Дзеці з адкрытай душой

одкрытая душа 02

Клопат пра інвалідаў быў і застаецца прыярытэтным у сацыяльнай палітыцы нашай дзяржавы. Упэўніцца ў гэтым давялося падчас наведвання Лунінецкага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Можа некаму такая назва цэнтра падасца вельмі мудрагелістай, але крыецца за ёй вельмі цёплая і патрэбная ўстанова. Патрэбная, перш за ўсё, дзеткам, на чый лёс з самага нараджэння выпалі велізарныя выпрабаванні ў выглядзе цяжкіх парушэнняў развіцця. Сёння ў цэнтры такіх 23 дзіцяці, а ўсяго дапамогу атрымліваюць 67 хлопчыкаў і дзяўчынак з фізічнымі асаблівасцямі.

Менавіта да іх 3 снежня, калі адзначаецца Дзень інвалідаў, з падарункамі завіталі старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко і яго намеснік Анатоль Захаркевіч, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна Удавенка і яе памочнік Марыя Канановіч, в.а. старшыні раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа Надзея Ігнаткевіч і галоўны рэдактар “Лунінецкіх навін», старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Таццяна Вайцяхоўская.

У час кароткай экскурсіі па ўтульных памяшканнях цэнтра яго дырэктар Ірына Яцукевіч расказала, што тут наладжана работа 2-ух дашкольных груп і 2-ух спецыяльных класаў. Штораніцы дзетак з Лунінца і некаторых вёсак раёна сюды дастаўляе мікрааўтобус навучальнай установы, а вечарам развозіць іх па дамам. З малышамі і падлеткамі, пра якіх кажуць, што ў іх адкрытая душа, працуюць настаўнікі-дэфектолагі, выхавальнікі, педагогі-псіхолагі, інструктары ЛФК, масажысты, музычныя работнікі і іншыя патрэбныя спецыялісты. Вось толькі дастукацца да маленькіх сэрцайкаў бывае вельмі складана. Менавіта таму тут асабліва радуюцца кожнай дзіцячай усмешцы, выразнаму слову, зразумеламу жэсту, упэўненаму кроку, удзячнаму позірку. З такімі дзеткамі нельга працаваць па прымусу. У гэтым госці змаглі ўпэўніцца, паназіраўшы за заняткамі, якія работнікі цэнтра праводзілі са сваімі выхаванцамі. А тое, чаго ўдалося дасягнуць цярплівай і мэтанакіраванай працай, прадэманстравалі ў актавай зале, падарыўшы гасцям невялікі канцэрт з самымі сапраўднымі песнямі, танцамі і нават інсцэніроўкай!

Лёс жорстка абышоўся з гэтымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, але на дапамогу прыйшлі самаадданыя дарослыя людзі, прысвяціўшыя сябе няпростай рабоце ў цэнтры, за што ім — нізкі паклон. Гэта яны настойліва імкнуцца прывіць незвычайным хлопчыкам і дзяўчынкам якасці, якія дапамагаюць адаптавацца ў жыцці. Гэта яны штораніцы цяплом і клопатам агортваюць малышоў, імкнучыся кампенсаваць ім тое, што недадаў лёс. І задача ўсіх астатніх, каго не закранула бяда, — дапамагаць у гэтай высакароднай справе.

одкрытая душа

Дабрыні ніколі не бывае многа. Пра гэта варта памятаць напярэдадні чароўных навагодніх святаў. У нашых сілах падарыць казку абдзеленым лёсам дзеткам і не толькі. Яны чакаюць нашай увагі і дапамогі, як чакае яе Лунінецкі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Бо, як кажуць у народзе: “Тое, што схаваў — прапала, тое, што аддаў — тваё…”.

Таццяна Пятрова

Дадаць каментарый

Войти с помощью: