“Камуналка” — па новых тарыфах

тарифы

У мэтах удасканалення парадку прадастаўлення асобных жыллёва-камунальных паслуг і забеспячэння зніжэння затрат на іх аказанне, удасканаленне парадку фінансавання арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі і павышэння іх дзейнасці, Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 31 снежня 2015 быў падпісаны Указ № 535 «Аб прадастаўленні жыллёва-камунальных паслуг».  Пра асаблівасці гэтага нарматыўнага дакумента вядзем размову з намеснікам дырэктара КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” Аляксандрам ЧАРНАВОКІМ:

– Указ уносіць яснасць у раскрыццё самай «непразрыстай» паслугі – тэхнічнае абслугоўванне жылога дома, расклаўшы яе на тры самастойныя. Па-першае, гэта абслугоўванне канструктыўных элементаў і інжынерных сістэм будынка. Фіксаваны тарыф з 01.01.2016 г. складае 994,9 рубля за квадратны метр агульнай плошчы жылога памяшкання ў месяц. Другім пунктам стаіць санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў жылога дома – уборка пад’ездаў, лесвічных клетак, ліфтаў, падвалаў.

– З якой перыядычнасцю павінны праводзіцца тыя ці іншыя работы?

– Мыццё вокнаў – 1 раз у год (вясной); сухая ўборка месцаў агульнага карыстання ад смецця – 2 разы на тыдзень; мыццё лесвічнай клеткі без абсталявання – 2 разы ў месяц; выдаленне пылу са столяў, вільготнае праціранне сцен, дзвярэй, пла-фонаў, ацяпляльных прыбораў – 1 раз у год; уборка падвала, гарышча, усіх тэхнічных памяшканняў і спецыяльнага прызначэння – 2 разы ў год. Расходы на санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў у шматкватэрных жылых дамах пакрываюцца спажыўцамі штомесяц суразмерна агульнай плошчы, у тым ліку і нежылых памяшканняў.

– А калі жыхары адмаўляюцца ад гэтых паслуг і згодны самастойна прыбіраць месцы агульнага карыстання?

– Тады плата за гэтую паслугу не будзе ўносіцца ў рахунак-паведамленне. Але для гэтага грамадзяне павінны: па-першае, правесці агульны сход, на якім аднагалосна прыняць рашэнне аб самастойнай уборцы. Ключавое слова – аднагалосна. Па-другое, у свабоднай форме скласці пратакол, у якім адлюстраваць адмову ўсіх карыстальнікаў (100%) ад прадастаўлення дадзенай паслугі ЖЭСам, і падаць у ЖЭС свой графік і перыядычнасць уборкі. І апошняе – аднесці пратакол у прадпрыемства ЖКГ. З гэтага моманту аплата за паслугу па ўборцы месцаў агульнага карыстання налічвацца не будзе.

– У пачатку размовы гутарка ішла аб трох складаючых тэхнічнага абслугоўвання. Дык, што ж з’яўляецца трэцім пунктам?

– Гэта асвятленне месцаў агульнага карыстання і работа абсталявання. Выдаткі на электраэнергію, спажытую на асвятленне дапаможных памяшканняў і работу абсталявання ў шматкватэрных жылых дамах, пакрываюцца спажыўцамі штомесяц, суразмерна агульнай плошчы, якая належыць ім або займаемых імі жылых і (або) нежылых памяшканняў. Таму ўласнікам і наймальнікам жылля самім давядзецца вырашаць, якая лямпачка гарыць у пад’ездзе – звычайная або энергазберагаючая, свеціць яна бесперапынна ці рэагуючы на датчыкі руху (шум-святло). Арыфметыка тут простая: больш спажылі – больш заплацілі. Прадстаўнікі ЖКГ штомесяц будуць здымаць паказанні з прыбораў уліку расходу электрычнай энергіі, з запісам у журнал. Уласнікі і наймальнікі жылых памяшканняў для зніжэння выдаткаў на асвятленне месцаў агульнага карыстання могуць звярнуцца ў ЖКГ для ўстаноўкі энергазберагаючых свяцільняў і акустычных датчыкаў. Выкананне дадзенай паслугі будзе рабіцца на платнай аснове.

– Ці закрануць змяненні тых, хто жыве ў дамах, абсталяваных ліфтамі?

– Згодна з названым вышэй указам, плата будзе брацца за тэхнічнае абслугоўванне ліфта і на пакрыццё расходаў на электраэнергію, спажытую агрэгатам. Паслуга за «тэхнічнае абслугоўванне ліфта» прадугледжвае плату, зыходзячы з займаемай плошчы (кватэры), прычым, толькі за яго спраўны тэхнічны стан, а вось плата за электраэнергію, выдаткаваную на яго рух, вылічвацца ў адпаведнасці з колькасцю зарэгістраваных грамадзян. Жыхары першых паверхаў ад платы за карыстанне ліфтам вызваляюцца.

– Можаце спыніцца на асноўных тарыфах камунальных паслуг, згодна з якімі будуць зроблены разлікі за студзень?

– Рашэннем аблвыканкама №16 ад 13 студзеня 2016 года ўстаноўлены фіксаваныя тарыфы (без уліку ПДВ) на жыллёва-камунальныя паслугі, якія прадастаўляюцца насельніцтву і субсідзіруюцца дзяржавай:
тэхнічнае абслугоўванне жылога дома (1 кв. м агульнай плошчы жылога памяшкання ў месяц) – 994,9 руб.;
капітальны рамонт (1 кв. м агульнай плошчы жылога памяшкання ў месяц) – 880 руб.;
халоднае водазабеспячэнне (1 кубічны метр) – 4765,9 руб.;
водаадвядзенне (каналізацыя) (1 кубічны метр) – 4148,8 руб.;
тэхнічнае абслугоўванне ліфта (1 кв. м агульнай плошчы жылога памяшкання ў месяц) – 617 руб.

Тарыф на цеплавую энергію, устаноўлены з 1 студзеня 2016 года, зацверджаны Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №32 ад 20.01. 2016 г., і складае 133417 рублёў (без уліку ПДВ) за 1 гігакалорыю.

Add Comment

Войти с помощью: