«Калі ў цябе вераць…»

Александрович

«Калі ў цябе вераць, не маеш права падводзіць…». У гэтым пераканана Ала АЛЕКСАНДРОВІЧ, якая летась стала пераможцай раённага і абласнога конкурсаў прадаўцоў, а ў снежні заняла другое месца на рэспубліканскім.

Будучы навучэнкай Пінскага агратэхнічнага каледжа, а потым студэнткай-завочніцай Маскоўскага ўніверсітэта харчовых прадуктаў, яна нават і падумаць не магла, што ёй давядзецца змяніць род дзейнасці. Набыўшы першы працоўны вопыт на Гродзенскім мясакамбінаце, па сямейных абставінах вымушана была вярнуцца ў родны Лунінец. Пошукі работы прывялі ў філіял “Аптова-рознічнае аб’яднанне” райспажыўтаварыства. Дырэктар Ніна Віцэнка прапанавала паспрабаваць асвоіць новую прафесію – прадавец нехарчовых тавараў. На той момант у магазіне “Непаседа” асноўны работнік знаходзілася ў водпуску па догляду за дзіцём. Дзяўчыне спадабалася ідэя, і яна з задавальненнем прыступіла да абавязкаў.

– Работа вельмі цікавая і шматгранная, бо прадавец – гэта і сябар, і памочнік, і праваднік у свет моды, а іншы раз – нават чараўнік, – так з любоўю аб прафесіі расказвае Ала Аляксандраўна. – Эмоцыі пакупніка вельмі залежаць ад таго, як яго сустрэнуць у магазіне. Разумець гэта мне дапамаглі калегі – Людміла Кухарчук і Валянціна Біліба. Менавіта яны са-дзейнічалі ў асваенні азоў і сакрэтаў гандлёвай справы, а таксама падтрымалі, калі маю кандыдатуру вылучылі на раённы конкурс «Лепшы па прафесіі».

Для Алы гэта быў першы конкурс. Яна вельмі хвалявалася, асабліва падчас “візітоўкі”. Упершыню давялося выйсці на сцэну і трымаць выпрабаванне перад строгім журы. Але яна справілася, заняла першае месца, і праўленне райспажыўтаварыства аказала ёй давер прадстаўляць Лунінеччыну на абласным конкурсе. А там, як сцвярджае сама, не мела права выступіць дрэнна, паколькі нашы ка-аператары на працягу многіх год дэманстравалі высокі ўзровень на конкурсах прафесійнага майстэрства. Ала са стараннем падышла да падрыхтоўкі ўсіх заданняў, пераадолела хваляванне і даказала, што лунінчане не збіраюцца губляць заваяваных пазіцый. У выніку – зноў перамога.

Рэспубліканскі конкурс праходзіў у Мазыры. Так здарылася, што за тры дні да адказнага мерапрыемства няўдалае падзенне прывяло да траўмы прад-плечча. Знайсці замену за такі кароткі час не змаглі, таму на Гомельшчыну Ала ехала ў гіпсе.

– Боль ні на хвіліну не давала забыць пра сябе, – прыгадвае прадавец. – А ты павінна ўсміхацца, трымаць роўную асанку, а яшчэ дэманстраваць свае прафесійныя здольнасці… Тут усё было строга рэгламентавана. Выцягнуў білет – тут жа трэба адказаць. Самым складаным, але і цікавым быў практычны конкурс у магазіне “Родны кут”, дзе рабілі выкладку тавара, а яшчэ стымулявалі членаў журы набыць той ці іншы тавар. Мне пашанцавала з сувенірнай прадукцыяй, якую вельмі прыемна рэкламаваць, асабліва напярэдадні Новага года.

Дзяўчына выдатна пераадолела ўсе выпрабаванні і стала другім прызёрам сярод прадаўцоў кааператыўнага гандлю ў рэспубліцы.

Ала вельмі ўдзячна за падтрымку падчас конкурсу таваразнаўцам Ірыне Багайчук, Іне Івашке-віч, Аляксандру Дударгу, а таксама намесніку старшыні праўлення райспажыўтаварыства па кадрах Вользе Швітковай. А дома за яе трымалі кулачкі сынок Багдан, якому 14 лютага споўніцца 4 годзікі, і матуля Валянціна Каховіч, яна таксама з’яўляецца работнікам кааперацыі.

Спыняцца на дасягутым Ала Александровіч не збіраецца. Нядаўна ёй даверылі “распараджацца” таварамі філіяла “Аптова-рознічнае аб’яднанне” і перавялі на пасаду кладаўшчыка. Да таго ж, дзяўчына думае пра набыццё дадатковай вышэйшай адукацыі – эканаміста ці бухгалтара. А яшчэ яна марыць пра жаночае шчасце: здароўе ўсіх родных, узаемаразуменне ў сям’і і радасць, якую адчуваеш, калі спяшаешся дадому, дзе цябе чакаюць…

Дадаць каментарый

Войти с помощью: