Служба дабрыні і міласэрнасці

семенченко

Магчыма, хтосьці з чытачоў паспрачаецца: “Маўляў, такой няма”. Але, на наш погляд, менавіта так можна назваць упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Сёлета споўніцца 15 год, як яе ўзначальвае Ірына Семянчэнка.

– Сімвалічна, што наша прафесійнае свята адзначаем напярэдадні Каляд. Пачуцці спагады і дабрыні, якіх жадаем адзін аднаму ў Нараджэнне Хрыстова, вельмі патрэбны ў нашай рабоце. Да кожнага наведвальніка неабходна знайсці індывідуальны падыход, дакладна аформіць зварот, прыўзняць настрой словамі разумення і чуласці.

За апошні час наша служба значна пашырыла свае функцыі. У калектыве – 29 чалавек, 28 з якіх маюць вышэйшую адукацыю. З лютага 2007-га да нас далучаны цэнтр занятасці. Па-ранейшаму займаемся назначэннем і выплатай пенсій, розных дапамог, вядзем работу з беспрацоўнымі. Упраўленню падпарадкаваны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які мае 7 аддзяленняў (дарэчы, па іх колькасці Лунінец лідзіруе на Брэстчыне) і філіял у Мікашэвічах.

Усяго за 2015 год з фонду сацыяльнай абароны насельніцтва дапамогу аказалі 1030 грамадзянам на суму 367 мільёнаў рублёў. Са сродкаў мясцовага бюджэту на выплату дзяржаўнай адраснай дапамогі зрасходавана 3 мільярды 647 мільёнаў рублёў. Яе атрымалі 1556 чалавек. Трэба заўважыць, што найчасцей гэта складалі кампенсацыі затрат на набыццё сродкаў асабістай гігіены. Але ні адзін зварот не пакідаем без увагі. Па магчымасці дапамагаем усім.

Цёплыя словы ў прафесійнае свята прымалі і 109 жыхароў Лунінеччыны, якія лічацца сацыяльнымі работнікамі ў ТЦСАН і ажыццяўляюць догляд за адзінокімі і адзінока пражываючымі людзьмі. Іх, а таксама ўсіх прадстаўнікоў нашай нялёгкай прафесіі шчыра віншую са святам! Зычу кожнаму моцнага здароўя, сямейнага шчасця, мірнага сонца, яснага неба, плёну ў рабоце і толькі радасных вестак.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: