Некалькі радкоў пра людзей працы

Мастацкі кіраўнік Лахвенскага СДК Алена Вокса і тэхработнік Наталля Байда на даму павіншавалі былых калгаснікаў, якія ў свой час былі ў ліку перадавых у мясцовай тагачаснай гаспадарцы «Перамога».

Вольга Карпаўна Вішнявецкая нязменна працавала аграномам, у любое надвор’е на кані аб’язджала шматлікія палеткі. Час быў няпросты, тэхнікі не хапала, многае рабілася ўручную. Але стараннасць дапамагала мець добрыя ўраджаі, дасягаць перамог у спаборніцтвах. Мае мноства ўзнагарод, адна з якіх – Ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі. У наступным годзе ў яе чакаецца значны юбілей – 90-годдзе з дня нараджэння.

Іван Мікалаевіч Вокса быў жывёлаводам, яго жонка Вера Фёдараўна з 15 год працавала даяркай. Не параўнаць умовы працы на ферме таго часу з сённяшнімі. Ад непа-сільнай фізічнай работы апускаліся рукі, але прыходзіў новы ранак, і ўсё пачыналася спачатку. У сям’і старанна адносіліся да абавязкаў. Пастаянна атрымлівалі Граматы за плённую працу.

Таццяна Іванаўна Макоўская была перадавой даяркай. Дзеля гэтага даводзілася праводзіць на рабоце ўвесь час. Пра выхадныя заставалася толькі марыць. Лёс не шкадаваў бедную жанчыну – аўдавела, калі на руках засталося пяцёра малых дзяцей. Толькі яна здолела перамагчы цяжкасці, вытрымала, на ўсё хапала часу і сілы. Цяпер часта трывожаць успаміны пра перажытае.

Станіслаў Адамавіч Акінчыц прысвяціў сябе рабоце вадзіцеля. У калгасе не хапала машын, часам даводзілася працаваць за дваіх. Яго жонка Вольга Пятроўна прыйшла на ферму ў 15-гадовым узросце. Ніколі не было жадання нешта змяніць у жыцці, шукаць лягчэйшы занятак. Яны выгадавалі пяцёра дзяцей, зараз на заслужаным адпачынку.

Марыя Уладзіміраўна Байда працавала цялятніцай. Стаж работы складае 38 год. Колькі за той час было радасці і хваляванняў, па-рознаму даводзілася змагацца з цяжкасцямі, але маладосць і ўпэўненасць дапамагалі пераадолець праблемы.  Атрымлівала медалі рознай вартасці, ганарыцца ордэнам «Знак Пашаны».

Сцяпан Ільіч Дубойскі – ветэран Вялікай Айчыннай вайны. За ратную доблесць удастоены асаблівай узнагароды – медаля Георгія Жукава. Не менш старанным і адказным быў у мірным жыцці. Увесь час працаваў жывёлаводам, выбіраўся дэпутатам Лахвенскага сельскага Савета.

Няпроста расказаць пра доўгае і нялёгкае чалавечае жыццё некалькімі радкамі на газетнай старонцы. За падлікам працоўнага стажу – тысячы клапатлівых ранкаў, мітусня і паспешлівасць. Столькі ж разоў стомленымі, але задаволенымі вынікамі сваёй працы  былыя перадавікі вярталіся вечарам дадому, каб не адразу прылегчы адпачываць. Трэба было даглядаць жывёлу, упарадкоўваць агарод, выхоўваць дзяцей. Нягледзячы на недастатак вольнага часу, імкнуцца даць малым усё неабходнае ў маральным і матэрыяльным сэнсах.

Цяпер ім спяшацца няма куды. Дзеці дарослыя, унукі занятыя сваімі клопатамі, справы ў родным сельгаспрадпрыемстве вырашаюцца з дапамогай навейшай тэхнікі і сучасных тэхналогій. І менавіта дзеля таго, каб людзі, якія дбалі пра агульны дабрабыт шмат год таму, не адчувалі сябе пакінутымі цяпер, і арганізоўваюць работнікі культуры цікавыя сустрэчы.

Вяскоўцы былі рады віншаванням, згадвалі падзеі працоўнага мінулага, з удзячнасцю прымалі кветкі і святочныя паштоўкі. Прасілі заходзіць часцей, каб было з кім пагутарыць, падзяліцца хвалюючымі думкамі.

Як мала трэба для таго, каб зрабіць чалавеку прыемнае! Проста ўважліва выслухаць, зразумець, падтрымаць. Давайце будзем больш уважлівымі да тых, хто ствараў нашу агульную будучыню! Зараз ім усё цяжэй быць самастойнымі, бо ўзрост бязлітасна бярэ сваё. Але прадстаўнікі старэйшага пакалення прывыклі да цяжкасцей, яны рэдка скардзяцца, прымаючы адзіноту, як неабходнасць. І толькі ад нас, маладзейшых, залежыць, якой будзе іх старасць.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.