Святло незвычайнай паездкі

spaso-efrosinevskiy-monastyr-1

Не так даўно пад кіраўніцтвам і па ініцыятыве настаўніцы СШ№2 г. Лунінца Ірыны Моўчан выхаванцы праваслаўнага гуртка бралі ўдзел у паломніцкай паездцы ў Полацк.

Дарога была доўгай. Першым прыпынкам на шляху стаў Віцебск. У перапынку паміж цягнікамі (а да Полацка трэба было перасесці на прыгарадны маршрут) мы не гублялі дарэмна час. Пешая экскурсія па горадзе была не толькі цікавай і запамінальнай, але і вельмі карыснай.

На беразе Заходняй Дзвіны велічна ўзвышаецца храм у гонар Благавешчання Прасвятой Багародзіцы. Пабывалі мы і ў Свята-Успенскім кафедральным саборы, дзе ёсць верхні — Свята-Успенскі і ніжні — у гонар Праабражэння Гасподня храмы. Тут жа ўбачылі помнік прадстаяцелю Рускай Праваслаўнай царквы, Патрыярху Маскоўскаму і усяе Русі Алексію II. Бронзавы манумент вышынёй каля 5 метраў устаноўлены на Успенскай гары і асвечаны 7 красавіка 2013 года.

Потым наведалі Свята-Духаў жаночы манастыр і храм Святога Духа. У гэтым храме знаходзяцца міратачывая ікона Божай Маці і копія іконы Спасіцеля, на якой яскрава бачны кропелькі крыві. Непадалёк — царква ў гонар Уваскрэсення Хрыстова. Тут таксама ёсць верхні і ніжні храмы. Верхні — у гонар Уваскрэсення Хрыстова, а ніжні ўслаўляе святога прападобнага Антонія Рымляніна, Наўгародскага цудатворцу.

Увечары нас сустракаў Полацк. З вялікім хваляваннем у Спаса-Еўфрасіньеўскім жаночым манастыры пакланіліся мошчам абаронцы Беларусі, прападобнай маці нашай Еўфрасінні, ігуменні і княжны Полацкай. Тут жа знаходзіцца яшчэ адна беларуская святыня — крыж Еўфрасінні Полацкай. На свае вочы ўбачылі, што прыязджаюць сюды тысячы вернікаў з розных куткоў свету.

Паспелі яшчэ пабываць на літургіі, а пасля з цёплымі і адухоўленымі пачуццямі накіраваліся дамоў. Упэўнена, святло гэтай не-звычайнай паездкі назаўсёды захаваецца ў сэрцах тых, хто змог да яе далучыцца.

Add Comment

Войти с помощью: