Добрыя справы для асаблівых дзяцей

акция незабудка

Дабрачынная акцыя «Незабудка» падышла да завяршэння. Збор грошай і розных канцылярскіх прыналежнасцей для хворых дзетак ужо некалькі год арганізоўвае райкам БРСМ. Загрузіўшы ў машыну падарункі для хлопчыкаў і дзяўчынак з Багданаўкі, в.а. першага сакратара Ігар Гаргун і педагог-арганізатар мясцовай школы Таццяна Савіч адправіліся па запланаваных адрасах.

Спачатку дэлегацыя пабывала ў адным з дамоў, размешчаным па вуліцы Савецкая, і павіншавала 7-гадовага Багдана Жукоўскага. Гасцей хлопчык сустрэў разам са сваім старэйшым брацікам Мішам і адразу трошкі разгубіўся. Праўда, баязнь хутка знікла, як толькі Ігар Аляксандравіч дастаў з чароўнага мяшка падарункі. У Багдана вельмі рэдкае захворванне, з-за якога не можа хадзіць разам з равеснікамі ў школу. Навучаннем хлопчыка дома, акрамя настаўнікаў, займаецца мама. Па волі лёсу жанчына адна выхоўвае двух сыноў.

Узрадавалася нечаканаму візіту і Маша Кавалевіч. Зараз дзяўчынка вучыцца ў трэцім класе. Па словах мамы Таццяны Леанідаўны, у школе яна наведвае вялі-кую колькасць гурткоў па інтарэсах, асабліва падабаецца рукадзелле. І гэта – нягледзячы на тое, што бачыць Машанька толькі на адно вока. Шматлікія аперацыі, на жаль, не прынеслі станоўчых вынікаў. Але хвароба зусім не перашкаджае дзяўчынцы заставацца выдатніцай у вучобе. Пасля сімвалічнага здымку з гасцямі, яна разам з брацікам і малодшай сястрычкай пачала разглядаць падарункі.

Апошняя ў спісе – дружная сям’я Ярмольчыкаў, у якой выхоўваюцца трое дзяцей. Старэйшаму Антону – 18 год, Насця вучыцца ў восьмым класе, самы любімы – 6-гадовы Захарка ходзіць у дзіцячы сад. З нараджэння хлопчыку паставілі цяжкі дыягназ – няпоўная расколіна мяккага нёба. Убачыўшы падарункі, радасці не было межаў! Захарушка адразу адшукаў любімыя цукеркі і пачаў імі ўсіх частаваць.

– Гэта на дзіва таварыскі і дапытлівы хлопчык. Яго “тэхніку” ў доме ўжо няма куды ставіць, – адзначыла мама Таццяна Сцяпанаўна. – Нам давялося многае перажыць – бальніцы, аперацыі… Зараз усё добра. Мы перамаглі хваробу, і ўжо ў наступным годзе Захарка пойдзе ў першы клас.

Хацелася б адзначыць, што месца правядзення акцыі выбралі не выпадкова. Менавіта ў Багданаўцы сабралі найбольшую колькасць грошай. Дарэчы, з ініцыятывай дапамагчы асаблівым дзеткам адгукнуліся ва ўсім раёне. Так, пры падтрымцы неабыякавых грамадзян, падарункі ад актывістаў арга-нізацыі атрымалі выхаванцы Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, а таксама Алеся Гаргун, Аляксандра Рылач і Мікіта Гушчэня з Вялікіх Чучавіч.

Аўтамабіль імчаў у райцэнтр. На сэрцы пасля прыемных візітаў засталося адчуванне бясконцай цеплыні. Акцыя дазволіла зразумець, што зрабілі мы нешта важнае і патрэбнае – падарылі сваю дабрыню тым, каму гэта так неабходна!

Add Comment

Войти с помощью: