Зоркі школьнага небасхілу

сш 2 олимпиадники 2

У Брэсце завяршыўся чарговы этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Удзел у ім прынялі 68 прадстаўнікоў Лунінеччыны, 22 з іх вярнуліся дамоў з заслужанай перамогай!

Самых значных дасягненняў – дыпломаў І ступені – удастоіліся вучні СШ №2 райцэнтра: Максім Мелехавец (11 “Б”),  Кірыл Гулін (10 “А”) і Андрэй Некрашэвіч (9 “В” клас). Падрыхтаваў юнакоў настаўнік інфарматыкі Іван Трэгубаў. А вось яго калега Наталля Дуньчык, якая выкладае матэматыку, можа ганарыцца вучаніцай 10 “А” класа Вікторыяй Чарнавокай. Яна не пакінула шанцаў на перамогу 32 сапернікам.

Мы сустрэліся з педагогамі і навучэнцамі ў школе. Нягледзячы на тое, што наша газета ўжо не аднойчы расказвала пра поспехі Андрэя, Кірыла і Максіма, юнакі засталіся такімі ж сціплымі і нешматслоўнымі. Зрэшты, як і Іван Альфрэдавіч, які з усмешкай прыняў віншаванні, працягнуўшы чарговы ўрок. За 23-гадовую настаўніцкую дзейнасць ён так і не прывык даваць інтэрв’ю, лічачы, што проста выконвае работу. Але хочацца пераканаць – поспех чакае толькі тых, хто па-сапраўднаму любіць сваю прафесію, каму ўдаецца знайсці ключык да дзіцячых сэрцаў, каб звычайныя школьныя прадметы палюбіліся раз і назаўсёды.

сш 2 олимпиадники

Даволі нечаканым стаў наш візіт для Наталлі Іванаўны, якую засталі як раз у класе з фізіка-матэматычным ухілам. Профіль адкрылі ў пачатку навучальнага года, і ён ужо цалкам апраўдаў сваё права на існаванне. Віка абсалютна не згодна з распаўсюджанай думкай, што дакладныя навукі падуладны больш хлопчыкам. Матэматыкай захапілася з 5 класа. Пастаянна ўдзельнічала ў алімпіядах раённага ўзроўню. Займала прызавыя месцы. Два гады таму дэманстравала веды ў вобласці, але тады да запаветнага поспеху крыху не хапіла балаў. Цяпер Вікторыю вызначае ўпэўненасць! Здаўшы работу, адчувала, што будзе прызёрам. Перамога ж стала сапраўдным сюрпрызам. Таму дзяўчыне двойчы прыемна і за сябе, і за настаўніцу!

Наперадзе юных лунінчан чакаюць новыя выпрабаванні на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Дарэчы, не здаюць такіх пазіцый у іншых навучальных установах раёна. Так, скарбонку дасягненняў папоўнілі вучні абедзвюх гімназій: Лунінецкай – 7 дыпломаў рознай вартасці, Мікашэвіцкай імя Уладзі-слава Нядзведскага – 5. Па аднаму – СШ №1, 3 і 4 райцэнтра, Краснай Волі, Дварца і Дзятлавіч. Акрамя таго, 6 пахвальных водгукаў нададуць прадстаўнікам сярэдніх школ №2 г. Лунінца і №1 г. Мікашэвічы, абедзвюх гімназій і Бастынскай СШ імкнення да новых перамог!

Add Comment

Войти с помощью: