У цэнтры падзей — «Белая Русь»

белая русь

Пашыранае пасяджэнне Брэсцкага абласнога савета РГА «Белая Русь» і семінар-вучоба прайшлі на базе Лунінецкай раённай арганізацыі.

Дэлегацыю вітаў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Корчык. У кінатэатры «Кастрычнік» разгарнулася выстава, прысвечаная Лунінеччыне, якая дапамагла гасцям пазнаёміцца з нашым краем, да таго, як пачаць наведваць запланаваныя месцы.

Першым аб’ектам стала грамадская прыёмная «Белай Русі». Прасторнае, утульнае памяшканне знаходзіцца у цэнтры горада. Старшыня раённай арганізацыі Людміла Казадаева пазнаёміла з умовамі работы, падзялілася з калегамі вопытам, звярнула ўвагу на тое, што сёлета каля 200 чалавек прыйшлі на прыёмы, якія ладзіліся арганізацыяй.

Работу пярвічак па падтрымцы маладых спецыялістаў, павышэнню прэстыжу рабочых прафесій вывучалі на прыкладзе ПВУП «Вікторыя». Дырэктар Таццяна Удавенка расказала аб прадпрыемстве, яго дасягненнях і праблемах, пазнаёміла з узорамі прадукцыі, паказала, у якіх выдатных умовах працуе калектыў. Добрае ўражанне засталося і ад наведвання Лунінецкай цэнтральнай раённай бальніцы, дзе ўдзельнікам семінара прадставілі сучасны камп’ютарны тамограф.

Асаблівасці стварэння і перспектывы развіцця пярвічных арганізацый РГА «Белая Русь» у сельскай мясцовасці разгледзелі на прыкладзе СВК «Вулькаўскі світанак». Пленарнае пасяджэнне праходзіла у актавай зале мясцовага СДК. З дакладам аб выніках работы за 11 месяцаў 2015 года і першачарговых задачах па реалізацыі асноўных напрамкаў дзейнасці РГА «Белая Русь» і работы грамадскіх прыёмных выступіў намеснік старшыні Васіль Лашч. Кіраўнік абласной структуры Пётр Пойта ўручыў Падзячныя пісьмы рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў кіраўнікам гарадскіх і раённых арганізацый Брэстчыны і падзяліўся ўражаннем ад наведвання Лунінеччыны:

— Упэўніліся, што раённая арганізацыя «Белай Русі» працаздольная. Яе старшыню ведаюць у працоўных калектывах, паважаюць, звяртаюцца з рознымі пытаннямі. Тут ёсць выдатны прыклад для пераймання — актыўная работа ў АПК, чаго не дастае абласной арганізацыі.

Галіна Кучэйка

Дадаць каментарый

Войти с помощью: