Трайное шчасце

елена ракович

Ім валодае мнагадзетная матуля Алена РАКОВІЧ з Міжлесся, якая разам з мужам Андрэем выхоўваюць Максіма, Васілісу і Захара. Чым напоўнены будні і святы жанчыны, не цяжка здагадацца: старэйшыя сынок і дачушка наведваюць дзіцячы сад, а малодшаму споўнілася 10 месяцаў. Але стомленасць ад шматлікіх паўсядзённых клопатаў знікае, калі любімыя малышы шчодра дораць бацькам свае ўсмешкі.

З Аленай Васільеўнай мы сустрэліся на ранішніку ў садзе. Прыгожа апранутыя Максім і Васіліса з гонарам прадэманстравалі прыгожую машыну, якую зрабілі для выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Прычым, больш фантазіі і выдумкі праявіў 5-гадовы Максім, што, па словах матулі, зусім не дзіўна. Хлопчык з маленства захапляецца тэхнікай, асабліва любіць трактары. Тата Андрэй Аляксандравіч працуе вадзіцелем у КУП “Міжлескае” і часам дазваляе сыну пасядзець у кабіне. Як жа свецяцца маленькія вачаняткі, калі малыш трымае руль! А яшчэ хлопчык не супраць паганяць на веласіпедзе, скласці пазлы. Па характару пайшоў у бацьку: спакойны і разважлівы.

Чаго не скажаш пра 3-гадовую Васілісу. Актывістка, аптымістка, цудоўная памочніца ў выхавальнікаў! Дарэчы, сястрычка нарадзілася ў той самы дзень, што і брацік, — 6 студзеня. Традыцыі двайнога свята ў сям’і не парушаюць. Якім стане маленькі Захар, пакажа час. Але ўжо зараз мама адчувае тую непарыўную сувязь, што нябачнымі нітачкамі звязвае жанчыну са сваімі дзецьмі.

Наталля ГРУДЗЬКО

Дадаць каментарый

Войти с помощью: