Наступны рубеж — 6-тысячны!

6 тысячники

Філіял «Лобчанскае» ААТ «Лунінецкі малочны завод» у канцы мінулага года адзіны сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна стаў 5-тысячнікам па надоях малака.

У гаспадарцы дзве малочнатаварныя фермы. Лобчанская №1 – гэта сучасны жывёлагадоўчы комплекс, дзе на беспрывязным утрыманні знаходзяцца 782 каровы. Даенне іх вядзецца ў даільных залах з камп’ютарным абсталяваннем.  Як расказала загадчыца комплексу Галіна Самандык, упершыню запаветнай лічбы – 5086 кілаграмаў малака ў разліку на ўмоўную галаву – яе калектыў дасягнуў летась. Сёлета свой вынік павялічылі яшчэ на 50 кілаграмаў. Лічба, на першы погляд, здаецца невялікай, аднак за ёю крыецца нястомная работа ўсяго калектыву гаспадаркі. Стараліся ўсе: корманарыхтоўшчыкі клапаціліся пра запасы корму, жывёлаводы своечасова даглядалі пагалоўе і прыбіралі за ім, спецыялісты сачылі за здароўем, асемянатары пакрывалі кароў і цялушак. У той жа час самая важная ў гэтым ланцужку роля ўсё ж адводзіц-ца аператарам машыннага даення. Іх на комплексе восем. Працавітыя, акуратныя і добрасумленныя, яны старанна выконваюць сваю справу, прытрымліваючыся строгай тэхналогіі. У выніку асноўная маса надоенага на працягу года малака (а гэта больш як 3958 тон) адпавядае класу экстра.

Напярэдадні новага года сваіх калег дагналі і аператары МТФ №2 у Дубаўцы (на здымку), якую ўзначальвае Валянціна Евенка. Тут умовы крыху іншыя: 218 кароў утрымліваюцца на прывязі, даенне вядзецца з выкарыстаннем малакаправода, аднак якасць малака таксама добрая. З надоеных больш як 1090 тон 96 працэнтаў залічана класам экстра і вышэйшым гатункам.

Падводзячы рысу пад поспехам, галоўны заатэхнік Мікалай Ляўданскі адзначыў, што на выніках работы фермаў найперш адбілася кармавая база. Дзякуючы стварэнню насычанай бабовымі культурамі сенажацей і пашы, удалося значна павялічыць летнія надоі і трымацца на годным узроўні пазней. Усяго на зімова-стойлавы перыяд назапашана кармоў 30,3 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву. Нельга недаацэньваць і спецыялістаў, якія вялі мэтанакіраваную работу па аднаўленню статка, сачылі за выкананнем тэхналогіі на розных узроўнях.

Высокі вынік лобчанскіх жывёлаводаў не застаўся без увагі кіраўніцтва раёна.

Павіншаваць калектывы прыехалі ў гаспадарку прадстаўнікі райкама прафсаюза работнікаў АПК і райсельгасхарчу. Кіраўнік філіяла Міхаіл Ільючык, спецыялісты і жывёлаводы іх сустракалі на малочнатаварным комплексе ў Лобчы, упрыгожаным з нагоды калядных святаў ёлачкай з вясёлымі рознакаляровымі агеньчыкамі, што надавала асаблівы святочны настрой. А замацавалі яго ў далейшым віншаванні з нагоды перамогі, падзякі за працу, пажаданні дасягнуць яшчэ большых поспехаў і, зразумела ж, каштоўныя падарункі, якія атрымалі для сваіх калектываў загадчыкі фермаў.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: