Брэстчыну абароняць лунінчане

СДЮШОР

Першынство вобласці па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 1999-2000 гадоў нараджэння адбылося ў Брэсце. За каманду Лунінецкай СДЮШАР выступалі 7 выхаванцаў Валерыя Жукоўскага: Валянціна Лубнік, Юлія Курак, Вікторыя Захарчук, Стэфан Малахаў, Павел Веляскевіч, Уладзіслаў Крышталь і Уладзімір Пыжэўскі.

Рэкордам Рэспублікі Беларусь сярод 16-гадовых спартсменаў адзначана выступленне Вікторыі Захарчук у бегу на 60 метраў – 7,70 секунд. Яна ж была лепшай на такой жа дыстанцыі толькі з бар’ерамі, дзе ўстанавіла асабістае дасягненне – 8,65 секунды (нарматыў кандыдата ў майстры спорту).

Юлія Курак была недасягальнай для саперніц у скачках з шастом, пераадолеўшы планку на вышыні 3 метры. Яна ж стала сярэбраным прызёрам у скачках у вышыню.

Упершыню браў удзел у абласных спаборніцтвах Павел Веляскевіч, і адразу ў самым складаным відзе праграмы – мнагабор’і. Ва ўсіх відах паказаў высокія вынікі, набраў найбольшую колькасць ачкоў, апярэдзіўшы бліжэйшага саперніка больш чым на 200 ачкоў.

Крыху не хапіла да прызавога месца мнагаборцу Уладзіславу Крышталю, які да апошняга віду трымаўся на трэцім месцы, але не вельмі ўдала пераадолеў 1000-метровую дыстанцыю і стаў пятым.

Бронзавай узнагароды ў трайным скачку ўдастоены Стэфан Малахаў. Валянціна Лубнік двойчы фінішавала чацвёртай – у бегу на 60 і 200 метраў. Уладзімір Пыжэўскі таксама застаўся з “драўляным” медалём на дыстанцыі 60 метраў з бар’ерамі.

У камандным заліку лунінчане занялі першае месца і, як летась, прадставяць Брэсцкую вобласць на рэспубліканскім першынстве.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: