На мяжы…

рейд

Неяк у сацыяльных сетках на вочы трапіў анекдот: “Аб’ява ў дзіцячым садзе. Шаноўныя
бацькі! Сачыце за сваімі паводзінамі на выхадных. У панядзелак за снеданнем хлопчыкі і дзяўчынкі чокаюцца!”. Але, згадзіцеся, усё гэта было б смешна, калі б ні было так сумна… У тым, што ідэйны натхняльнік падобных жартаў – само жыццё, упэўніў чарговы рэйд па сем’ях, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Па трывожных адрасах накіраваліся сацыяльны педагог сацыяльна-педагагічнага цэнтра Лунінецкага раёна Святлана Сыціна, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Ала Віктаровіч, участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Аляксандр Гнедзька і першы намеснік начальніка РАНС Эдуард Санюковіч. Забягаючы наперад, адзначу, што дамы з нядобранадзейнымі гаспадарамі ў большасці сваёй вельмі падобныя, і іх можа вылічыць нават недасведчаны чалавек: па прымацаванай да разбітых шыбаў у вокнах поліэтыленавай плёнцы, заросшым бур’яном прысядзібным участку, зламанай агароджы ці наогул яе адсутнасці… Аб тым, што ў такіх умовах жывуць дзеткі, красамоўна раскажуць раскіданыя сям-там цацкі, а дакладней тое, што ад іх засталося…

Прыкладна такі малюнак назіралі ў Велуце каля хаты, завяршаючай адну з вясковых вуліц. Звонку тыпавы будынак – адзін з тых, якія сельгасарганізацыі ўзводзяць для сваіх працаўнікоў. Што робіцца ўнутры, не перадаць словамі. Адарваныя шпалеры, брудная падлога і сцены, практычна ні адной ручкі ў дзвярах і лямпачкі – у люстрах, павуцінне, раскіданыя рэчы, мухі… Нават кот павольна расхажваў па абедзенным стале, а пасля гэтак жа смела скокнуў на адзін з ложкаў. Цяжка ўявіць, што тут жыве сям’я, дзе выхоўваюцца дзве дзяўчынкі. Прычым, мама знаходзіцца ў водпуску па догляду за малодшай дачушкай. Няўжо не стае часу жанчыне, каб навесці элементарны парадак? Ніхто ж не патрабуе шыкоўных рамонтаў… Пра тое, што старэйшая дзяўчынка марыць аб нармальных бытавых умовах, сведчыў фотаздымак на сцяне – выява чыстага пакою, з прыгожымі светла-зялёнымі шпалерамі, белымі шторамі і такім жа ложкам. Напэўна, застаўся на памяць аб адпачынку ў лагеры… На жаль, сустрэцца з гора-бацькамі не ўдалося. Дома была толькі свякроў, якая прыглядвала за малодшай унучкай. Эдуард Санюковіч выказаў ёй свае заўвагі. Жанчыну таксама папрасілі перадаць дзецям, калі тыя не пазбавяцца ад антысанітарыі, дзяўчынак забяруць у прытулак.

Як жывецца ў сацыяльна-педагагічным цэнтры Лунінецкага раёна, не па чутках ведае хлопчык з Навасёлак. Яго матуля злоўжывае спіртнымі напіткамі – выдае знешні выгляд. Нідзе не працуе. На ўліку ў цэнтры занятасці не стаіць. Адзіны даход сям’і – заробак мужа. Напэўна, грошай хапае на самае неабходнае: ежу, вопратку, бо складанай бытавой тэхнікі ў доме не заўважылі. Халадзільнік – і той савецкіх часоў. Мужчына не хаваў надзеі, што хутка ўсё зменіцца ў лепшы бок, таму што ўгаварыў сваю жонку звярнуцца за дапамогай да медыкаў. Рэкамендавалі госці пазбавіцца ад яшчэ адной заганнай звычкі – курэння. Хаця прагучала запэўніванне, што даўні аматар цыгарэт – бацька жанчыны, з якім жывуць разам. Ён перанёс два інсульты, патрабуе пастаяннага догляду. Дапамагаць у гэтай справе прыехаў яго сын. Прадстаўнік пажарнай службы заклікаў больш пільна сачыць за хворым, пажылым чалавекам.

Не адзін год запар у ліку нядобранадзейных значыцца сям’я з Вялікіх Чучавіч. Старэйшая дачка паспела стаць паўналетняй, зацяжарыла, разам з сужыцелем жывуць асобна. Бацькі клапоцяцца пра малодшую, але справіцца з 15-гадовай дзяўчынкай не атрымліваецца. Мама – інвалід першай групы, практычна не ходзіць. Юную вяскоўку, на жаль, дома не засталі.

– У школу хадзіць не хоча, кампаніі ёй падавай! Я ж іх дрэннаму не вучу! –пазіцыя таты падалася не зусім зразумелай. Хто, як ні дарослыя, павінны сачыць за дзецьмі, прывучаць іх да хатніх абавязкаў, дапамагаць з урокамі, цікавіцца, з кім і дзе тыя адпачываюць. А калі за выпіўкай не стае для гэтага часу, дык вінаваціць трэба толькі сябе! Хацелася нагадаць вядомую прымаўку: “Яблык ад яблыні далёка не ўпадзе”.

Зусім нядаўна знялі з уліку адну сям’ю з Вялікіх Чучавіч. Тут гадуюцца чацвёра непаўналетніх дзяцей. Убачаная сітуацыя задаволіла гасцей, якія ўжо накіраваліся на выхад. Раптам Эдуард Санюковіч папрасіў малых паказаць, дзе ў доме ляжаць запалкі. Старэйшы хлопчык прывёў усіх на кухню.

– Гэта недаравальна! – канстатаваў Эдуард Васільевіч. – Сыны і дочкі не павінны ведаць, дзе дарослыя захоўваюць падобныя рэчы!

“Жучок” у засцерагальніку электралічыльніка выявілі ў доме па наступным адрасе. Яго гаспадыня – пенсіянерка – заплаціць штраф. Жанчына расказала, што дачка, на дзяцей якой прыехалі паглядзець удзельнікі рэйду, толькі выпісалася з радзільнага аддзялення, дзе стала матуляй у трэці раз. Яе сям’я вырашыла купіць асобнае жыллё. Рушылі па ўказаным маршруце. Драўляная хата ўпаўне прыдатная, але шмат пытанняў узнікла ў прадстаўніка РАНС. Маладыя бацькі прадэманстравалі рэчы для нованароджанага, запэўнілі, як толькі аформяць неабходныя дакументы, абавязкова зробяць рамонт.

Не без падказак жыхароў Малых Чучавіч знайшлі наступны патрэбны дом. Трое дзетак. Двайняты ходзяць у школу, самы маленькі – у старшую садаўскую групу. Іх маці нідзе не працуе, не вядзе прысядзібную гаспадарку. Бацька ездзіць на заробкі ў Расію. Абодва злоўжываюць спіртнымі напіткамі і не выконваюць належным чынам сваіх абавязкаў па выхаванню нашчадкаў. Увесь час, пакуль мы гутарылі, дзеці сядзелі на канапе, раз-пораз моцна кашляючы. Спыталі, чым займаюцца на канікулах, яны прамаўчалі. Папрасілі паказаць кніжкі з казкамі ці размалёўкі, і тых не знайшлося… На што траціць заробленыя грошы бацька, расказаў ён сам. Дакладней, спрабаваў гэта зрабіць, але язык, што заплятаўся, перашкодзіў узаемаразуменню. Наўрад ці на наступны дзень ён нават успомніў аб нашай сустрэчы.

Затое не забудзе нечаканага візіту маці дваіх непаўналетніх дзяцей з Вялікіх Чучавіч. Жанчына аформлена па догляду за сынам-інвалідам. Але цікавяць яе больш праблемы асабістага жыцця. Па выніках рэйду вырашана прызнаць хлопчыка і дзяўчынку, трапіўшымі ў сацыяльна небяспечнае становічша.

Наша паездка завяршылася ў Вічыне. Два месяцы таму сям’ю паставілі на ўлік нядобранадзейных. Сітуацыя крыху палепшылася, але парадку і чысціні ў пакоях бацькі не навялі дагэтуль. У тым, што пасцельная бялізна для дзяцей настолькі шэрая, матуля чамусьці абвінаваціла пральную машыну. Не лепш выглядалі і іншыя рэчы, што сушыліся на вуліцы.

– Ці працуеце?

– Не, езджу на моркву, – з усмешкай адказвала на пытанні.

Гэтак жа з жартамі дэманстравала прадукты ў халадзільніку. Але асабіста мне было не да весялосці. Ведаеце, у адным з дамоў, дзе пабывалі ў той дзень, на абедзеным стале ляжала наша газета. Значыць, яшчэ не ўсё страчана. І такія памкненні, каб дзеці былі накормленыя, адзетыя, абутыя, занятыя карыснай справай, пераважаюць над бацькоўскай абыякавасцю. Людзі падышлі да мяжы, якая аддзяляе іх ад страшнай бездані. Але ёсць шанц не рабіць ракавога кроку.

Наталля Паўлюкевіч

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.