Жыць з верай у лепшую будучыню

петровский

Бачыць жыццё ў светлых фарбах, нягледзячы на існуючыя праблемы. Быць задаволеным невялікай часткай станоўчых эмоцый, што дорыць паўсядзённасць. Не звяртаць увагі на песімістаў, якія вечна скардзяцца на адсутнасць грошай, дрэнныя адносіны блізкіх, агульную неўладкаванасць.

На фоне такой шэрасці і змрочнасці ўмела процістаіць скептыцызму і апатыі 23-гадовы лунінчанін Сяргей ПЯТРОЎСКІ. Юнак з маленства ведае, што жыццё не заўсёды дае чалавеку тое, чаго ён пажадае. Яго шлях у вялікую дарослую дарогу пачынаўся з двух аперацый, якія вытрымаў яшчэ ў раннім дзяцінстве.

Тады хірургічнае ўмяшальніцтва патрабавалася, каб пазбегнуць праблем з нагамі. На шчасце, вынік быў станоўчым, ён можа хадзіць. Але іншыя праблемы са здароўем да самага паўналецця паставілі хлопчыка ў разрад інвалідаў. Гэтае слова многія імкнуцца не вымаўляць, замяняючы яго іншымі тэрмінамі. Але як бы не абміноўваліся вострыя вуглы, праблемы ад гэтага не знікаюць…

Сяргей займаўся ў СШ №2 г. Лунінца, знешне нічым не адрозніваўся ад равеснікаў. Многія да самага выпускнога так і не даведаліся, што хвалюе іх сябра, замінае глядзець на свет праз прызму светлых акуляраў. Казаць пра набалелае не хацелася, шкадавання да сябе юнак не цярпеў, таму многае хаваў глыбока ў душы, імкнучыся быць аптымістам.

Хвароба вельмі каварная, амаль не паддаецца лячэнню. Часовае паляпшэнне адбываецца толькі ад медыкаментаў. Часта патрабуецца дапамога блізкіх людзей. Заўсёды побач мама Святлана Фёдараўна і тата Васіль Рыгоравіч. Маючы адзінага сына, бацькі аддаюць яму ўсю любоў, гатовы падтрымліваць ва ўсіх пачынаннях.

З нецярпеннем чакаюць прыезду ўнука дзве бабулі, якія жывуць у Ракітна і Бродніцы. Туды Сяргей наведваецца, каб сустрэцца з роднымі, пачуць ад іх карысныя парады, расказаць свае цікавыя навіны. Прыемна, калі цябе разумеюць, нягледзячы на значную розніцу ва ўзросце.

У цішыні і размеранасці сялянскага побыту лягчэй думаецца. Няма бясконцага шуму аўтамабіляў, які ніколі не сціхае за вокнамі гарадской кватэры. Тут можна заняцца нескладанымі фізічнымі нагрузкамі ў двары ці на агародзе, бо клопатаў на прысядзібным участку хапае заўсёды, толькі паспявай шчыраваць. Але галоўнае жаданне хлопца – знайсці работу. Пасля паўналецця яму прызначылі трэцюю групу інваліднасці, якая дазваляе працаваць.

Спецыяльнасць ён атрымаў у Столінскім каледжы – тэхнік-эканаміст. Першапачаткова хацеў вучыцца на праграміста, але высокі конкурсны адбор не дазволіў ажыццявіць задуманае. З працаўладкаваннем пакуль не атрымліваецца, а праводзіць час без карысці для сябе і грамадства – сумна і малапрыемна.
Інтарэсы ў юнака вельмі разнастайныя. З пачатковых класаў захапіўся чытаннем, і да гэтага часу кніга – лепшы сябар. Хаця цяпер яна часцей у электронным варыянце, але цікавасць ад гэтага не змяншаецца. Любіць творы савецкага часу, не менш інтрыгуючымі застаюцца дэтэктыўныя гісторыі і многае-многае іншае. Як і кіна-фільмы, глядзець якія не стамляецца, пачынаючы ад камедый і захопліваючыся глыбокім сэнсам дакументалістыкі.

У песеннай разнастайнасці больш па душы рускі шансон. Але будучы меламанам, знаходзіць нешта для сябе і ў іншых стылях музыкі, асабліва ў залежнасці ад настрою. Часам хочацца аддацца ва ўладу павольнай лірычнай мелодыі, а здараецца неяк асабліва хвалюе задорны танцавальны рытм.
З маладым чалавекам цікава размаўляць на тэмы палітычнага жыцця, многае даведалася ад яго пра апошнія навіны ў свеце дасягненняў і адкрыццяў. Адукаванасць і дасведчанасць ён не імкнецца навязваць іншым, гутарку вядзе даступна і зразумела, здольны ў першую чаргу выслухаць суразмоўніка.

У асабістым жыцці юнак пакуль не сустрэў сваю адзіную спадарожніцу жыцця, з якой разам прыемна было б дзяліць штодзённую радасць, не страшна ісці праз выпрабаванні і праблемы. Ёсць многа знаёмых дзяўчат, але гэта яшчэ не тое, сапраўднае, пра што марыцца ў яго ўзросце…

Разам з сябрамі ён гуляе па горадзе, бавіць час у кафэ, ці проста сядзіць на лавачцы, знаходзячы новыя цікавыя тэмы для размовы. Не заўсёды здаровым лю-дзям атрымліваецца быць апты-містамі ў час, калі навокал уладараць крызісы і разгараюцца канфлікты. Часам ветлівасць блытаецца з грубасцю, на любоў і давер некаторыя адказваюць здрадай. У Сяргея – праблемы са здароўем, але ён выглядае ўпэўненым і ніколі не скардзіцца на свой лёс.

Прыгожы позірк карых вачэй, ад якіх вее дабрынёй і спакоем. З ім лёгка і весела, за што паважаюць і любяць, слухаюць з разуменнем. Спыталася, што ў першую чаргу ён параіў бы людзям, якія маюць абмежаваныя магчымасці, асаблівасці фізічнага развіцця ці трапілі пад уплыў абставін і не знаходзяць выхаду з сітуацыі. Юнак задумаўся толькі на імгненне і адказаў:

– Галоўнае – моцнага здароўя ўсім! Змагацца за свае ідэі, верыць у лепшую будучыню і не здавацца ні перад якімі цяжкасцямі.

На развітанне ўвагу прыцягнуў фотаздымак, дзе Сяргей зняты ў час наведвання сталічнага парка імя Горкага і трымае на шыі ве-лізарнага пітона. На твары – шчырая ўсмешка і ніякага страху перад рэптыліяй. Нешта сімвалічнае заўважыла ў гэтым – смеласць і сіла волі дапамагаюць пераадольваць цяжкасці і набліжаць сваю мэту. Чамусьці не засталося сумненняў, што юнак знойдзе сябе ў працоўнай дзейнасці, сустрэне сапраўднае каханне і насуперак усім праблемам стане шчаслівым. Чаго я жадаю яму ад усяго сэрца!

Марыя Яраховіч

Add Comment

Войти с помощью: