Пачуццё справядлівасці

карлюк 100

Менавіта гэтай рысай характару, па меркаванню пракурора Лунінецкага раёна Аляксандра КАРЛЮКА, павінны валодаць тыя, хто прысвячае жыццё юрыспрудэнцыі. Аб гэтым саветнік юстыцыі заявіў на сустрэчы, якая прайшла ў політэхнічным каледжы ў рамках маладзёжнага праекта “100 пытанняў даросламу”.

Юнакоў і дзяўчат віталі дырэктар навучальнай установы Андрэй Баўкуновіч і в.а. першага сакратара райкама ГА “БРСМ” Ігар Гаргун. Нагадаўшы правілы правядзення падобных сустрэч, Аляксандр Паўлавіч пачаў адкрыты і шчыры дыялог. Ён расказаў аб дзейнасці органаў пракуратуры, яе задачах і мэтах, а таксама спыніўся на асабістым жыцці. Невялікая паўза, якая некалькі секунд павісла ў актавай зале, змянілася шквалам пытанняў, прычым большасць задавалі прадстаўніцы цудоўнай паловы чалавецтва.

– Дзе вы нарадзіліся?

– У суседнім Пінску. Ці ёсць сярод вас землякі? – замест адказу ўзнялося шмат рук. – Там закончыў школу, пасля вучыўся ў Белдзяржуніверсітэце, размеркаванне атрымаў у пракуратуру роднага горада. Апошнія 2,5 гады працую ў Лунінцы.

– Ці можна пасля пастаноўкі на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх атрымаць юрыдычную адукацыю і марыць пра работу ў органах міліцыі?

– Па-першае, за тых, каму не споўнілася 14 год, па закону адказваюць бацькі. Старэйшыя падлеткі павінны самастойна ўсведамляць наступствы сваіх паводзін і ўчынкаў. Увогуле, усе звесткі аб правапарушальніках заносяцца ў адзіную дзяржаўную базу дадзеных. Ніхто забараніць вам паступаць у ВНУ не мае права. У выпадку, калі ўчынілі злачынства, давядзецца адказваць, але ўжо наўрад ці вас возьмуць на службу ў органы Міністэрства ўнутраных спраў, следчы камітэт, пракуратуру… Тым не менш, запомніце: пастаноўка на ўлік – не катастрофа, не канец жыцця. Кожны чалавек можа памыліцца, сысці з правільнай сцяжынкі. Трэба абавязкова даваць шанц на выпраўленне.

Вельмі падрабязна А.П. Карлюк расказаў пра страшную, але на жаль, папулярную ў маладзёжным асяродку з’яву – наркотыкі. Усяго з пачатку года на тэрыторыі Лунінеччыны выяўлена 17 фактаў гандлю наркатычнымі рэчывамі. Заканадаўчая база сёлета змянілася, і адказнасць за іх захоўванне, ужыванне і збыт істотна ўзрасла. Апошні прыклад – да 10 год калоніі агульнага рэжыму прыгаварылі навучэнцаў сельгаскаледжа, якіх у красавіку затрымалі са спайсамі. Увогуле, стваральнікі гэтай атруты пастаянна мяняюць яе састаў, каб знайсці лазейку і абысці закон. Колькі маладых людзей пайшлі з жыцця ў Беларусі па прычыне ўжывання спайсу! Жудасна ад усведамлення, што да смерці можа прывесці ўсяго адна спроба.

– Памятайце, ваша наіўная прапанова сябру “давай закурым” кваліфікуецца законам, як распаўсюджванне наркотыкаў. Не бярыце ў рукі і звычайных цыгарэт, асабліва дзяўчаты. Лепш наведвайце трэнажорныя залы, лядовую арэну, плавальны басейн! – раіў Аляксандр Паўлавіч.
Другая актуальная праблема, на якую звярнуў увагу пракурор раёна, – матэрыялы парнаграфічнага характару ў сацыяльных сетках. Недарэчны клік камп’ютарнай мышкай, або выпадкова адпраўлены “далікатны” здымак на тэлефон сябра могуць закончыцца сур’ёзным разбіральніцтвам.
Развітваючыся, Аляксандр Паўлавіч паабяцаў у перспектыве правясці выязны арышт і арганізаваць экскурсію ў ізалятар часовага ўтрымання. Некаторыя навучэнцы, магчыма, пасаромеўшыся задаць пытанні пры ўсіх, падыходзілі да госця асабіста. А.П. Карлюк уважліва выслухаў кожнага і даў пэўныя рэкамендацыі.

Наталля Паўлюкевіч

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.