Падатак на ўклады

налог на вклады

Пасля таго, як стала вядома, што Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Дэкрэт №7 “Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)”, у рэдакцыі раздаецца нямала тэлефанаванняў. Людзі цікавяцца новаўвядзеннямі і, перш за ўсё, тым, якія падаткі ўводзяцца на ўклады. Сёння паспрабуем даць тлумачэнні па найбольш значных змяненнях, прадугледжаных дакументам.

Перш за ўсё, варта адзначыць, што дзейнічаць Дэкрэт №7 пачне з 1 красавіка 2016 года. Менавіта пачынаючы з гэтай даты будуць абкладацца падаходным падаткам даходы па банкаўскіх укладах, размешчаных на кароткі тэрмін. Прычым, падатак у памеры 13 працэнтаў давядзецца плаціць не з асноўнай сумы ўклада, а з працэнтаў па дэпазітах, размешчаных на тэрмін менш як 1 год у беларускіх рублях і на тэрмін менш як два гады – у замежнай валюце. Акрамя таго, падатак будзе брацца толькі тады, калі працэнтная стаўка, па якой атрыманы даход, перабольшвае памер дзеючай у банку працэнтнай стаўкі па ўкладу да запатрабавання.

Суму падатку банк будзе разлічваць сам і гэтак жа самастойна будзе пералічваць яе ў дзяржаўны бюджэт. Няварта хвалявацца тым, у каго былі ўклады, адкрытыя да 12 лістапада 2015 года. Для іх усё застанецца па-ранейшаму, але толькі да заканчэння тэрміну дзеяння адпаведных банкаўскіх дагавораў.

Што датычыць уладальнікаў пластыкавых картак, на якія пералічваецца заработная плата, то яны, як правіла, не маюць зберагальнага характару і не падпадаюць пад падаткаабкладанне.

Як растлумачыў дырэктар ЦБП №119 філіяла 121 ААТ “АСБ “Беларусбанк” у г. Лунінцы Аляксандр Пукала, з 12 лістапада 2015 года ў краіне змянілася класіфікацыя банкаўскіх укладаў. Цяпер яны будуць падзяляцца на безадзыўныя і адзыўныя. Адзыўны дагавор дае магчымасць датэрміновага вяртання ўкладу па ініцыятыве ўкладчыка на канкрэтных умовах, якія пазначаны ў дагаворы. Безадзыўны дагавор магчымасці датэрмінова вярнуць уклад не дае. Інакш кажучы, да заканчэння тэрміну дзеяння дагавора грошы можна забраць толькі са згоды банка.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: