Сакрэт паспяховай службы

седов

Участковы оперупаўнаважаны ў адказе за тое, што адбываецца на тэрыторыі яго ўчастка. Ён абавязаны ведаць і ўмець арганізаваць першую дапамогу, захаваць бяспеку або эвакуіраваць людзей. Усё гэта ўласціва Мікалаю СЯДОВУ, які з 23 год службы ў органах унутраных спраў 18 выконвае абавязкі на пасадзе ўчастковага.

На замацаваным участку — тэрыторыі Дзятлавіцкага сельсавета — жыве 3300 чалавек, але на складанасці работы Мікалай Канстанцінавіч не скардзіцца. Сцвярджае, што жыццё вяскоўцаў стабільнае і роўнае, а дзятлаўчане — народ працавіты, ім няма часу расслабляцца, таму менш схільны да ўжывання алкаголю і ўчынення правапарушэнняў.

— Уявіце, што ў нашым аграгарадку на сённяшні дзень у стадыі будаўніцтва знаходзіцца каля 50 жылых дамоў, — з гонарам расказвае М.К. Сядоў.

Нягледзячы на стабільную абстаноўку на тэрыторыі Дзятлавіцкага сельсавета, не абыходзіцца без крыміналу. За 10 месяцаў тут учынена 15 злачынстваў, у тым ліку 11 крадзяжоў. У раскрыцці 5 крымінальных спраў вызначыўся менавіта ўчастковы М.К. Сядоў. Па яго ініцыятыве ўстаноўлены прэвентыўны нагляд за дзвюма раней судзімымі асобамі. Ён прымае актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні грамадскіх сходаў, на якіх асаблівая ўвага надаецца пытанням прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў, асабліва ў барацьбе з п’янствам. Летась чатыры дзятлаўчаніны накіраваны ў ЛПП. Сёлета — ужо два, яшчэ столькі ж чакаюць рашэння суда. Асоб, якія злоўжываюць спіртным, накіроўваюць у Пінскі наркалагічны дыспансер. У прымусовым парадку ў гэтым годзе там прайшлі лячэнне 13 вяскоўцаў. Выяўлена 6 фактаў самагонаварэння, праведзены 2 спецыяльныя мерапрыемствы па закупу, канфіскавана 350 літраў спіртаўтрымліваючай вадкасці.

Вельмі важна ў дзейнасці ўчастковага інспектара знайсці агульную мову, увайсці ў давер, схіліць чалавека да сябе. У Мікалая Канстанцінавіча гэта атрымліваецца. Ён лічыцца лепшым у сваёй справе сярод калег па аддзяленню. Па яго словах, пасада ўчастковага ў сельскім населеным пункце — вельмі адказная:

— У рабоце міліцыі многае залежыць ад нас. Будзе на месцах парадак і кантроль — менш будзе галаўнога болю і працы астатнім службам. Нярэдка толькі “свайму” ўчастковаму людзі ў шчырай гутарцы расказваюць пра тое, што адбываецца ў акрузе, хто да каго прыязджаў, што прывозіў, калі гэта было і г.д.

Дзелячыся сакрэтам паспяховай службы, Мікалай Сядоў сціпла адзначыў, што ён проста імкнецца выконваць абавязкі згодна з нарматыўнымі дакументамі, якія рэгулююць работу органаў унутраных спраў.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.