Ці пагражае рынку і гандлёвым цэнтрам калапс?

рынок

Да 1 студзеня, калі зменяцца правілы работы індывідуальных прадпрымальнікаў, застаецца месяц. Многія ІП, не змяняючы ў сваёй дзейнасці нічога на працягу многіх год, не спяшаюцца і цяпер. Іншыя пачынаюць разважаць, як працаваць у новых умовах. Ці застанецца прадпрымальніцкі бізнес у 2016 годзе?

Каб высветліць настрой “іпэшнікаў”, накіравалася на рынак. Пакупнікоў і прадаўцоў стала менш, ды і асартымент тавараў не такі багаты.

Дырэктар рынку Барыс Веляскевіч паведаміў, што сёлета завяршылі рэканструкцыю, усталяваўшы 120 ралетаў. Менавіта столькі прадугледжваў праект. Трэба адзначыць, колькасць ралетаў меншая, чым жадаючых іх арандаваць. Нягледзячы на тое, што плата ўзрасла (палатка — 288 000, ралет — 977600 рублёў у месяц), прадпрымальнікі не скардзяцца, бо адпала неабходнасць карыстацца складскімі памяшканнямі і паслугамі грузчыкаў, што таксама патрабавала дадатковых расходаў.

“Іпэшнікі” чакаюць Новага года з настроем, які складана назваць святочным.

Таццяна Іванаўна:

– Пасля 1 студзеня прадпрымальнікам, якія плацяць адзіны падатак, забараняецца ажыццяўляць дзейнасць. На маю думку, гэта – калапс рынкаў, гандлёвых цэнтраў усёй краіны. Калі пойдзе асноўная маса – 70-80 працэнтаў, то і тым людзям, якія будуць мець права на ажыццяўленне дзейнасці, таксама не будзе сэнсу рабіць гэта. Баюся, што вялікая колькасць прадпрымальнікаў і іх сем’і застануцца без сродкаў на існаванне.

Васіль Мікалаевіч:

– З 1 студзеня планую адправіцца ў водпуск. Разлічваю на тое, што ў чарговы раз нешта зменіцца, і нам дадуць палёгку.

Ірына Міхайлаўна:

– У мяне – скургалантарэйная прадукцыя. Разумею, што сітуацыя складаная, таму перайшла на гандаль таварамі айчынных вытворцаў. З дакументамі праблем няма. Ёсць і накладныя, і сертыфікаты. А вось што датычыць выручкі, то яна жадае быць лепшай.

Вольга Халімоўская:

– Тыя, хто рэалізуе тавар на рынку, купляюць яго дробным оптам. Для таго, каб набыць сертыфікат на той жа абутак, трэба здаць на экспертызу ўпакоўку (50 пар) і выдаткаваць круглую суму, што не пад сілу рыначнікам. Гэтым павінны займацца аптовыя імпарцёры. Прадпрымальнікі згодны на павелічэнне адзінага падатку, а вось сертыфікаты – сапраўдная праблема. Я пакуль не збіраюся развітвацца з рынкам, на большую частку тавараў у мяне ёсць неабходныя дакументы. Аднак, думаю, што многія не змогуць працаваць у новых умовах. І яшчэ, мы, беларускія прадпрымальнікі, прытрымліваемся строгіх правілаў. Сумна канстатаваць, што яны вельмі часта не распаўсюджваюцца на іншаземцаў. Так не павінна быць. І мясцовым уладам варта кантраляваць сітуацыю.

Тамара Іванаўна:

– Напэўна, давядзецца развітацца з прадпрымальніцкай дзейнасцю. Цяпер усе спадзяванні – на заробкі мужа. Паспрабую знайсці работу на дзяржпрадпрыемствах, але не думаю, што гэта будзе проста…

Сапраўды, аптымістычнага мала. Многія прадпрымальнікі набываюць імпартныя тавары з трэціх краін на аптовых рынках у Маскве – на тэрыторыі Мытнага саюза (МС), у рамках якога дзейнічаюць адзіныя правілы. Аднак факты адсутнасці дакументаў у некаторых аптовых прадаўцоў маюць месца. Многія з іх падказваюць, дзе можна купіць сертыфікаты і накладныя. Аднак такіх прадаўцоў трэба пазбягаць, каб не набыць непрыемнасці ў выглядзе штрафаў і канфіскацый пасля 1 студзеня 2016-га. На жаль, калі ІП гандлюе толькі такімі таварамі, то шанцаў застацца на рынку пасля Новага года сапраўды няма.

Гэта пацвердзіў і намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч:

– Згодна з указам Прэзідэнта №222 аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці, з 1 студзеня 2016 года ІП павінны будуць рэалізоўваць прадукцыю лёгкай прамысловасці, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакументамі. Прадпрымальнікі неаднаразова заяўлялі, што не змогуць працаваць у новых умовах, але іншага шляху няма.

Каб не трапіць у лік парушальнікаў, патрэбна выконваць тры пункты. Па-першае, гандлёвыя месцы павінны быць вызвалены ад рэшткаў. Ніякіх дакументаў на нерэалізаваны тавар запаўняць не трэба, яго неабходна вывезці з гандлёвага аб’екта. Санкцыі за парушэнне гэтага патрабавання прадугледжаны артыкулам 12.7 КоАП Рэспублікі Беларусь: ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці, калі ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі такая дзейнасць з’яўляецца незаконнай і (або) забараняецца, – на індывідуальнага прадпрымальніка – ад 20 да 200 базавых велічынь з канфіскацыяй даходу, атрыманага ў выніку такой дзейнасці.

Па-другое, усе тавары на гандлёвых месцах, складах, а таксама пры перамяшчэнні павінны пацвярджацца накладнымі, у якіх адлюстроўваюцца набыццё і паступленне тавару. Гэта рэгламентуецца артыкулам 12.17 КоАП. За невыкананне патрабавання пагражае штраф на індывідуальнага прадпрымальніка або юрыдычную асобу ў памеры ад 30 да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй тавараў, незалежна ад таго, у чыёй уласнасці яны знаходзяцца, выручкi, атрыманай ад рэалізацыі тавараў, выканання работ, аказання паслуг, або без канфіскацыі.

І трэці момант – усе тавары павінны мець сертыфікат якасці. Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў” пакупніку неабходна прадаставіць звесткі аб сертыфікацыі (дэклараванні) тавару, калі той падлягае абавязковай сертыфікацыі (дэклараванню) (артыкул 7). Прадавец абавязаны забяспечваць бяспеку тавару на працягу ўстаноўленага тэрміну прыдатнасці або службы. Закон забараняе рэалізацыю тавараў, якія падлягаюць абавязковай сертыфікацыі (дэклараванню), без наяўнасці пацвярджэння праходжання працэдуры сертыфікацыі (дэкларавання). Акрамя таго, Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжаны штраф за падман спажыўцоў (артыкул 12.16) у памеры ад 2 да 25 базавых велічынь з пазбаўленнем права займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення. А за парушэнне правілаў гандлю і заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў, артыкул 12.17 – штраф да 10 базавых велічынь, а пры паўторным парушэнні на працягу года – ад 10 да 30.

Прадстаўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю і Дзяржстандарта маюць права скласці пратакол за продаж прадукцыі без сертыфіката адпаведнасці ці дэкларацыі або з неправамерным выкарыстаннем знакаў адпаведнасці. За гэта пагражае штраф на работніка – ад 2 да 15 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка або юрыдычную асобу – да 200 працэнтаў кошту рэалізаванай прадукцыі, а пры немагчымасці яго ўстанаўлення – да 500 базавых велічынь.

Ці змогуць індывідуальныя прадпрымальнікі працягнуць работу ў новых умовах? Хто правільна зарыентуецца ў эканамічнай сітуацыі і выбярэ патрэбную стратэгію, у тым ліку і таварную, той і будзе працаваць далей. Рынак не церпіць пустаты…

Алена Даніловіч

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.