Паступаць па законе і справядлівасці

Райисполком

Стан работы па ажыццяўленню адміністратыўных працэдур і рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублік Беларусь ад 27 снежня 2006 года №2 “Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва» быў разгледжаны на сумесным пазачарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта і рэгіянальнага сходу дэпутатаў.

Як адзначыла начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Раіса Мазырчук, сёлета назіраецца рост колькасці скаргаў у самыя розныя інстанцыі. Толькі ў райвыканкам за 11 месяцаў паступіла 567 зваротаў, што амаль на трэць больш, чым летась. Прыкладна ў паўтара раза павялічылася колькасць жадаючых трапіць на асабістыя прыёмы да кіраўніцтва раённай “вертыкалі”.

Прааналізавала Раіса Якаўлеўна і тэматыку праблем, якія хвалююць людзей. Асаблівых змяненняў у ёй не назіраецца. Па-ранейшаму актуальнымі для насельніцтва з’яўляюцца пытанні сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, асабліва прыватызацыя кватэр і дамоў, рамонт жылых памяшканняў, добраўпарадкаванне вуліц і дарог, а яшчэ — магчымасць атрымаць ільготны крэдыт ці субсідыю на набыццё даху над галавой. Нярэдкія ў спектры зваротаў просьбы аб матэрыяльнай дапамозе і садзейнічанні ў працаўладкаванні. Практычна штомесяц рэгіструюцца спрэчкі суседзяў, якія не могуць падзяліць прысядзібныя ўчасткі. Улічваючы сацыяльную значымасць кожнага са зваротаў, амаль заўсёды разглядаюцца яны з выездам на месца.

Здаецца, надзеленыя ўладай кіраўнікі стараюцца зрабіць усё магчымае для таго, каб скаргаў ад людзей было менш. Але ці так гэта на самай справе? Усумніцца прымусілі факты, якія былі выяўлены ў ходзе праведзенага ў кастрычніку-лістападзе маніторынгу якасці работы са зваротамі грамадзян. Парушэнні тэрмінаў разгляду пісьмовых зваротаў грамадзян, парадку вядзення справаводства — вось найбольш частыя недахопы, выяўленыя ў аддзелах архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, КУШВП ЖКГ “Лнінецкая ЖКГ” і некаторых навучальных установах раёна.

Інфармацыю дапоўніў пракурор Аляксандр Карлюк, які звярнуў увагу прысутных на пэўны фармалізм пры вывучэнні сутнасці зваротаў, абыякавасць і нежаданне некаторых чыноўнікаў дапамагчы тым, хто звяртаецца за садзейнічаннем. А гэта, у сваю чаргу, становіцца перадумовай для прыняцця такіх жа фармальных рашэнняў. У якасці доказу Аляксандр Паўлавіч прыгадаў некалькі выпадкаў, якія з адмоўнага боку характарызавалі работу некаторых асоб на пасадах у райвыканкаме і КУШВП ЖКГ “Мікашэвіцкая ЖКГ”.

Зразумела, што старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко запатрабаваў дакладнага адказу на прамое пытанне: што будзе зроблена для таго, каб памяняць сітуацыю да лепшага? Сваё бачанне перспектыў выпраўлення непрыгляднага становішча давялося выказваць дырэктарам КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” і “Мікашэвіцкая ЖКГ” Георгію Шпакоўскаму і Мірону Літвіновічу, старшыням Лунінскага і Чучавіцкага сельвыканкамаў Аляксандру Якаўцу і Аляксандру Соцу.

“Ад вас усіх буду патрабаваць аднаго — заўсёды паступаць па справядлівасці і па законе, — падвёў рысу пад жорсткай і прынцыповай размовай А.М. Пачко. — А ўсе віна-ватыя абавязкова будуць прыцягнуты да адказнасці, што павінна стаць навукай для тых, хто грашыць абыякавасцю пры вырашэнні людскіх бед і праблем”.

Таццяна Вайцяхоўская

Дадаць каментарый

Войти с помощью: