Юнацтва пад кулямі

василий ковалевич

Расказы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны часта вельмі падобныя. У кожным слове жыве горыч, якая не сцерлася з памяці за доўгія дзесяцігоддзі мірнага жыцця. Голад, холад, страх за блізкіх завалодвалі сэрцамі людзей. Балюча было глядзець, як ад рук захопнікаў знішчаецца ўсё нажытае нялёгкай працай, а гарады і вёскі ператвараюцца ў руіны. Але кожная гісторыя з мінулага мае і свае адметнасці. Гэта лёсы асобна ўзятага чалавека ці яго сям’і, праз якія разбуральнай сілай пранеслася страшнае ліхалецце…

Яшчэ падлеткам дапамагаў партызанам у змаганні з ворагам Васіль КАВАЛЕВІЧ з Багданаўкі. Тут ён нарадзіўся і марыў жыць доўга і шчасліва. Але ўсе планы пад сумненне паставілі ваенныя падзеі, калі мала хто спадзяваўся застацца ў жывых.

У лес іх сям’я трапіла ўсім саставам. Маці з малодшымі хаваліся пад заслонай дрэў ад пагрозы быць знішчанымі, а Васіль прымаў удзел у баявых аперацыях. Любое заданне магло закончыцца непрадказальна.

Найбольш народным мсціўцам спатрэбілася веданне юнаком мясцовасці, калі ён мог правесці па самых патаемных і заблытаных сцежках. Яшчэ многа значыла адвага і рызыкоўнасць, калі не хаваўся за спінамі таварышаў, ішоў у адным страі са старэйшымі і больш вопытнымі.

Вызваленне прынесла неймаверную радасць, хаця вайна і не скончылася. Разуменне, што родныя мясціны больш не занятыя акупантамі, дадавала сілы. Васіль разам з равеснікамі хацеў ісці на фронт, ды 16-гадовы ўзрост не даваў ажыццявіцца задуманаму. Яго ўсё ж рыхтавалі да адпраўкі некалькі тыдняў, навучалі асноўным тонкасцям страявой. А потым загадалі вяртацца дадому.

Адраджэнне пакалечанай зямлі цяжкай фізічнай працай памятаюць усе, каму даводзілася праз гэта прайсці. Дапамагалі задор і жаданне дасягнуць лепшых перамен. Тады хлопец сустрэў сваё каханне і стварыў сям’ю з мясцовай дзяўчынай Ульянай. Працавалі ў калгасе, пачалі разам уладкоўваць свой быт.

Але юнаку належала прайсці вайсковую службу. На тры з паловай гады пакінуў родны дом і аказаўся ў далёкім Навасібірску ў радах пехацінцаў. Халодны клімат быў нязвыклым, салдаты ледзь вытрымлівалі на пякучым марозе. Загады даводзілася выконваць у казарме, вяртання чакаў з нецярпеннем.

Калі сабраліся разам пад родным дахам, смяяліся і плакалі, марылі і згадвалі пра мінулае. Далей жыццё панеслася новай сцяжынкай, дзе галоўным стаў клопат пра маленькіх дзяцей. Іх нарадзілася пяцёра: два хлопчыкі і тры дзяўчынкі. Яны падрасталі, ішлі ў школу, потым разляталіся з бацькоўскага дома, атрымліваючы спецыяльнасці і ўладкоўваючы свае лёсы. На жаль, яны не заўсёды бываюць лёгкімі і шчаслівымі…

З болем расказвае пра страты Васіль Іванавіч цяпер, калі адзначыў 87-годдзе. 11 зім правёў ён у адзіноце пасля смерці Ульяны Васільеўны. Хварэла доўга, лекі не дапамагалі. Магчыма, паўплывалі ваенная маладосць і цяжкая вясковая праца, без якой немагчыма было б выжыць. З раніцы да вечара шчыравалі на калгаснай рабоце, потым даводзілася дбаць пра дровы, сена, салому.

Яшчэ больш пакутліва перажывалася страта сыноў, якіх таксама даўно няма на свеце. Жылі непадалёку, але абараніць родных старэнькаму бацьку было не пад сілу, давялося аплакваць іх на свежых магілах…

Супакаеннем Васілю Іванавічу служаць тэлефонныя званкі ад дачок і ўнукаў. Валянціна асталявалася ў Брэсце, Таццяна жыве каля Пінска. Марыя з сям’ёй пасялілася на другім баку роднай вёскі. Колькасць нашчадкаў дзядулі на схіле жыцця падлічыць вельмі няпроста, тым больш, што час не стаіць на месцы і, дзякуй Богу, нараджаюцца новыя пакаленні.

Але ў яго няма жадання дакучаць сваімі праблемамі. Іх імкнецца вырашаць самастойна, хаця здароўе ўжо не дазваляе спраўляцца з абавязкамі. Прадукты з магазіна прыносяць хто з блізкіх або суседзі. Дапамагчы прыбраць дровы нядаўна прыходзілі вучні мясцовай школы, за што ветэран вайны перадае шчырую ўдзячнасць. Падлеткі зрабілі столькі, што яму хапіла б на цэлы тыдзень.

Моцна баляць ногі. Ды лажыцца ў бальніцу не хочацца, таму лечыцца таблеткамі. Але паляпшэння амаль няма, ды ў сваім паважаным узросце ён і не чакае ад медыцыны лепшага эфекту. Тым больш, што ніколі не жылося лёгка, а на старасць гэта сказваецца. Не прайшлі незаўважана маладосць, праведзеная ў партызанах, цяжкая работа дома і ў калгасе.

Усё працоўнае жыццё правёў на ферме. Быў падвозчыкам кармоў, пастухом, выконваў іншыя абавязкі, куды накіроўвала начальства. Калі прыйшоў час выхаду на пенсію, аказалася, што для яе прызначэння не хапае некалькіх працадзён. Не стаў спрачацца, хаця крыўда засталася.  Уладкаваўся на работу ў лясніцтва, дзе яшчэ пяць год быў конюхам.

Цяпер боль і радасць ад тых набыткаў і страт адчуваюцца не так востра. У вёсцы амаль не засталося равеснікаў, з якімі можна згадваць многае з перажытага. Нядаўна не стала суседа, да якога часта выбіраўся крышачку пасядзець і Васіль Іванавіч. А ў маладзейшых свае інтарэсы і клопаты, наўрад ці ім будзе цікава слухаць расказы пра мінулае.

Галоўным сябрам для адзінокага пенсіянера застаецца радыё. Яно заўсёды раскажа, што адбываецца ў свеце, якім будзе надвор’е. А калі загучыць песня з далёкай маладосці, стане адначасова і прыемна, і хвалююча. Прыцягваюць увагу цікавыя кінастужкі і выпускі навін.

У ветэранаў вайны свая жыццёвая гісторыя. Няпростая – бо іх шлях пачынаўся з руін, грукату бомбаў і снарадаў. Ім давялося змагацца з ворагам дзеля выратавання роднай зямлі. Ісці на рызыку, выжываць у нечалавечых умовах, неймаверна пакутаваць. А яшчэ – адбудоўваць знявечаную краіну пасля вызвалення, каваць дабрабыт. Кожнаму з мала-дзейшых неабходна даражыць набыткамі старэйшых пакаленняў, каб тыя не адчувалі сябе пакінутымі. У сэрцах жыла ўпэўненасць, што іх змаганне дапамагло нашчадкам жыць у міры, мець хлеб і дах над галавой.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.