Іграў гармонік на Чырвонай

деды морозы

Весела і гаманліва прайшоў у Лунінцы першы “Парад Дзедаў Марозаў», які сабраў на галоўнай плошчы райцэнтра сотні жыхароў і гасцей города. Зразумела, найбольш свята спадабалася самым маленькім землякам!

— Мама, ты расказвала толькі пра аднаго Дзеда Мароза са Снягуркай. А бачыш, колькі іх тут многа?! — здзіўленыя воклічы малышоў чуліся раз-пораз на пляцоўцы каля Дома быту, адкуль стартавала шэсце казачных персанажаў. Пакуль ішла рэгістрацыя галоўных герояў Новага года, а іх заявілася больш за 20, бацькі разам з дзецьмі і ўдзельнікі святочнага парада фатаграфаваліся, выказваючы шчырыя пажаданні. У пазначаны час у суправаджэнні аўтамабіля Дзяржаўтаінспекцыі калона рушыла па цэнтральнай вуліцы Лунінца да плошчы Леніна. Па абодва бакі Чырвонай незвычайны парад усмешкамі віталі дарослыя і дзеці, рознымі гукамі клаксонаў — праязджаючыя міма машыны. Трэба заўважыць, што на ўсім шляху іграў гармонік — музычны інструмент прыхапіў Дзед Мароз (Мікалай Вячорка), які разам са Снягуркай (Вольгай Капусціч) прадстаўлялі СШ №1 райцэнтра. Забягаючы наперад, адзначу — яны атрымалі грамату ў намінацыі “Самы вясёлы Дзед Мароз”.

деды морозы 02

Тэатралізаванае прадстаўленне чакала ўсіх на ўрачыстым адкрыцці гарадской ёлкі. Добра, што арганізатары падрыхтавалі невялікую сцэну. Яшчэ б нашым людзям навучыцца паважаць адзін аднаго, каб не ўтвараць вакол яе натоўп: крыху адысці ў бок, прапусціўшы наперад самых маленькіх гледачоў. Шкада, але не ўсе жадаючыя змаглі назіраць за казачнымі падзеямі. А яны насамрэч былі цікавымі і вясёлымі. Неўзабаве ёлка заззяла каляровымі агнямі, запрасіўшы ўсіх у карагоды. Дружнымі апладысментамі юныя і дарослыя лунінчане вызначалі пераможцаў святочнага парада. Званне “Самага незвычайнага” атрымаў вучань Язвінскай сярэдняй школы Мікіта Коваль, які завітаў на ўрачыстасць разам з Дзедам Марозам (Галінай Вароніч) і Снягуркай (Алінай Вароніч). Галоўны прыз — пераходны посах — і тытул “Класічны Дзед Мароз” заваявалі прадстаўнікі дзіцячага сада №8 “Крынічка” — Вольга Шарэнда і Ірына Літвіновіч.

деды морозы 03

Свята завяршылася. Спадзяемся, што незвычайны парад стане традыцыйным, дорачы навагоднюю казку ўсім, хто ў яе шчыра верыць!

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.