Аўтамат, які не страляе, а тэрмін адмярае

прокурор

У Лахве на перакрыжаванні вуліц Савецкая, Першамайская, Гарадоцкая і Рыбгасная над брацкай магілай воінаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ўзвышаецца манумент і з’яўляецца сведчаннем неўміручай памяці пра трагічныя падзеі.

Познім вечарам маладыя людзі, адзначаючы дзень нараджэння сябра, незаўважана апынуліся каля помніка. Аднаго з іх пацягнула на “подзвіг”: ён узяў і адламаў аўтамат…

Следчы камітэт у адносінах да 24-гадовага жыхара Лахвы за здзекі над брацкай магілай узбудзіў справу па ч.2 артыкула 347 Крымінальнага кодэкса. Знаходзячыся ў кабінеце пракурора раёна Аляксандра Карлюка, у прысутнасці следчага Сяргея Чарнавокага малады чалавек так і не змог растлумачыць, чаму ён пашкодзіў манумент, але зазначыў, што ў яго не было свядомага жадання разбураць. На жаль, у нашым грамадстве ёсць асобы, якія з грэбаваннем ставяцца да норм паводзін, у іх адсутнічае культура выхавання, павага да таго, што зроблена рукамі чалавека. Менавіта ў іх катэгорыю трапіў і жыхар Лахвы, які на момант учынення правапарушэння не думаў, што яму давядзецца трымаць адказ перад судом.

Аляксандр Паўлавіч уважліва азнаёміўся з матэрыяламі справы. Аказалася, што на працягу толькі гэтага года вясковец 8 разоў трапляў у поле зроку праваахоўнікаў — менавіта столькі адміністрацыйных пратаколаў складзена на маладога чалавека. Прычым, яго “подзвігі” ішлі поруч з алкаголем. Улічваючы ўсе абставіны, у тым ліку, што захаванне патрабаванняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны знаходзіцца на асаблівым кантролі дзяржавы, пракурор прыняў рашэнне ў адносінах да падазраваемага прыняць меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Малады чалавек прызнаў сваю віну і нават кампенсаваў урон у памеры 1 мільён рублёў. Аднак канчатковае слова — за судом. Згодна з заканадаўствам, за такія дзеянні можа пазбавіцца волі на тэрмін да 5 год.

Алена Даніловіч

Add Comment

Войти с помощью: