«Ціха падаў белы снег…»

квн 6

Такая назва ІІІ Калядных гульняў КВЗ на кубак старшыні райвыканкама была апраўдана як ніколі: напярэдадні Лунінеччыну накрыла завея. У зале ж гарадскога Дома культуры ў мінулую суботу было вельмі горача ад напалу пачуццяў і падтрымкі шматлікіх балельшчыкаў.

Шэсць каманд змагаліся за жаданы трафей, дэманструючы зайздросную вынаходлівасць, дасціпнасць і таленты. Каманды “Зялёнае святло” (чыгунка), “Розныя людзі” (сельскагаспадарчы каледж), “КультУра!” (аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі) і “Цяжкае дзяцінства” (аддзел адукацыі, спорту і турызму) можна лічыць старажыламі – яны бралі ўдзел ва ўсіх папярэдніх гульнях клуба вясёлых і знаходлівых. А вось “Аргумент” (ГА “БРСМ”) і “Тралі-валі” (РФСК “Здароўе” і цэнтральная раённая бальніца) былі дэбютантамі. Хаця, справядлівасці дзеля, варта заўважыць, што ў гульнях мінулага сезона медыкі выступалі ( і даволі паспяхова!) асобнай камандай. Але ж аб усім па парадку.
Практычна пасля першага конкурсу візітовак “Дзед Мароз і кампанія” наперад вырваліся два лідары – “Зялёнае святло” і “Розныя людзі”. Конкурс парных жартаў “біятлон” “А вось і я!” яшчэ больш узмацніў акцэнты, наблізіўшы да першых дзвюх зборных каманду “КультУра!”. Гледачы па вартасці ацанілі жарты “прывязаныя” да лунінецкай рэчаіснасці.

Вельмі артыстычным атрымаўся СТЭМ “Адзін дзень з жыцця Снягуркі”. Зрэшты, як і музычнае дамашняе заданне “А дзе ж ёлка?”. Па выніках гэтых конкурсаў было бачна, што “Розныя людзі” сталі недасягальнымі для сваіх канкурэнтаў. Пазіцыю каледжа ўзмацніла тая акалічнасць, што падтрымаць калег прыйшоў практычна ўвесь педагагічны калектыў навучальнай установы на чале з дырэктарам Фёдарам Бірыла, за што каманда атрымала ў скарбонку дадатковыя 3 балы.

Журы ў складзе старшыні райсавета Віктара Рафаловіча (старшыня), пракурора Аляксандра Карлюка, намесніка старшыні райвыканкама Уладзіміра Кавалевіча, старшыні аб’яднанага прафсаюза Ігара Гапона і галоўнага рэдактара “ЛН” Таццяны Вайцяхоўскай справілася са складанай задачай. Па выніках набраных балаў на трэцім месцы апынулася “КультУра!”, на другім – “Зялёнае святло”, на першым – “Розныя людзі”. Лепшымі ігракамі сезона аднадушна прызнаны Наталля Трухановіч  (“Розныя людзі”) і Максім Калесніковіч (“Аргумент”).

Нягледзячы на тое, што Каляды заканчваюцца, менавіта ў гэты дзень тыя, хто прыйшоў у гарадскі Дом культуры, атрымалі галоўны падарунак ад Дзядулі Мароза – сапраўднае Навагодняе свята і цудоўны зімовы настрой.

квн 2

квн 3

квн 4

квн 5

квн

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.