сучаснае абсталяванне, якое дазваляе 100-працэнтна ставіць правільныя дыягназы. Усе 35 ложкаў у неўралагічным аддзяленні запоўнены пастаянна. Прычым, 20 з іх — пацыентамі з інсультамі. Гэта не ўлічваючы тых, хто трапляе ў рэанімацыю. Паспяховае лячэнне залежыць не толькі ад медыкаментаў, але і ад догляду блізкіх. Рэабілітацыя ж працягваецца на базе Кажан-Гарадоцкай участковай бальніцы. Людзей накіроўваем таксама ў Пінск, Брэст і Бярозу.

—    Любое захворванне лепш папярэдзіць…

—    Бадай, інсульты — крыху не той выпадак. Ды і колькасць паўторных — пакідае жадаць лепшага. Тым не менш, каб пазбегнуць захворванняў, важна не паддавацца стрэсам, правільна харчавацца, умерана займацца фізічнымі нагрузкамі, прымаць рэкамендаваныя прэпараты, сачыць за вагой цела, узроўнем глюкозы ў крыві і халестэрынам. Усё гэта разам з падтрымкай блізкіх і сяброў могуць працягнуць жыццё!

Гутарыла Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ

Дадаць каментарый

Войти с помощью: