У рэжыме строгай эканоміі

РайисполкомЧакаемыя вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за бягучы год і прагноз развіцця на будучы абмеркавалі члены райвыканкама і дэпутаты раённага Савета на сумесным пасяджэнні. Дэпутаты зацвердзілі прапанаваны старшынёй райсавета Віктарам Рафаловічам парадак дня.

Справаздачу раённага выканаўчага камітэта Х сесіі раённага Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання адкрыў намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч. Ён адзначыў, што сёння прапаноўваецца ўзяць за аснову 4 прагнозныя паказчыкі і 6 прыроўненых да іх заданняў. У сувязі з гэтым вызначаны прыярытэтныя патрабаванні да работы ў будучым годзе. Па-першае, яна павінна быць прыбытковай. Па-другое, абавязкова суправаджацца павелічэннем экспарту прадукцыі і пашырэннем рынкаў збыту. Прадугледжваецца таксама поўная занятасць работнікаў і неаходныя інвестыцыі ў тэхналогіі.

Зразумела, што справа гэта не аднамомантная, і пэўны задзел павінен быць зроблены ўжо сёлета. Што маем? Прамысловая галіна ў параўнанні з леташнім пазіцыі здала. Менш будзе выпушчана прадукцыі, хаця прыкладна з сярэдзіны года спад вытворчасці спынены. Паступова разгружаюцца складскія запасы – зараз яны складаюць прыкладна 45 працэнтаў да аб’ёмаў вытворчасці. У той жа час прыкладна на трэць зменшаны экспарт. “Аслабеў” інвестыцыйны партфель – уліванні ў мадэрнізацыю і развіццё вытворчасці складаюць каля 60 працэнтаў ад мінулагодняй сумы.

Складанасці ў прамысловай галіне сталі прычынай замаруджвання росту заработнай платы: замест запланаваных 5 мільёнаў 970 тысяч рублёў да канца года яна складзе 5 мільёнаў 300 тысяч. Да таго ж, назіраецца апярэджванне росту заробкаў над узроўнем вытворчасці. Зніжэнне рэальнай заработнай платы адмоўна адбілася на пакупніцкай здольнасці насельніцтва. Рознічны тавараабарот застыў на адзнацы 96 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Пэўнае зацішша назіраецца ў сферы малога бізнесу.
Што да фінансавых вынікаў, то выручка ад рэалізацыі прадукцыі і аказання паслуг скарацілася ў параўнанні з леташнім на 4,5 працэнта. Усе галіны засталіся прыбытковымі, аднак рэнтабельнасць продажу зменшылася ўдвая. А калі дадаць да гэтага складанасці з разлікам за прадукцыю, работу некаторых калектываў па скарочанаму графіку, неабходнасць вымушаных водпускаў з частковым захаваннем заработнай платы, то становіцца зразумелым, што багаж, які бярэм з сабой у новы год, не дужа зайздросны.

Усё гэта паўплывала на распрацоўку стратэгіі развіцця і прагнозу на 2016 год. У рэжыме “поўнай загрузкі” будзе працаваць РУВП “Граніт”, дзе мяркуецца вырабіць не менш як 15 мільёнаў кубічных метраў шчэбеню. Запланавана абнавіць асартымент прадукцыі, выпускаемай у НВК “Палессе” і павялічыць выпуск сухога малака і сметанковага масла на ААТ “Лунінецкі малочны завод”. На ААТ “Палессеэлектрамаш” будзе захаваны аб’ём выпуску электрарухавікоў і актывізавана ліцейная вытворчасць.

З вуснаў дакладчыка прагучалі спадзяванні, што працягнуцца горна-падрыхтоўчыя работы на новым кар’еры ў Сітніцы, не спыніцца мадэрнізацыя ААТ “Спецжалезабетон”, а на “Палессеэлектрамашы” засяродзяць увагу на набыцці абсталявання для чыгуна-ліцейнай вытворчасці. Усё разам узятае дазволіць давесці ў раёне вытворчасць прамысловай прадукцыі па індэксу фізічнага аб’ёму да 100,5 працэнта. Адпаведна да 103 працэнтаў павінен вырасці экспарт прадукцыі, да 100,5 – рознічны тавараабарот.

Акрэсліў Уладзімір Міхайлавіч і некаторыя іншыя цікавыя для жыхароў раёна планы будучых год  – рэканструкцыю былога недабудаванага рэстарана ў Мікашэвічах пад магазін, распрацоўку дакументацыі і будаўніцтва  адным з буйных гандлёвых рытэйлераў новага магазіна на Баханова ў Лунінцы, узвядзенне аўтазаправачнай станцыі з гандлёвым комплексам каля в. Лунін. Але гэта – справа перспектывы. А вось цэх па перапрацоўцы рыбы ў Мікашэвічах ужо набывае ўпаўне рэальныя абрысы і ў недалёкім будучым павінен дапамагчы выканаць раёну паказчык па колькасці працаўладкаваных грамадзян на створаныя новыя рабочыя месцы.

На эканоміку раёна ў вялікай ступені ўплывае аграпрамысловы сектар. Пра сітуацыю ў гэтай галіне расказаў намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Юрый Корчык. Як стала вядома, раён не выканаў даведзеныя заданні па вытворчасці зерня (76 працэнтаў), масланасення рапсу (17 працэнтаў), нарыхтоўцы травяністых кармоў для грамадскага пагалоўя (68,3). Малака атрымалі 98 працэнтаў, мяса рэалізавана амаль 70 працэнтаў ад запланаванага. Лепш абстаяць справы ў агароднінаводстве. Амаль удвая больш, чым прадугледжвалі прагнозы, атрымалі агародніны, на 15 працэнтаў перавыканалі даведзенае заданне па бульбе.

Ад рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі раёнам атрымана страт на 18 мільярдаў рублёў больш, чым летась. Рэнтабельнасць продажу склала мінус 9 працэнтаў (летась – мінус 4,6). Страты панеслі 11 з 16 гаспадарак. На сённяшні дзень стратнымі застаюцца СВК “Дварэцкі”, “Гарадоцкі”, “Багданаўка” і філіял “Аграграніт”.

Расказаў Юрый Аляксеевіч і пра планы на будучы год. Тэмп росту валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі прагназуецца на ўзроўні 105 працэнтаў. Асноўны прырост павінна даць жывёлагадоўля. Малака плануецца атрымаць больш як 58 тысяч тон, зерня – 77,1 тысячы, масланасення рапсу – 4,8 тысячы, агародніны – 24,5 тысячы тон, бульбы – 26 тысяч тон.

Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Хоміч курыруе жыллёва-камунальную гаспадарку і будаўніцтва. Характарызуючы работу гэтых галін, ён падкрэсліў, што сёлета амаль у паўтара раза больш, чым планавалася , уведзена жылля, у тым ліку, з выкарыстаннем дзяржпадтрымкі. Палепшылі ўмовы пражывання 422 сям’і, у тым ліку – 37 мнагадзетных. Льготныя крэдытныя рэсурсы на будаўніцтва дамоў і кватэр склалі больш як 46 мільярдаў рублёў. Распачатае будзе працягнута і ў наступным годзе. У Лунінцы па дзяржзаказу пачата будаўніцтва 71-кватэрнага жылога дома, 72-кватэрны – будзе ўзведзены ў Мікашэвічах.

Разам з тым, сітуацыю ў будаўнічым комплексе нельга назваць стабільнай. Аб’ёмы падрадных работ сёлета склалі амаль 80 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Больш як 26 міьярдаў рублёў затрачана на ўтрыманне вуліц і дарог.

Працягваецца газіфікацыя раёна. Створана пяць КІЗаў, для якіх пракладзены сеткі газазабеспячэння ў Дзятлавічах, Мікашэвічах і Бродніцы, вядуцца работы ў Луніне. Акрамя іншага, на гэтыя мэты выдаткавана больш як 6,5 мільярда рублёў бюджэтных сродкаў.

Закрануў дакладчык і праблемы энергазберажэння. Мэтавы паказчык тут перавыкананы, але па-ранейшаму актуальным застаецца зніжэнне энергазатрат за кошт выкарыстання мясцовых відаў паліва.

У заключэнне Р.А. Хоміч прааналізаваў становішча з выкананнем даведзеных планаў па збору другаснай сыравіны. Узята “планка” толькі па шклу, будаўнічых адходах і зношаных шынах. Папера, картон, палімерныя і тэкстыльныя адходы паступаюць з вялікай цяжкасцю. Відавочна, што па выніках года іх будзе прыкметна менш, чым планавалася.

Асноўныя параметры ў сацыяльнай сферы вызначаюць адукацыя, ахова здароўя і культура. Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч, па колькасці перамог у разумовых спаборніцтвах розных узроўняў лунінецкая дзетвара ўтрымлівае лідарства. У школах і гімназіях створаны ўмовы для таго, каб адукацыйны працэс быў максімальна эфектыўным. Ёсць неабходная матэрыяльна-тэхнічная база. Працягваецца аптымізацыя сеткі навучальных устаноў. У будучым годзе Вулькаўская 1 СШ будзе пераўтворана ў школу-сад, што дазволіць зэканоміць каля 150 мільёнаў рублёў. Між тым, паляпшэнне якасці ведаў вучняў застаецца галоўным на парадку дня адукацыйнай сферы.

“Эканоміка павінна быць эканомнай”. Гэтая вядомая яшчэ з савецкіх часоў выснова сёння асабліва актуальная для спартыўных аб’ектаў, дзе доля самастойна заробленых сродкаў павінна быць большай важкай, чым зараз. Асаблівыя спадзяванні ўскладваюцца на экспарт турыстычных паслуг. Усяго ж актыўнымі прыхільнікамі фізкультуры і спорту на Лунінеччыне лічаць сябе больш як 13 тысяч жыхароў, 1624 хлопчыкі і дзяўчынкі  займаюцца ў дзіцяча-юнасцкіх спартыўных школах.

Не здае лідарскіх пазіцый ахова здароўя. Сёння забяспечанасць урачамі сеткі медустаноў складае 99 працэнтаў. У 2015-ым у раён прыбылі 18 маладых спецыялістаў, 9 урачоў ўзмацнілі кадравы патэнцыял у Мікашэвічах. Тым не менш, у якасці галоўнага прыярытэту А.М. Захаркевіч назваў павышэнне якасці прадастаўляемых медыцынскіх паслуг. Сярод задач на будучы год – правядзенне рэканструкцыі аднаго з памяшканняз карпусоў старога бальнічнага комплексу пад інфекцыйнае аддзяленне і былога дзіцячага сада ў Лахве – пад вясковую амбулаторыю.

Увагі з боку медыкаў асабліва чакаюць пажылыя жыхары раёна. Атрымальнікаў пенсій і дапамог на Лунінеччыне – 20 тысяч 500 чалавек. Сярэдні памер пенсій – 2 мільёны 600 тысяч. Летась больш як 1480 чалавек здолелі атрымаць ад дзяржавы адрасную сацыяльную дапамогу. Асабліва актуальнай назваў А.М. Захаркевіч неабходнасць далучэння пажылых грамадзян да новых відаў сацыяльных паслуг.

Станоўчая характарыстыка была дадзена дасягненням работнікаў культустаноў раёна, а вось маладзёжны рух, прадстаўніком якога з’яўляецца БРСМ, патрабуе падтрымкі ў выглядзе новых членаў, асабліва з ліку працоўных калектываў раёна.

Адразу пасля справаздачы райвыканкама дэпутатам прапанавалі праект раённага бюджэта. Начальнік фінансавага аддзела Сяргей Бойка пачаў сваё выступленне з канстатацыі таго, што сёлета бюджэт недаатрымаў амаль 55 мільярдаў рублёў – зменшыліся падатковыя паступленні. Гэта дало падставу для таго, каб больш ашчадна паставіцца да фарміравання бюджэту наступнага года. Даходная частка яго прадугледжана ў памеры 707 мільярдаў 392 мільёны 817 тысяч рублёў. Сума ненамнога большая за сёлетнюю, але ж дазваляе захаваць сацыяльную накіраванасць галоўнага фінансавага дакумента раёна. Бюджэт бездэфіцытны, кожны яго артыкул вывераны, таму дэпутаты пасля выступлення старшыні пастаяннай камісіі райсавета па эканоміцы, бюджэту і падаткаабкладанню Сяргея Карпца прынялі да ведама справаздачу райвыканкама і адобрылі праект бюджэта на 2016 год.

Сімвалічную рысу падвёў старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко, які даў бескампрамісную ацэнку работы кожнай з галін народнай гаспадаркі і сацыяльнай сферы раёна. Неаспрэчны вывад пра тое, што жывем так, як працуем, гучаў хоць і жорстка, але справядліва. Яшчэ больш надзённым было патрабаванне пазбавіцца ад утрыманскіх настрояў і вучыцца зарабляць грошы. “Наступны год будзе вельмі складаны, – падкрэсліў Аляксандр Мікалаевіч. – Але ж хіба сёлетні быў лёгкім? І ўсё ж я веру, што 2016-ты стане пераломным. Ніхто не прыйдзе да нас і не вырашыць нашы праблемы, трэба іх вырашаць самім, самастойна выводзіць раён на больш годныя пазіцыі”.

Сесія прыняла змяненні ў некаторыя рашэнні раённага Савета дэпутатаў і адобрыла план работы райсавета на будучы год.

Заключнай старонкай пасяджэння стала абмеркаванне санітарнага стану райцэнтра. Прадэманстраваныя слайды пераканалі ў тым, што Лунінец далёкі ад таго, каб звацца ўзорным па добраўпарадкаванню. І справа не толькі ў адсутнасці асфальтаванак на некаторых ускраінных вуліцах горада.Тэрыторыя паблізу практычна ўсіх прадпрыемстваў і арганізацый, у гаражных кааператывах патрабуе элементарнага гаспадарскага клопату і ўвагі. Тэрмін вызначаны сціслы: да 15 студзеня 2016 года усе выяўленыя агрэхі павінны быць ухілены.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.