Святло настаўніцкага дома

дворец

Рэха “ліхіх” дзевяностых пазбавіла ветэранаў педагагічнай працы ў XXI стагоддзі цывілізаваных выгод — электрычнасці на лесвічных пляцоўках і ў падвальных памяшканнях жылога дома па вуліцы Новая, 4 у Дварцы.

“Даўно выпісваем “Лунінецкія навіны”, асабліва радуемся матэрыялам пра такіх жа, як самі, пенсіянераў. I наколькі горка і крыўдна становіцца на душы, калі згадваем пра “клопат аб нас”, — такімі радкамі пачынаўся ліст, дасланы па электроннай пошце ў рэдакцыю. Мы выехалі па названым адрасе, каб на месцы высветліць усе абставіны скаргі.

Патрэбны дом размешчаны насупраць мясцовай яслі-сад-сярэдняй школы. Першыя асеннія замаразкі чорнымі плямамі пакрылі лістоту на кветніку перад пад’ездамі. Але сям-там радуюць вока фіялетавыя хрызантэмы ды аранжавыя аксаміткі.

—    Нашы жанчыны любяць займацца кветкамі, — сустрэў на прыступках Леанід Крышталь. — Вясёлкавая прыгажосць пануе з ранняй вясны да позняй восені. Вось бы яшчэ навесці парадак з асвятленнем! Праходзьце ў дом, вас чакаюць…

Да гутаркі далучыліся Варвара Крышталь (на здымку), Тамара Якубовіч, Наталля Акішава, Ніна Кузьміч і іншыя жыхары.

—    У маладосці настаўнічалі ў школе. Вельмі радаваліся, калі атрымалі жыллё, — успамінаў Леанід Паўлавіч.

—    3 часам кожная сям’я кватэры прыватызавала. Заключылі дагаворы з газавай гаспадаркай, “Водаканалам”, раёнам электрасетак, жылкамунгасам. На лесвічнай пляцоўцы стаяў агульны лічыльнік святла. Звычайна накручваў за месяц 24 кілаваты, што складала ад 2 да 7 тысяч рублёў. Гэтую суму аплачваў аддзел адукацыі. Але неўзабаве з раёна электрасетак атрымалі прадпісанне, што святло “абрэжуць” з-за адмовы плацельшчыка выконваць свае абавязацельствы. “Падарожжа” па кабінетах чыноўнікаў станоўчых вынікаў не дало. Сёлетняй вясной мы засталіся без святла.

—    У доме нас, пенсіянераў, шасцёра, — працягнула Варвара Георгіеўна. — Кожны хварэе: хтосьці на ногі, хтосьці пасля інсульту. Ёсць і маладыя сем’і, чые дзеткі ходзяць у школу. А, бывае, “Хуткую дапамогу” выклікаем ноччу. Скажыце, як сустракаць медыкаў у цемры? Са свечкай? 3 ліхтаром? Ці тыя ж гаспадыні, што нарыхтавалі на зіму агародніну. Ім слоікі трэба несці з падвала навобмацак? Ці бульбы ўзяць? Не так цяжка ўдваіх, але ж у суседнім пад’ездзе жывуць адзінокія людзі…

— Мы не адмаўляемся плаціць за электрычнасць! — заўважыла Наталля Міхайлаўна. — Ні ў касу аддзела адукацыі, ні ў раён электрасетак! Ды ўсюды нам казалі, што гэта будзе незаконна.

Як паведаміў намеснік начальніка па фінансава-гаспадарчай частцы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Пётр Хвастоў, дом з 2008 года з балансу зняты. А, значыць, юрыдычных падстаў для аплаты за электрычнасць няма. I справа нават не ў дробных сумах. Проста гэта няправільна з тэхнічнага і бухгалтарскага пункту гледжання. Пётр Яўгенавіч прапанаваў жыхарам стварыць жыллёвы кааператыў ці вывесці лічыльнік з любой кватэры на лесвічную пляцоўку.

За кампетэнтным тлумачэннем звярнуліся да намесніка старшыні райвыканкама Руслана Хоміча, які ўдакладніў, што пры зняцці з балансу дом павінны былі перадаць таварыству ўласнікаў. Паколькі і яго не існуе, Руслан Васільевіч раіць жыхарам правесці агульны сход: можна ў Дварэцкім сельвыканкаме — па вызначэнню ўпаўнаважанай асобы па кіраванню агульнай маёмасцю, ці самастойна — шляхам галасавання, занатаваўшы ўсё ў пісьмовым выглядзе ў пратаколах. Гэты чалавек зможа ад імя жыхароў заключыць грамадзянска-прававы дагавор па асвятленню месцаў агульнага карыстання.

Спадзяемся, педагогі так і зробяць, тым больш, што сярод іх ёсць маладыя сем’і. Напрыклад, Вольга і Дзмітрый Богданы, якія выхоўваюць дзвюх дачушак-школьніц. Хочацца, каб у Лунінецкім раёне электрасетак абавязкова пайшлі насустрач гэтым людзям. Урэшце, усе мы некалі будзем пажылымі, а значыць, вартымі клопату не толькі блізкіх, але і дзяржавы. А яшчэ верым, што неўзабаве святло ў настаўніцкім доме абавязкова паявіцца.

Наталля Паўлюкевіч

Add Comment

Войти с помощью: