Коўдра за 16 мільёнаў рублёў

16 миллионов одеяло

Не за гарамі дэнамінацыя. Яе набліжэннем вырашылі скарыстацца нячыстыя на руку асобы. Першы выпадак махлярства з новымі грашамі разгледзеў суд раёна. Выязное пасяджэнне адбылося ў гарадскім Доме культуры.

20-гадовую Марыю Буян (імя і прозвішча абвінавачваемай і пацярпелага зменены – аўт.), за плячамі ў якой 8 класаў адукацыі, прыехала ў Лунінец прадаваць на рынку коўдры. Нідзе не працуе і не вучыцца.
Гандаль у той дзень быў няўдалым, і яна разам з цёткай накіравалася ў прыватны сектар. У доме 86-гадовага пенсіянера махлярка прадставілася супрацоўніцай райвыканкама і паведаміла, што ў сувязі з дэнамінацыяй збірае грошы ў тых пажылых людзей, хто па стану здароўя не зможа абмяняць зберажэнні на рублі новага ўзору ў банку.

Пажылая жанчына, што адчыніла дзверы, адвяла госцю да мужа, які не ходзіць. Іван Сяргеевіч загадаў жонцы дастаць чамадан, дзе захоўваў грошы, як кажуць “на смерць”. Пералічыў купюры і аддаў іх дзяўчыне, каб тая замяніла на банкноты новага ўзору.

Узяўшы 16 мільёнаў рублёў пад распіску, якая не мела сілы, Марыя паабяцала вярнуцца ў наступную пятніцу. Жонка пенсіянера западозрыла нядобрае і патэлефанавала ў міліцыю. Супрацоўнікі РАУС затрымалі Буян і яе цётку па “гарачых слядах”. Праўда, апошняя праходзіла па справе як сведка.
На судзе яна блыталася ў паказаннях і сцвярджала, што не мае ніякага дачынення да ўчынку пляменніцы, малаадукаваная, бо скончыла толькі два класы пачатковай школы, таму пратакол падпісала, не азнаёміўшыся са зместам.

– Прашу дараваць. Больш такога не паўторыцца. Пайду па правільным шляху, – адзначыла ў сваім апошнім слове падсудная.

Дзяржаўны абвінаваўца ў асобе намесніка пракурора раёна Андрэя Лукашэвіча падкрэсліў, што лічыць віну дзяўчыны даказанай і запатрабаваў два месяцы арышту. Адвакат у сваю чаргу папрасіла прызначыць мінімальнае пакаранне – грамадскія работы.

Суддзя Святлана Братанава прызнала жыхарку Баранавіцкага раёна вінаватай па частцы 1 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса (махлярства) і назначыла пакаранне ў выглядзе 240 гадзін грамадскіх работ. Прыгавор яшчэ не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.